
Крыніца фотаздымка: YouTube
27 лістапада прадстаўніца «Універсітэта Залатога Веку» прыняла ўдзел у вэбінары “Сельскія і аддаленыя мясцовасці, прыязныя да сталых людзей”.
На вэбінары Вэрэна Менек (на фотаздымку), экспертка з Універсітэту Манітобы (Канада), дала адказ на два пытанні: што азначае прыязнасць да сталых людзей у кантэксце сельскіх і аддаленых супольнасцяў, а таксама якія фактары дапамагаюць або перашкаджаюць сельскім і аддаленым супольнасцям у станаўленні больш прыязнымі да сталых людзей.
Экспертка адзначыла агульны рост урбанізацыі ў свеце, у тым ліку і ў Канадзе (усяго 19% не-гарадоў у краіне на сённяшні дзень). Але яна таксама падкрэсліла, чаму тым не менш мы павінны клапаціцца пра вёскі і аддаленыя населеныя пункты:
- Многія сталыя людзі жывуць у сельскай мясцовасці ( 42% сталых людзей ва ўзросце 60+ па ўсім свеце)
- Сталыя людзі павінны мець магчымасць сталець дома ў сваёй супольнасці
- Сталыя людзі робяць унёсак ва ўстойлівасць сельскіх і аддаленых супольнасцяў
- Гарадам патрэбная сельская мясцовасць і наадварот
Спадарыня Менек распавяла, што ў 2007 годзе канадскі ўрад выпусціў дапаможнік для сельскіх і аддаленых супольнасцяў, якія хочуць стаць прыязнымі да сталых людзей.
У ім адзначаныя тыя самыя 8 асноўных рысаў, што і ў дапаможніку СААЗ для гарадоў, прыязных да сталых людзей.
На думку эксперткі, існуюць своесаблівыя выклікі менавіта для сельскіх і аддаленых супольнасцяў:
- Недастатковая інфраструктура
- Геаграфічная аддаленасць
- Абмежаваны доступ да паслугаў
- Недастатак спецыяльнай экспертызы і лідарскіх навыкаў
- Маленькія бюджэты
- Складанасці ў прыцягненні рэсурсаў
- Канфлікты (“палітыка малых гарадоў”)
- Адсутнасць палітычнай волі
У той жа час, існуюць і моцныя бакі і магчымасці для сельскіх і аддаленых супольнасцяў:
- Моцныя сацыяльныя сувязі
- Моцнае адчуванне прыналежнасці да месца
- Мясцовыя лідары больш даступныя
- Прасцей заахвоціць мясцовых жыхароў
- Самастойнасць (падыход “Зрабі сам”)
- Ужо існуючыя партнэрствы і супраца
- Магчымасці да эканамічнага развіцця
Больш пра змест вэбінара можна даведацца з прэзентацыі (па-ангельску):
Вэбінар быў зарганізаваны Міжнароднай федэрацыяй па сталенні (IFA) у рамках серыі сустрэч, прысвечаных Гарадам і супольнасцям, прыязным да сталых людзей. На папярэдніх вэбінарах прадстаўніца Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO) распавяла пра актуальны стан і планы на будучыню Глабальнай сеткі такіх гарадоў і супольнасцяў, затым японская экспертка патлумачыла асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей, брытанскія калегі распавялі пра гарады і супольнасці, прыязня да людзей, што жывуць з дэменцыяй (Dementia-friendly cities and communities), а амерыканскі эксперт – як палепшыць жыццё сталых людзей праз інавацыі. Сачыце за навінамі і запісвайцеся на вэбінар (па-ангельску) на сайце Міжнароднай федэрацыі па сталенні.