“Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Сталыя студэнты адзначылі пачатак навучальнага года

“Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Сталыя студэнты адзначылі пачатак навучальнага года

Урачыстае адкрыццё навучальнага года адзначыў гродзенскі Універсітэт залатога веку. Традыцыйна заспявалі «Гаўдэамус», атрымалі віншаванні ад калегаў з-за мяжы, пазнаёміліся з новымі выкладчыкамі і праграмамі. “Сёлета ў нас будзе навучацца больш за 150 студэнтаў, — распавяла Лана Руднік, кіраўнічка праграмы. – Будуць дзейнічаць 50 клубаў і курсаў, 15 з іх з’явліся ўпершыню”. На пачатку працы УЗВ у 2007 годзе курсаў было 6, а студэнтаў – 40.

Варта толькі зірнуць на тых, што сабраліся ў залі. Адразу зразумела, што пачатак навучання для іх – сапраўднае свята. Святочныя строі, упрыгожванні, прычоскі расказваюць, як старанна рыхтаваліся студэнткі да сустрэчы пасля летніх вакацый.

“Унучка аж здзівілася сёння. “Бабулечка, ты фарбуешся? А што за свята?” Кажу – вучыцца пайду. Ці ж гэта не свята?” – распавядае сяброўкам ранішнюю цікавостку Ларыса Ганчар. Здзіўленне ўнучкі зразумелае. Бывае, што дзеці ўспрымаюць навучанне як працу ці “абязалаўку”, а для сталых гэта і праўда свята на кожны дзень ды магчымасць палепшыць жыццё. Некаторых змены так зацягваюць, што са студэнтаў яны робяцца нават выкладчыкамі УЗВ.

На новы навучальны год запланавана шмат мерапрыемстваў. Сярод навінак сезону – прапанова ўзяць удзел у «Сеньярыядзе» ў Луцку, чаканы візіт гасцей са Злучаных Штатаў і планы правядзення Форуму ўніверсітэтаў трэцяга веку з Беларусі і іншых краінаў.

“Мы хочам стварыць такую пляцоўку, дзе падобныя праграмы змогуць сустракацца, абменьвацца досведам, разам адстойваць інтарэсы сталых людзей”, – распавёў Вітаўт Руднік.

Віншаванні калегам даслалі з Універсітэтаў трэцяга веку з Італіі, Балгарыі, Латвіі. Далучіліся да іх і госці, што прыехалі з Мінска і Кобрына, а таксама прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў горада.

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.