Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

«Авантурыст гэта такое слова, якое часта асацыюецца з прахвостам і прахіндзеем, а ўвогуле гэтае слова абазначае прыгоду, – пачынае свой аповед спадарыня Вольга Жукоўская. – Мне 78 гадоў. Пасля вайны было вельмі цяжка. Усе былі беднымі. Я ж нарадзілася ў 40-м годзе ў Менску. Тэлевізараў ніякіх не было, інтэрнэтаў ніякіх не было. Калі мае бацькі купілі першы тэлевізар такі маленькі, то да нас увесь двор сабраўся, віселі на жырандолях, каб толькі паглядзець. У Менску трактарны завод, велазавод, аўтазавод – па гудках клікалі на працу. Гудок гудзіць і людзі спяшаюцца на працу, таму што, калі спознішся, цябе судзілі. Але маё дзяцінства праходзіла ў спагадзе і любові. І мама мая, такая разумнічка, умудралася адпраўляць мяне на канікулы да дзядзі ў Маскву».

Дзядзя спадарыні Вольгі працаваў тады ў канструктарскім бюро легендарнага савецкага авіяканструктара Андрэя Тупалева. Менавіта пад яго кіраўніцтвам было спраектавана звыш сотні тыпаў самалётаў, на якіх было ўстаноўлена 78 сусветных рэкордаў.

Фота дзядзі сп. Вольгі з Хрушчовым і Тупалевым

«Вось ён вазіў у Амерыку групу, гэты самалёт. Вось Хрушчоў, Фурцэва, Радзіон Маліноўскі. Вось гэта Тупалеў, Вось гэта Ніна, жонка Хрушчова, а Вось мой дзядзя» – паказвае гістарычны здымак жанчына. Менавіта дзядзя прывіў спадарыні Вользе цікаўнасць да свету, вадзіў яе па ўсіх маскоўскіх тэатрах, операх і музеях. Ёй давялося бачыць легендарных савецкіх артыстаў балета – Галіну Уланаву, Маю Плесецкую і Марыса Ліепу.

Пасля школы спадарыня Вольга паступіла ў Палітэхнічны інстытут, дзе вучылася на архітэктара. У часе студэнцтва разам з сяброўкамі, з заплечнікамі на спінах па 20 кг, дзяўчаты вандравалі па Каўказе. Наведвалі Архіпа-Восіпаўку, Сухумі, пасля рэйсавым цеплаходам плылі ў Адэсу, а калі скончыліся грошы з боханам хлеба вярталіся цягніком у Менск.

Пасля інстытуту па размеркаванні трапіла ў Горадню, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Аднак смага да вандровак у авантурнай душы Вольгі не згасала. Па камсамольскіх пуцёўках яна наведала Вугоршчыну і тагачасную Югаславію. Любоў да падарожжаў спадарыня Вольга прывівала таксама сваім дзецям, сына вазіла ў Зорны гарадок да стрыечнай сястры, якая працавала разам з Пятром Клімуком, вядомым савецкім касманаўтам родам з Беларусі, і выводзіла спадарожнікі на арбіту.

Жыццё пасля 50-ці? Толькі пачынаецца!

Час ішоў. Дзеці выраслі, паступілі ў інстытуты, аднак сям’я ўсё роўна старалася некуды выязджаць. Калі спадарыні Вользе блізілася 50 гадоў, яна на сабе адчула, што насуперак стэрэатыпам жыццё толькі пачынаецца. У 88-м годзе ёй удалося паехаць у Канаду, каб сустрэць яшчэ аднаго свайго дзядзю, кантакт з якім сям’я страціла пасля вайны. Ва ўзросце 14-ці гадоў яго вывезлі на працу ў Нямеччыну, а падчас вызвалення адзін з салдатаў-вызваліцеляў, назваўшы яго «прадажнай сволаччу», даў яскрава зразумець, што вярнуцца на радзіму для хлопца без наступстваў не атрымаецца. Цераз Францыю яму ўдалося эміграваць у Канаду. Аднак у савецкія часы кантакт з сям’ёй падтрымліваць было немагчыма.

«Усе баяліся. Дзед баяўся. Мама баялася. Ніякіх адносінаў не паатрымоўвалі. Хто працаваў на прадпрыемствах, тых выганялі. Мая цёця праз Чырвоны Крыж знайшла яго. І, кажа: ты ведаеш ангельскую мову – паедзеш. Яна мне дастала квіток і я паехала. Адна. Пабачыла сваіх братоў і сясцёр. Была ў Ванкуверы, іншых гарадах. Тут я вярнулася. У мяне паявіліся грошы. І атрымалася так, што я ўжо была на пенсіі. Я выпрацавала стаж. І нейкім цудам вырашылася паехаць у Кітай», – узгадвае спадарыня Вольга.

