Сёлета ва Універсітэце Залатога Веку з’явілася новая секцыя па вывучэнню штучнай мовы эсперанта. Дарэчы, у серыях навукова-фантастычных кніг Гарысана эсперанта з’яўляецца мовай міжпланетнай камунікацыі. У космас нашыя навучэнцы пакуль што не збіраюцца, але тым не менш, узяліся за вывучэнне мовы з вялікім імпэтам. Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з вядучай гэтай секцыі – Інай Севярын-Шота (на здымку стаіць).

IMG_0097
Ідзе занятак секцыі Эсперанта

— Раскажы коратка пра сябе: якая адукацыя, дзе працуеш, як трапіла ва УЗВ. 
— Я скончыла гродзенскі універсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Так склалася, што на дадзены момант працую ў дзіцячым садку ў Гродне. Даведалася пра УЗВ і патрапіла туды праз ГА”Цэнтр”Трэці сектар”.
— Што азначае само слова – эсперанта? Раскажы, што гэта ўвогуле такое?
— Espero у перакладзе з мовы эсперанта значыць “надзея”, а само слова “эсперанта” – “той, хто спадзяеццца”. Што гэта такое? Гэта своеасаблівы свет, які існуе асобна ад іншых. Мова эсперанта, створаная акулістам Лазарам Заменгофам, для самога аўтара была не проста сродкам зносін, але і спосабам распаўсюджвання ідэй. Ён хацеў прапаведваць ідэю мірнага суіснавання розных народаў і культур.

— Дзе і як адбылося тваё першае знаёмства з эсперанта? Што табе падабаецца ў гэтай мове больш за ўсё?

— Першае знаёмства з гэтай мовай адбылося ў Беластоку падчас майго валанцёрства.
Я жыла разам з вугорскай эсперантысткай, якая прыехала працаваць па праграме Еўрапейскай Валанцёрскай Службы (EVS). Спадабалася тое, што гэта мова вельмі простая да вывучэння, а таксама паўплывала прага да ўсяго новага.
— Колькі часу патрэбна, каб авалодаць эсперанта?
— Дакладна адказаць немагчыма, таму што гэта залежыць ад здольнасці засваення моваў чалавекам. Хтосці вывучыць за тры месяцы, а камусці і году не хапае. Чула пра спробы вывучыць эсперанта за тры дні.
— Ці існуе ў Гродне супольнасць аматараў гэтай мовы? Ці шмат людзей у горадзе размаўляе на эсперанта?
— Дакладна ведаю, што раней існавала не тое што супольнасць, а нават цэлая арганізацыя. У свой час яна вельмі актыўна дзейнічала. Пра супольнасць аматараў у горадзе асабіста я не ведаю. Ёсць такі сайт lernu.net, пры дапамозе якога можна вывучыць мову. Менавіта на гэтым сайце я сустрэла некалькі чалавек з Гродна, што валодаюць гэтай мовай.
— Як табе працуецца са сталымі людзьмі? Ці адчуваецца розніца ва ўзросце? Якія ўзнікаюць складанасці, з гэтым звязаныя?
— Працуецца добра. На кожным занятку адкрываеш для сябе штосці новае. Калі складанасці і ўзнікаюць, то мы іх хутка пераадольваем.
— Гэта твой першы год працы ва УЗВ. Якія асабістыя поспехі і поспехі навучэнцаў ты можаш адзначыць для сябе?
— Канешне, не ўсё прайшло так, як бы мне хацелася. Аднак, я не лічу гэты блін комам. Людзі прыйшлі з рознай матывацыяй. У каго была матывацыя вялікай, той і узяў па-максімуму інфармацыі. Прыемна было чуць ад навучэнцаў тое, што яны нават не спадзяваліся загаварыць на гэтай мове, але некаторым гэта ўдалося. Але гэта толькі пачатак.

8700914445_606c52bfef_z
Слухачы секцыі выступаюць на выпускной вечарыне УЗВ-2013

— Ты вучыш сваіх навучэнцаў мове. Чаму вучаць навучэнцы цябе?
— Рознаму. Яны заўсёды знойдуць параду на розныя выпадкі жыцця.
— Што дае тваім навучэнцам вывучэнне эсперанта?
— Па-першае, гэта зносіны. У сваім узросце яны ўжо не так часта сустракаюцца са знаёмымі, наведваюць нейкія імпрэзы. А тут ім цікава прыйсці, паразмаўляць ды падзяліцца сваім досведам. Па-другое, любая навука – трэніроўка памяці. Па-трэцяе, новыя веды нікому не зашкодзяць.
— Кажуць, што мова – гэта душа народа. Ці ёсць тады ў штучнай мовы будучыня? Ці варта такую мову вывучаць?
— А як жа тады з лацінскай мовай? Лаціна – мова мёртвая. Аднак яе вывучаюць пэўныя колы грамадства, якім яна патрэбна для працы, ці тыя, каму проста цікава. Тое самае і з мовай эсперанта. Толькі тут ужо душа розных народаў і нацыянальнасцей. Будучыня мовы залежыць ад яе носьбітаў.
— Дай сваё азначэнне Універсітэту Залатога Веку – што гэта для цябе?
— УЗВ – гэта месца, дзе кожны можна прыйсці і атрымаць патрэбныя для яго веды. Своесаблівая сям’я, дзе кожны дапаможа адзін аднаму.

Воля Корсун

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.