Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

На працягу некалькіх апошніх год ва УЗВ працуе курс “Наш радавод” пад кіраўніцтвам Любові Зорынай. Удзельнікі курса вывучаюць гісторыі сваіх сем’яў, запісваюць успаміны сваіх блізкіх. Мы вырашылі апублікаваць некаторыя з гэтых успамінаў у нашай рубрыцы “Жыццёвы дзённік”. Вера Кузовіна (на здымку) дзеліцца сваімі ўспамінамі з дзяцінства.

Я не збіралася пісаць успаміны, пра якія нам казала Любоў Зорына, таму што ў мяне было звычайнае шчаснае дзяцінства ў поўнай сям’і з братам і сястрой, шчаслівыя школьныя гады, я і думала, што гэта не можа быць цікава іншым. Бо да любога выкладу сваіх думак на паперы павінен быць штуршок, пабуджэнне. І гэткім штуршком да напісання маіх успамінаў з’явілася агульная лекцыя, на якой адбылася сустрэча з А. Фядутам. Ён распавёў выпадак са свайго жыцця, калі ён сядзеў у адзіночнай камеры і адчуваў сябе вельмі кепска, вырашыў узгадваць штосьці прыемнае, каб палягчэла. І гэтым успамінам для яго стаў смак бабуліных марынаваных грыбоў.

Калі ён пачаў больш падрабязна распавядаць пра гэта, у маёй памяці ўсплылі смакавыя ўспаміны дзяцінства, якія звязаныя з маёй бабуляй Алёнай. Гэта маці маёй маці.

Успаміны звязаныя з драчонай, менавіта так, а не дранікамі называлася гэтая страва ў вёсцы П’яны Рог Пачэпскага раёна Бранскай вобласці, дзе жылі мая бабуля Алёна Данілаўна і дзядуля Міша, Міхаіл Елісеевіч. Зараз вёска пераназваная і называецца сяло Першамайскае, а суседняя так і засталася са старой назвай Крывы Рог.

бабуля Алёна

Кожны прыезд у вёску быў для мяне святам, таму што здаралася гэта не часта. Жылі мы далёка ў Лідзе, і прамога шляху не было, а яшчэ дабірацца са станцыі да вёскі трэба было пешшу, таму што аўтобусы тады не хадзілі, асабістых машын не было; дакладна памятаю, што ў той час гэта было праблемай.

Дык вось. Усе ведалі, што я з дзяцінства вельмі люблю дранікі. Але хіба можна параўнаць іх, прыгатаваныя ў гарадской кватэры на газе ў выглядзе плоскіх аладак, з вялізным бліном на вялікай патэльні ў вясковай печы! Я да гэтага часу памятаю, як бабуля даставала вілкамі, якія называліся чапялі, з печы гэты залацісты хрумсткі цуд! Ведаючы час нашага прыезду, бабуля загадзя рыхтавала ўсё для драчоны. А калі мы ішлі па прасёлкавай дарозе са станцыі, я бегла наперадзе ўсіх, першай забягала ў хату і з парога крычала: «Бабуля, рабі драчону!» Гэта азначала, што загадзя прыгатаваную патэльню трэба было адразу ставіць у печ. І так было заўсёды.

Бабуля заўсёды хадзіла ў светлай хустцы на галаве, завязанай на падбародку, і ў саяне – так называлі ў вёсцы асаблівую сукенку, якая насілася з фартухом. Саян — гэта сукенка асаблівага фасону: без каўнера, з круглым выразам пад шыю, з зашпількай на гузіках да пояса, з доўгім рукавом і доўгай спадніцай у дробную зборку. Саян быў на кожны дзень і асаблівы, для святаў, і ўсё гэта захоўвалася ў вялікім драўляным куфэрку з адкідной вечкай, на якім яшчэ і сядзелі, і спалі. Шафы для адзення не выкарыстоўваліся, таму што іх проста не было.

Я не памятаю, каб бабуля калі-небудзь падвысіла голас. Яна заўсёды была спакойная, ураўнаважаная, добразычлівая і ніколі нікога не асуджала. Толькі цяпер я разумею, якой мудрай яна была, але ў той час я проста не магла гэтага разумець.

Дзядуля Міша віртуозна граў на скрыпцы, прытым што ён быў самавук. Адкуль у яго ў той час была скрыпка, я не задумвалася, але скрыпка з дзедам была заўсёды. Ён і ў госці ў вёсцы хадзіў з ёй. І да мяне на вяселле ў Ліду дзядуля таксама прыязджаў са скрыпкай, і гуляў з такім азартам, што госці дзівіліся.

Яшчэ засталося дзіцячае ўражанне пра бабулю з дзядулем як пра людзей вельмі інтэлігентных. А яшчэ я захоўваю бабуліны ільняныя ручнікі, вытканыя і вышытыя яе рукамі, якія перайшлі да мяне ад маёй маці.

Вера Кузовіна, люты 2017.

Яшчэ запісы