Імпрэза памяці Максіма Багдановіча адбылася ва УЗВ (шмат відэа)

Імпрэза памяці Максіма Багдановіча адбылася ва УЗВ (шмат відэа)

Творы вялікага Паэта на розных мовах, вершы і песні ў яго гонар, цікавыя госці, яркая вядоўца і цёплая атмасфера — усё гэта пра творчую сустрэчу, арганізаваную 20 красавіка ва УЗВ кіраўніцай курса «Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах. Пад зоркай Багдановіча» Алай Петрушкевіч.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Максіма Багдановіча і вельмі сімбалічна, што першая і заключная агульныя лекцыі ў восьмым акадэмічным годзе «Універсітэту Залатога Веку» былі прысвечаныя менавіта гэтай славутай постаці.

Арганізатарка імпрэзы — вядомая гарадзенская літаратарка і выкладчыца, кіраўніца курса «Гарадзеншчына літаратурная» Ала Петрушкевіч за кароткі час змагла падрыхтаваць сапраўдны спектакль. Яго ўпрыгожваннем сталі не толькі такія добра вядомыя ў горадзе асобы, як прафесар Аляксей Пяткевіч і паэт Анатоль Брусевіч, але і цэлы шэраг іншых цікавых творцаў.

Адна з іх — Вольга Калмакова, скарыла залю сваімі спевамі. Яна выканала песні на вершы Максіма Багдановіча “Цемень” і “Падыму ўгару сваё вока”, якія напісала менавіта для вечарыны.

Кранулі словы прафесара Аляксея Пяткевіча пра Паэта.

Гарадзенская паэты Анатоль Брусевіч, Ганна Крофта і Ала Нікіпорчык прачыталі свае кранальныя вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Амаль да слёз расчулілі ўдзельнікаў імпрэзы дзяўчаткі-студэнткі Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская, якія чыталі свае вершы, прысвечаныя Паэту.

Добра падрыхтаваліся да імпрэзы і студэнты УЗВ.

Хор «УЗВышша» выканаў славутую «Зорку Венеру». Гэты ж твор на польскай (Беата Барась), французскай (Зінаіда Цупрыновіч), нямецкай (Уладзімір Рунге), латышскай (Беата Барась), рускай (Ларыса Кіркевіч) і літоўскай (Вольга Галецка) мовах чыталі слухачы і выкладчыкі УЗВ.

Цупрыновіч Зінаіда, Беата Барась і Уладзімір Рунге

Беата Барась, Вольга Галецка і Ларыса Кіркевіч

«Зорка Венера» на ангельскай мове была выканана Святланай Маразевіч і Анастасіяй Дуброўскай.

Ала Матыс, студэнтка УЗВ, вельмі моцна прачытала вершы Багдановіча “Народ, беларускі народ” і “Учора шчасце толькі глянула нясмела”.

Святлана Елісеева, паэтка, слухачка УЗВ, прачытала свой верш, прысвечаны Максіму Адамавічу.

Ну а студэнтка Надзея Дзянісевіч скарыла ўсіх сваімі «Зоркай Венерай» па-украінску, а таксама ўкраінскай народнай песняй.

Упрыгожваннем сустрэчы стаў паэтычны дуэт Алы Петрушкевіч і Аляксея Пяткевіча, якія прачыталі «Скандынаўскую песню».

На здымку ўверсе: спявае хор «УЗВышша»

Фота: Радыё Рацыя

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.