Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Жывую бібліятэку правялі 1 сакавіка студэнты “Універсітэту Залатога Веку” з курса «Наш Радавод». Пяцёра навучэнцаў і навучэнак курсу цягам года збіралі ўспаміны аб  сваіх сем’ях і выдалі іх у кнізе. На прэзентацыі праекта яны самі сталі “жывымі кнігамі” і расказалі аб знаходках і нечаканасцях, адкрытых у гісторыях сваіх продкаў.

Адна з “жывых кніг”, Ларыса Кіркевіч (на здымку ніжэй у цэнтры), распавядала пра сваю бабулю, якая калісьці была хатняй настаўніцай, а потым жонкай святара.

– “Вы ведаеце, ніколі гэтай ідэі [вывучаць гісторыю сям’і] да мяне не прыходзіла. Гэта заўсёды было ў сям’і. Я заўсёды ўсё гэта ведала, таму што бацькі
заўсёды пра гэта казалі.

Майму даросламу сыну таксама не трэба нічога распавядаць, ён сам вельмі многія рэчы ведае лепш, чым мой родны брат. Таму што ён ва ўсім гэтым круціцца, ён усё гэта бачыць, ён усё гэта чуе.

Наступнае пакаленне вялікай цікавасці да вывучэння гісторыі, а тым больш гісторыі сваёй сям’і, не выяўляе. Хоць, можа быць і нам калісьці таксама было не цікава.”

На “Жывую бібліятэку” некаторыя ўдзельнікі курсу прыносілі рэчы, звязаныя са сваімі продкамі. Для кагосьці гэта фатаграфіі, а для кагосьці шкатулка і пахвальны ліст пачатку 20 стагоддзя.

– “Мы павінны разумець, што мы нарадзіліся не проста так, не выпадкова, – кажа вядучая курса «Наш Радавод» Любоў Зорына (на здымку ніжэй у цэнтры).

– Мы з’яўляемся адным са звёнаў ланцужка продкаў і нашчадкаў. І з таго што мы робім, як мы робім, як мы ўспрымаем сваіх продкаў і перадаем гэтыя веды сваім дзецям і ўнукам залежыць вельмі многае.

Я заклікаю ўсіх запісваць свае ўспаміны. Наша памяць неабмежаваная і я цалкам ўпэўненая, што калі чалавек пачынае паглыбляцца ў свае ўспаміны, то ён узгадвае вельмі важныя рэчы, тыя, якія як яму здавалася, ён забыўся назаўжды і наогул яны ў яго жыцці не прысутнічалі.”

Дамір Сталярчук

Яшчэ запісы