Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Драматычныя, кранальныя, часам смешныя эпізоды з жыцця аднаго з наймагутнейшых родаў, якія жылі на нашай зямлі, былі адкрыццём для многіх удзельнікаў сустрэчы, якая адбылася 23 сакавіка.

Вядомы беларускі журналіст і краязнаўца, арганізатар курсаў “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка не першы раз сустракаецца з нашымі студэнтамі і не першы раз распавядае гісторыю Радзівілаў.

Тым не менш, многія з тых, хто ужо сустракаўся з Глебам, зноў прыйшлі на агульную лекцыю УЗВ.

Многія студэнты УЗВ упершыню даведаліся так шмат цікавых фактаў пра Радзівілаў і гісторыю нашага краю

На працягу амаль двух гадзін госць са сталіцы паказваў унікальныя здымкі, распавядаў пра лёсы прадстаўнікоў славутага роду і найперш Эльжбеты Радзівіл, якая мае зараз 99 год і сёлета зноў збіраецца наведаць Беларусь. Эльжбета Радзівіл з’яўляецца апошняй з тых, для каго Нясвіжскі замак быў родным домам.

Глеб Лабадзенка асабіста ведае Эльжбету Радзівіл і некаторых іншых жывых прадстаўнікоў роду Радзівілаў

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліліся студэнты УЗВ:

Наталля Кавалеўская:

– Нічога больш цікавага за гэтую лекцую я не чула. Вялікі дзякуй Глебу, мне проста не хапае смеласці падзякаваць яму асабіста.

Я паабяцала сабе, што я вывучу беларускую мову і астатак жыцця буду размаўляць на ёй!

Міраслаў Паўловіч:

– Я вывучаю гісторыю Беларусі, гісторыю Гарадзеншчыны і цікавіўся родам Радзівілаў, але не ў такіх памерах. Гэта вельмі цікава, я ўдзячны спадару Лабадзенку. Я люблю сустракацца з людзьмі, што цікавяцца сваёй спадчынай, таму я і прыйшоў сюды.

Вера Кузовіна:

– Я наведваю гэтую лекцыю Глеба Лабадзенкі ўжо другі раз. І я не проста не пашкадавала, што прыйшла сюды, а нават атрымала яшчэ больш ведаў – вельмі цікава, вельмі пазнавальна.

Чалавек настолькі добра распавядае, што адчуваеш сябе часткай гэтай гісторыі. Сёння была вялікая зала людзей, але ўсе настолькі ціха і ўважліва слухалі, таму што была вельмі прыемная беларуская мова, якая так кладзецца на душу.

Мне вельмі спадабалася, шчырая падзяка Глебу Лабадзенку!
Святлана Кочэтава:

– Вялікі дзякуй і лектару, і Лане Руднік, якая запрасіла яго да нас.

Мне было вельмі цікава паглядзець па-іншаму на гістарычныя падзеі.

А для сябе я вылучала, што сутнасць лекцыі – гэта лёс адной сям’і ў моры нашай гісторыі.

Калі узяць кожную сям’ю паасобку, то таксама можна будзе знайсці сваіх шкілетаў у шафе. Проста род Радзівілаў знаходзіцца на п’едэстэле і больш заўважны за іншых.

На прыкладзе гэтай сям’і можна задумацца над лёсам сваёй і паглядзець на гісторыю праз прызму ўласнага роду.

 

Яшчэ запісы