Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Эла Пілецкая, удзельніца курса “Наш радавод” у 2016-2017 гг. (на здымку), дзеліцца ўспамінамі пра сваіх бацькоў.

Хачу распавесці пра сваіх бацькоў. Мы іх вельмі любілі і паважалі, і былі ўдзячныя ім за ўсё. Яны пражылі разам 64 гады і выхавалі трох дзяцей. Старэйшы сын, мой брат, скончыў Бакінскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча, служыў у розных кропках Поўначы, а скончыў службу ў Мурманску — капітанам ІІ рангу. Малодшы сын скончыў Ваенна-медыцынскую і Ленінградскую камандную акадэміі, то бок дзве. Служыў на Далёкім Усходзе ў Бірабіджане, Хабараўску і ў Баку. Два гады ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Афганістане дарадцай. Скончыў службу ў Гродна начмедам дывізіі. На жаль, іх абодвух ужо няма.

Мая бабуля Анэля жыла ў сям’і, якая складалася з Юзэфы, Казіміра, Мальвіны (з’ехала ў Латвію), Кастуся (з’ехаў у Пецярбург), Івана (з’ехаў у Маскву), Генэрыка (з’ехаў у Францыю). Матуля нарадзілася ў гэтай вялікай беднай сям’і ў 1913 годзе. Мая бабуля нарадзіла дачку, не паспеўшы выйсці замуж. Выбраннік загінуў. Маці расла ў голадзе і холадзе, ужо дзіцем цяжка працавала. Трэба было самой пра сябе клапаціцца, і ў 15 гадоў з сяброўкай паехала ў Польшчу. Яны выбралі Варшаву. Маці служыла ў доктара, а калі ён з’ехаў у Амерыку, рэкамендаваў маці свайму сябру пракурору. У абедзвюх сем’ях яна жыла як член сям’і, яе вельмі любілі. Яна 10 гадоў так працавала. А вярнулася таму, што вельмі хвалявалася за маці, яна была працоўнай сілай у гэтай вялікай сям’і. Маці тады было 25 гадоў. Яна была прыгожа і модна апранутая. Я яшчэ памятаю яе прыгожыя сукенкі з натуральнага шоўку і воўны (можа, тады не было сінтэтыкі), асабліва фіялетавую блузку без адзінага шва, усё завязвалася на бантах (мне перешывалі з гэтых нарадаў сукенкі). А якія ў яе былі туфлі і боцікі, рознага колеру, на высокіх абцасах! Маці добра размаўляла на польскай мове, нават атрымліваючы пенсію (у савецкі час), распісвалася па-польску.

Эла Пілецкая з братам

Памятаю такі выпадак, хоць я была зусім маленькая. Мы жылі на хутары, а немцы стаялі ў вёсцы. Не ведаю, навошта і дзеля чаго маме спатрэбілася ісці ў вёску са мной і старэйшым братам. Ён быў худзенькі, меў смуглы твар, вялікія чорныя вочы. І калі немец убачыў нас, схапіў вінтоўку і пачаў крычаць «Юдэ!». Вось тут і выратавала нас польская мова, калі мама загаварыла з ім.

Калі тата пайшоў на фронт, маці засталася адна з двума малымі дзецьмі, і з ёй дзве бабулі, татава маці і мамчына, абедзвюх звалі Анэлькі. А мы называлі папіну «Сіўка», а другую «бабка». У гэты час маці прыйшлося вельмі цяжка, было холадна і голадна. А яшчэ яна прымудралася дапамагаць габрэям хлебам і ўсім, чым магла, тым, якія ўцякалі — недалёка было гета (цяпер там прыгожы помнік). Мы бачылі дым і адчувалі цяжкі пах. Двух габрэяў маці схавала ў хляве.

Маці працавала ў калгасе на розных працах, было вельмі цяжка, абедзеннага перапынку не было, я насіла малодшага брата ў поле пакарміць грудзьмі. У вёсцы маці вельмі любілі, прыходзілі за саветам, яна ўсім дапамагала. Яна вельмі смачна гатавала, вучыла іншых гатаваць на вяселле сваякоў. Двойчы яе выбіралі старшынёй жаночага савету, а яе намеснікам была завуч школы. У 2015 годзе я была на радзіме, яе (завуча) ўжо не было, яе муж падарыў кніжачку вершаў. Апошнія 22 гады маці жыла са мной. Імкнулася падказаць, дапамагчы. Была вельмі разумная і знаходлівая, калі аб нечым не хацела распавядаць, казала «не памятаю». Калі ў яе пыталіся, колькі ёй гадоў, яна адказвала: «Не памятаю, пытайцеся ў майго зяця, ён усё ведае, ён палкоўнік» (яна яго вельмі любіла). Маці пражыла 99 гадоў і 5 месяцаў. 24 сакавіка 2017 года споўнілася 5 гадоў, як яе няма.

Марцін, дзядуля, бабуля, Эдзька, Юра, Анэлька

Тата мой нарадзіўся ў 1913 годзе ў Пецярбурзе. Бабулю і дзядулю я не ведала. Гэтыя фатаграфіі віселі на сценцы ў нашай хаце, калі маці да нас пераехала, мы павесілі іх на дачы. І толькі пару тыдняў таму я знайшла на адваротным баку прыгожы каліграфічны почырк майго дзядулі, як шкада, што не бачылі яго ўнукі, то бок мае браты. Бацькі таты памерлі ад голаду ў Пецярбурзе [тады Ленінградзе]. Тата не хацеў, а можа і не мог узгадваць, і мы нічога не ведалі. Тата вярнуўся ў Беларусь і жыў з адзінокай бабуляй Анэляй (я так і не ведаю, кім яна даводзілася таце, мы яе звалі бабка «Сіўка». Жылі ў маленькай хатцы з земляной падлогай, жылі вельмі бедна.

Тата браўся за ўсё, што прапаноўвалі. І калі вярнулася ў суседнюю вёску прыгажуня з Варшавы, яны пакахалі адзін аднаго і ажаніліся ў 1938 годзе. І пачалі будаваць свой дом. Гэта была вялікая радасць, таму што ў іх не было сваіх дамоў. Зямлю яны купілі. Тата вельмі цяжка працаваў — вырабляў скуры. Дапамагчы матэрыяльна не было каму.

Ваяваў тата ў Архангельску і Мурманску, казаў, што было вельмі холадна, стаялі вялікія маразы і выпала шмат снегу, а абмундзіраванне было не для поўначы. Вярнуўся тата з фронту пазней за ўсіх вяскоўцаў. Якая была радасць! Тата прывёз нам гасцінец — дзве банкі амерыканскай тушонкі ў кацялку, з якога еў (ён у нас захаваўся). Тушонка была вельмі смачная, ружовага колеру, нам давалі па маленькаму кавалачку. Я вельмі доўга памятала гэты смак і пах. Бабуля яго вельмі чакала і не дачакалася, памерла.

Памятаю, як арганізавалі першы калгас імя 8 Сакавіка. Тату абралі старшынёй, а калі ўзбуйнялі калгасы, спачатку тата быў брыгадзірам, потым загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. Мне здаецца, што членам праўлення калгаса ён быў пастаянна. Яго некалькі разоў адпраўлялі ў Маскву на выставу ВДНГ, абіралі дэпутатам сельскага савета, раённага і рэспубліканскага. У таты было шмат узнагарод, татавы ўзнагароды ўсе засталіся ў майго старэйшага брата. Татачка быў вельмі працавіты, на працы і дома строгі і дысцыплінаваны.

Яшчэ запісы