Гэта быў пачатак 90-х, час, калі ўсе, хто мог, спрабавалі сябе ў камерцыі. Разам з турамі тзв. «чаўночнікаў», спадарыня Вольга пачала лётаць у Кітай за шматтысячнымі партыямі джынсаў.

«Падаткаў тады не было. Першапачаткова закупаліся ва Урумчы. А там такі страх. Гэта на мяжы з Казахстанам. Вельмі небяспечна было, кралі вельмі моцна. Потым паляцела ў Пекін. І тут сусед едзе ў Маньчжурыю. Мяне ажно падмывае. Пеця, вазьмі мяне разам! Едуць – маёр МНС, падпалкоўнік МНС. Шасцёра мужыкоў і я адна. У кажуху, зіма. Прыехалі туды. Гэтыя маёры панабіралі гадзіннікаў, фотаапаратаў і адлучыліся на паўгадзіны. За пяць хвілін усё пакралі. Дзіч».

У 94-м годзе сяброўства Кітая з Казахстанам скончылася. Урады краін не падзялілі тысячны кавалак мяжы і «бізнесоўцам» давялося даязджаць да Урумчы аўтобусам, які амаль не з’ехаў у цясніну.

«Нам трэба было пераязджаць цераз перавал. Зіма. Слізкая дарога. Мы едзем і раптам там застопарыўся рух. Аказваецца, у цясніну ўпаў аўтобус. І мы сталі, як усе. І раптам нашаму кіраўніку захацелася выйсці на вуліцу. І ён бачыць, што азадак нашага аўтобуса, паціху з’язджае з гары. Мы ўсе павыскоквалі. Нашыя хлопцы рукамі гэты аўтобус на месца ставілі. Валодзя, майстар спорту, запратэставаў: нікуды я не паеду больш. Пайшоў пешкі, накінуўшы коўдру ў адных красоўках», – узгадвае жанчына.

Пасля 10 гадоў Кітая, пачалася Турцыя. Працуючы са сталымі кліентамі, нараджалася сяброўства. Турэцкая гасціннасць дазволіла жанчыне пабачыць усе моры, якія абмываюць краіну. Падчас адпачынку каля 10 гадоў назад спадарыня Вольга разам з сяброўкай перажыла адзін з мацнейшых землятрусаў Турцыі.

«Ляжым мы ў тым гатэлі і тут гэтая рама ад карціны стала хадзіць. Скрыжэча. Мы ўсё павыключалі. Бягом выйшлі на дарогу. Кажу: калі будуць развальвацца дамы, лягаем галовамі адна да адной пад пандус. Ззаду паліцыя едзе. Гудзяць. Цёмна. Вырубілі святло. Хуткая дапамога. А гэта аказваецца землятрус, 70 км ад таго месца, дзе мы былі. За Басфорам, у бок Чорнага мора. А пазваніць нельга. Мы ўзялі рэчы. А перад гэтым, калі туды ехалі, купілі на ўсялякі выпадак бутэлечку «Смірнова». Кажу Ірка: забяры “Смірнова”! Узялі свае клункі. Нейкім цудам вярнуліся ў Стамбул. У майго турка амаль дзіця не загінула. Паўсюды хаос. У людзей страх. Столькі загінула. Пайшлі на плошчу, там людзі ляжаць з дзецьмі. Землятрус каля 7-мі балаў. Усё развалена. У майго Айнура згарэла фабрыка.

Як нам з’ехаць адтуль? Хоць у Харкаў, хоць куды. Але ўдалося адразу прыляцець у Менск. Мы селі з Іркай на вакзале, разлажыліся. Нас жа ніхто не чакаў. І кажу ёй: давай! За тое, што засталіся жывыя. І ў гэты час падыходзіць два міліцыянера і кажуць «Здасьце! Здраўя жадаю». Кажу: хлопчыкі, калі б Вы ведалі, што мы перажылі. А яны нам : Смачна есці! І сышлі».

У 2011-м у жыцці спадарыні Вольгі пачалася чорная паласа. Адышоў у лепшы свет муж. Праз два з паловай гады яна страціла сына, які загінуў у аварыі. Аднак сіле духа нашай гераіні, могуць пазайздросціць многія. Спадарыня Вольга пачала наведваць кампутарныя курсы пры Універсітэце залатога веку ў Горадні. Пасля пачала шліфаваць сваю і без таго неблагую ангельскую. Цяпер узялася за онлайн-курсы іспанскай мовы, базу якой плануе вывучыць да красавіка, а пасля наведаць цёплую Іспанію.

«Знайшла ў інтэрнэце бразільскага палітолага, які хвастаўся, што за год вывучыў 5 моваў. Чым я горш? Я ж не магу спыніцца! Так што я – станоўчая авантурыстка!», – дадае спадарыня Вольга.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Яшчэ запісы