Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Успаміны Дзмітрыя Пятровіча Лашука, сабраныя і запісаныя Таццянай Таранка і Яўгенам Юнцэвічам.

– Мае ўспаміны пачынаюцца са станцыі Ostbahnhof,  Гэта Усходні вакзал у Франкфурце-на-Майне. Як я туды трапіў?! Мне было 13-14 год. Гналі нас з Мядзеля ў Лынтупы на станцыю. Ехалі праз Гродна, Беласток, Граева.

Гэта была нямецка-польская мяжа. Там мы праходзілі дэзінфекцыю, мыліся ў лазні. Пасля загрузілі назад у вагоны. Я трапіў на манеўровыя працы. Загналі нас у прыгарад Оберат недалёка ад Офенбаха.

Нас вызначылі да Гумелю. У яго было больш за трыццаць чалавек. І адтуль мы дабіраліся на працу на станцыю Остбанхоф.

На станцыі Остбанхоф фарміраваліся цягнікі, які накіроўваліся на фронт. У тым ліку і паштовыя вагоны. І я практычна сарваў гэты цягнік. Адзін дарослы чалавек намякнуў мне, што калі разрэзаць гумовы рэмень на дынама машыне пад вагонам, то склад будзе сапсаваны і для рамонту спатрэбіцца шмат часу.

Я гэта і зрабіў якраз тады, калі машыніст ехаў забіраць вагоны. І як паляцелі гэтыя вагоны! Мяне адразу затрымалі і накіравалі ў суд гестапа. У судзе быў перакладчык, чэх па нацыянальнасці, размаўляў па-руску. Далі па мордзе, раз, другі. Самі разумееце, якія размовы ў гестапа. Мяне накіравалі ў канцлагер для смяротнікаў Рэдергаем, таксама пад Франкфуртам.

Спачатку я сядзеў у турме гестапа ў камеры з “апалонікамі”, гэта значыць з малалеткамі. Усе смярдзючыя, худыя страшна былі. Пасля мяне перавялі ў адзіночную камеру. У камеры была адна табурэтка, а лаўка, дзе можна было б паляжаць, апускалася толькі ў пэўныя часы. Так я пражыў дзён 10. Потым мяне перавялі ў агульную камеру. Было вельмі халодна. Мы ўсю ноч грэлі адзін аднаго сваімі целамі. Распранутыя ўсе былі, голыя. За туалетам ляжала чалавек 17 расстраляных, і нам казалі, што з намі гэтак жа будзе. Кожны ведаў, што з намі гэтак жа будзе. Толькі пад раніцу прывезлі канцлагерную вопратку з нумарам. Мне здаецца, мой нумар быў 66. Дакладна не памятаю.

У лагеры ў розных бараках жылі палонныя немцы, італьянцы, у іншым бараку з правага боку былі збітыя амерыканскія лётчыкі. Гэтак жа былі галандцы і палякі. Умовы былі ва ўсіх аднолькавыя. Але амерыканскія лётчыкі жылі асобна, будзь здароў як. Да іх ніхто не заходзіў. Яны сілкаваліся асобна.

Пасярэдзіне лагера шыбеніца і калонка была. Раніцай і ўвечары было пастраенне. У нас была міска і лыжка. Праўда, асабліва гэтай лыжкай ёсць было няма чаго. Памятаю, былі жандармы  ў зялёнай форме,  аднаго клічуць Піптышь, а другі такі чырванаваты, не памятаю як яго звалі, але ён не так па-зверску ставіўся. Вадой абліюць, потым стой.

Пастроілі нас каля шыбеніцы аднойчы. Кожны раз, калі каго-небудзь расстрэльваюць або вешаюць, абліваюць вадой. Існавала такое правіла  – што калі чалавека вешаюць і рвецца вяроўка, то яго расстрэльваюць. Гэта была не праўда. На маіх вачах чалавека вешалі і ў яго вяроўка абрывалася два разы. І толькі на трэці раз атрымалася. Не дай бог такое перажыць!

– Раскажыце як вас вызвалялі.

– Нас вызвалялі амерыканцы. Быў бой з танкамі і самалётамі.

– І куды вас потым адправілі?

– Ды куды хочаш! Дзе стаіш –  там паспаў. Бадзяліся па горадзе. Елі мы, што патрапіла. Ды салдаты падыходзілі ежу прасілі.

Як я трапіў дадому? Вайна скончылася 9 траўня. А на Пятроў дзень,  21 чысла чэрвеня месяца ўжо быў дома! Давезлі нас да Эльбы. Эльбу мы перайшлі. Там нас сустрэлі нашы. Прывезлі ў Брэст. У Брэсце было сіта.

Кагосьці адпраўлялі ў Сібір на катаргу. Сталін жа казаў што палонных ў нас  няма. Кармілі нас там нядрэнна. Сам я з Мядзеля. Ад дома застаўся камень да вада. Усё разбурана было. Я быў вымушаны боўтацца.

Прыехаў у Рыбніцу. Шукаў працу, пабіраўся. У мяне ў Германіі быў сябар Зянон, але ён застаўся ў Германіі, а потым трапіў ці то ў Аўстрыю, ці то ў Аўстралію. Ён мне дасылаў ліст. Заставалася шмат там людзей, баяліся вяртацца. Я задаволены, што вярнуўся. Як бы мне цяжка не было – я дома. Чым боўтацца дзе-небудзь па свеце я лепш буду дома.

– А хто застаўся ў жывых з вашай сям’і?

– Ды якая сям’я была? Я адкалоўся ад усіх. Сам па сабе жыў. Людзі ратаваліся ад голаду. Ездзілі хто куды,  дзе была праца.

Бацька мой працаваў на чыгуначнай станцыі ў Парэччы. Там ён і пахаваны. І я прыехаў сюды, грузчыкам працаваў у “Леспрамгас” у Рыбніцы, у Парэччы за капейкі працаваў, як гаворыцца, за картку. А потым вымушаны быў у Гродна ехаць.

Тут было найлепш, як ніяк прыватная ўласнасць была больш-менш. Лягчэй пражыць было. Сюды ехалі ўсе, ратаваліся ад голаду. І ў Літву таксама ехалі, у Друскенікі, на той бок Нёмана. Там наогул больш за ўсё было.

Некалькі разоў туды хадзіў паром. Заедзеш, там хто бульбы дасць, хлеба. І я чыгуначнікам з тых часоў стаў і ўсё жыццё прапрацаваў тут!


Яшчэ запісы