Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Вядомы беларускі літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч сустрэнецца са студэнтамі “Універсітэту Залатога Веку” 14 лютага.

Сустрэча ладзіцца ў межах курса “Гарадзеншчына Літаратурная” (кіраўніца – Ала Петрушкевіч).

Сустрэча распачнецца а 15 гадзіне ў аўдыторыі 86. Узяць удзел у ёй могуць не толькі студэнты УЗВ, але і ўсе ахвотныя.

Аляксей Пяткевіч з’яўляецца ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (2006), сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў (1971), а таксама Міжнароднага Купалаўскага Фонду (1997).

Узнагароджаны дзяржаўнымі медалямі. Аўтар вялікай колькасці літаратурна-крытычных і культуралагічных публікацый і кніг.

Аляксей Пяткевіч ужо не першы раз сустракаецца са студэнтамі УЗВ.

У лістападзе мінулага года ён браў удзел у вечарыне “О Беларусь мая, праз боль пякучы граць табе…”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння Наталлі Арсенневай.

Вось што кажа пра сустрэчу яе арганізатарка Ала Петрушкевіч:

– “Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч знакамітая асоба ў нашым горадзе Гродна. Гэта сапраўдная энцыклапедыя. Чаго толькі і пра што толькі ён не ведае!

Ён ведае культуру Беларусі, ён ведае гісторыю культуры, гісторыю кнігі. Я ўжо не кажу пра літаратуразнаўства. Ён самы знакаміты даследчык літаратурнага краязнаўства Гарадзеншчыны. Аўтар кніг, якія вартыя праўдзівых энцыклапедый.

“Людзі культуры Гродзеншчыны” – над такою кнігаю працуюць цэлыя групы вучоных – даследчыкаў. Ён зрабіў адзін. Сёння ён адзін ужо колькі гадоў робіць Гродзенскі краязнаўчы каляндар.

Апроч таго, Аляксей Міхайлавіч – майстар слова. Нядаўна ён пачаў працаваць у жанры мастацка – дакументальнай прозы.

Ён піша пра сваё: пра свой край, сваё мястэчка, сваю сям’ю. І гэта вельмі, вельмі цікавыя творы. Сёння ў год малой радзімы гэта асабліва актуальна. Таму сустрэцца з Аляксеем Міхайлавічам –  адно задавальненне”.

Яшчэ запісы