Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

1 кастрычніка адбылося адкрыццё выставы УЗВ. Імпрэза была прысвечана Міжнароднаму дню сталых людзей, які адзначаецца  ў гэты дзень па ўсім свеце з 1991 года.

Пра ідэю выставы кажа Лана Руднік, дырэктарка праграмы УЗВ:

Гэтай выставай мы хочам сказаць – мы памятаем пра важныя рэчы, якія варта захоўваць і трансляваць іншым пакаленням, што сярод нас – вялікая колькасць цікавых, здольных сталых людзей, якія хочуць развівацца, падарожнічаць, быць карыснымі іншым.

На выставе  прадстаўлены два фотапраекты, якія былі зроблены некалькі гадоў таму.

Першы праект “Рэтра-Сукенка” з’явіўся ў 2014 годзе. Маладыя дзяўчаты фатаграфаваліся ў сукенках, якія прынеслі слухачкі УЗВ. Сукенкі былі розных гадоў, самая старая – 30-ых, дзве сукенкі выпадкова знайшлі на гарышчы хаты, невядома, колькі гадоў яны там праляжалі. Ідэя гэтага праекту – паказаць, як жыццё працягваецца ў рэчах.

Фатограф праекту – Уладзіслаў Мігдалёнак.

«Анатомія цела» — другі фотапраект, прадстаўлены на выставе. Гэты праект быў зроблены ў 2015 годзе дзякуючы фатографу Яўгену Атэцкаму і  куратарцы  Ганне Лакціёнавай. У выніку праекту аўтары сабралі «вобраз» сталай гараджанкі, аб’яднаны некалькімі крытэрамі: 60+, імкненне да атрымання новых ведаў і інфармацыі, удзел ў абмене навыкамі, імкненне да актыўнага жыцця, практыка сястрынскай падтрымкі новых знаёмых.

Гераіні фатаздымкаў прысутнічалі на выставе і дзяліліся сваімі ўражаннямі ад ўдзелу ў праектах.

Адкрыццё выставы прайшло ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Гэта была першая імпрэза, на якой сустрэліся выкладчыкі і слухачы УЗВ  пасля летніх канікул. А ужо з 9 кастрычніка пачнуцца заняткі ў дзявятым навучальным годзе.

Наведаць выставу можна да 10 кастрычніка з 10 да 17 гадзінаў у “Цэнтры гарадскога жыцця” па адрасе вул. Савецкая, 3.

Прапануем вашай ўвазе рэпартаж з адкрыцця ад Belsat TV:

Шчыра дзякуем “Цэнтру гарадскога жыцця” за магчымасць правесці выставу ва ўтульным залі.

Фотаздымкі Акселя Груссона.

Яшчэ запісы