Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

11 студзеня для валанцёраў Цэнтру Міжпакаленчага Паразумення і слухачоў УЗВ прайшоў трэнінг па метадах рэсацыялізацыі сталых людзей, якія жывуць з дэменцыяй, і яе прафілактыцы.

Соф’я Абрамава, вядучая трэнінгу, кіруе праектам «Мы разам», скіраванага на прафілактыку кагнітыўных парушэнняў у сталым узросце і сацыялізацыю сталых людзей, якія маюць такія парушэнні. У межах праекта ў грамадскай габрэйскай дабрачыннай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім» у Мінску функцыянуюць дзве групы, у якіх рэгулярна займаюцца людзі, што жывуць з дэменцыяй. Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы МГА «Узаемапаразуменне».

Падчас трэнінгу Соф’я Паўлаўна распавяла пра сучасныя меркаванні пра дэменцыю сярод навукоўцаў у свеце, падзялілася досведам працы сваёй арганізацыі, іншых арганізацый, і сваім уласным.

Удзельнікам было цікава даведацца пра досвед калегаў з Вялікабрытаніі, якія практыкуюць валанцёраў са значкамі “Сябра дэменцыі” і браслеты для людзей з дэменцыяй, на якіх пазначаны адрас і тэлефон чалавека; а таксама досвед ізраільскіх калегаў, якія распрацавалі адмысловы “чамаданчык” для сацыяльных працаўнікоў і валанцёраў, якія ідуць наведваць чалавека з дыменцыяй.

Соф’я Паўлаўна падкрэсліла, што вельмі важная задача дзяржаваў і грамадскасці – шырокае інфармаванне пра гэтую праблему. Не менш важна аказваць дапамогу сем’ям, якія апякуюцца людзьмі, якія жывуць з дэменцыяй.

Трэнерка адказала на пытанні ўдзельнікаў пра тое, што рабіць пры першых прыкметах дэменцыі:

  • Ісці да дактароў.Вельмі часта дэменцыя суправаджае ці з’яўляецца ў выніку іншых хваробаў. Таму неабходна пракансультавацца з доктарам і зразумець, ці можна вылечыць гэтыя іншыя захворванні.
  • Рабіць практыкаванні для ўмацавання памяці, каб не згубіць мысленча-пазнавальнай актыўнасці.Гэта могуць быць і новыя хобі ды захапленні (любыя творчыя справы, вывучэнне моваў), а таксама вяртанне да старых любімых справаў (вязанне, маляванне, танцы, музыка).

    Важна рабіць рознага кшталту практыкаванне на ўвагу і запамінанне. Напрыклад, танграмы  (на фота ніжэй), судоку (стараючыся не запісваць, а запамінаць хады наперад).

Можна таксама эксперыментаваць і рабіць розныя гульні самастойна: каробачку з прычэпкамі двух колераў, якія трэба зачапляць у рознай паслядоўнасці і прасіць суразмоўцу (ці сябе) паўтарыць камбінацыю праз 3 секунды. Таксама можна рабіць пазлы з розных карцінак, або рабіць падборкі цікавых здымкаў і потым старацца апісаць карцінку, якія асацыяцыі яна выклікае. Яшчэ лепш – апісваць карцінку на дзвюх мовах.

  • Не забывайцеся на фізічную актыўнасцьНават калі чалавеку цяжка хадзіць, можна рабіць практыкаванні, не ўстаючы са стула.

Таксама спадарыня Соф’я падзялілася парадамі пра камунікацыю з людзьмі, што жывуць з дэменцыяй. Важна гаварыць з імі паважліва, не прыніжаць іх годнасці, ствараць для іх стан упэўненасці.

Больш інфармацыі пра дэменцыю і парадаў і прыкладаў можна знайсці ў прэзентацыі:

Цэнтр міжпакаленчага паразумення — валанцёрская ініцыятыва, якая працуе на базе «Універсітэту Залатога Веку» з восені 2015 года. Асноўныя задачы працы Цэнтра — усталяванне міжпкаленчага дыялогу, дапамога былым ахвярам сацыял-нацыяналізму і адзінокім сталым людзям да 1945 году нараджэння, збор успамінаў, прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў валанцёрскай працы сярод гарадзенцаў рознага веку. Праект здзяйсняецца на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку” пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».