Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Мой прадзед, Іван Іванавіч Жынь, жыў у вёсцы Лушкі, пад якімі знаходзілася вёска Жыні. Думаю, вам зразумела, адкуль паходзіць маё прозвішча. Вёска Жыні і да гэтай пары існуе.

Калі пачалася рэформа зямлі (у 1908 г. адбылася Сталыпінская рэформа), як казала мая прабабка, прадзед купіў 20 аршынаў зямлі за адну курыцу. Іван Іванавіч Жынь атрымаў зямлю на хутары Мікулічы, які знаходзіцца недалёка ад Глыбокага. На хутары было ўсяго 5 хат, і ўсе яны належалі роду Жынёў. Я падняў дакументы свайго прадзеда, і там пазначалася, што з 1908 па 1956 гг. ён павінен быў плаціць за сваю зямлю 55 рублёў у год. Калі пераязджалі сюды, на новае месца, ў 1908 г. прадзед пасадзіў тут дуб, які і сёння стаіць.

У майго прадзеда Івана было 4 сыны: Іосіф, Іван – мой дзед, Пракоп і Цімафей. Яны жылі ўсе разам на гэтым хутары. Мой дзед нарадзіўся ў 1894 г. А ў 1914 г. яго забралі, як і дзеда Іосіфа, на вайну. Іх адправілі на паўднёва-заходні фронт пад камандванне генерала Брусілава. Дзеда Іосіфа потым перавялі ў Румынію, ён быў падпаруччыкам рускай арміі. А мой дзед Іван трапіў у медсанбат. Таму і выжыў. Ён часам узгадваў, як яны ваявалі ў Карпатах.

1 па бацькоўскай лініі, Дзед, 1916 г, паўднёва - усходні фронт, 1 сусветная вайна
Дзед па бацькоўскай лініі, 1916 г, паўднёва – усходні фронт, першая сусветная вайна

Цімафей і Пракоп былі тады яшчэ занадта маладыя, таму іх не прызвалі на вайну і яны засталіся на гаспадарцы.

Дзед Іосіф быў прыхільнікам сацыял-дэмакратаў – бальшавікоў. Ён увайшоў у склад Дзісненскага савета салдацкіх рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Так і пайшоў па гэтай дарозе, якая ў выніку звяла яго з гэтага свету.

Пакуль мае два дзяды ваявалі, Пракоп і Цімафей ажаніліся на каталічках.

Пасля падпісання Рыжскай дамовы хутар увайшоў у склад Польшчы. Дзед Іосіф быў бальшавіком, ім і застаўся і справы гэтай не пакідаў. Ён быў адукаваным чалавекам і гуляў двайную ролю: на хутар прыязджаў і хадзіў тут у форме польскага афіцэра. Але часам хадзіў у Савецкую Беларусь, і даволі ўдала хадзіў. Пэўна, меў там кантакты, як дзед расказваў. Наколькі я зразумеў, Іосіф працаваў у ГПУ. Мой дзед, па вядомых прычынах, баяўся пра гэта расказваць.

Самая вялікая трагедыя нашага роду пачалася са спрэчкі за зямлю і цэнтральную хату. Іосіф, як старэйшы з братоў, жыў у цэнтральнай сядзібе. Ён збіраўся пераходзіць у Савецкую Беларусь і забраць з сабой жонку і дваіх дзяцей – сына і дачку. Таму сваю хату ён хацеў аддаць Івану як другому старэйшаму брату. Жонка Пракопа Крысціна падзужвала мужа, што хата гэтая патрэбна ім, ды на гэтай глебе заклала дзеда Іосіфа палякам. Яго забралі і адвезлі ў Глыбокае. Гэта былі якраз 30-я гады. Дзед уцёк, вярнуўся на хутар, ноччу забраў жонку і дзяцей, завёз усіх у Галубічы, дзе перайшоў мяжу. Сам вярнуўся, папярэдзіўшы Івана, што разбярэцца з Крысцінай, і ноччу праз акно страляў у яе. Але выпадкова трапіў у Пракопа, які якраз выходзіў з-за печы і мімаволі засланіў жонку. Атрымалася, што Іосіф забіў свайго роднага брата. Вось такая адбылася помста. У Пракопа засталіся дзве дачкі. А Іосіф збег у Савецкую Беларусь. 15 км было ад Мікулічаў да Галубічаў, а там ужо і савецка-польская мяжа.

Цэнтральны дом заняў Іван – мой дзед, затым – мой бацька, а пасля яго – мой дзядзька Іван.

У 1938 г. адбыўся кангрэс Інтэрнацыянала, на якім польскую камуністычную партыю і яе філію КПЗБ палічылі шпіёнскай арганізацыяй, і ўсіх тых, хто быў у КПЗБ, пасля вызвалення ў 1939 г., не прызначалі на вялікія пасады, рэдка хто дасягаў нейкіх вяршынь, а многіх проста знішчылі. Так адбылося і з дзедам Іосіфам: як вынікала з некалькіх яго лістоў, ён некаторы час працаваў на нейкім заводзе дырэктарам, пасля таго як адслужыўся ў НКВД. А пасля раптам дзед знік. І не толькі ён, але і ўся яго сям’я. Мне потым паказвалі дакументы, дзе каля імя дзеда Іосіфа стала “У спісах загінуўшых не значыцца”. След яго знік, хоць мы потым і рабілі спробы яго адшукаць.

Жонка Пракопа Крысціна так і засталася адна, больш не выйшла замуж. Яна была заядлай каталічкай і вельмі часта гаварыла выразы па-польску, што вельмі рэзала нам, дзецям, слых. Ёй ніхто асабліва з нашых сваякоў не дапамагаў, бо раздзяліліся на каталікоў і праваслаўных. Тым больш, многія стаялі на баку Іосіфа і лічылі менавіта Крысціну вінаватай у братазабойстве.

Мой дзед Іван з пары як пайшоў на вайну да канца жыцця насіў вусы, халёныя, падкручаныя. Ён казаў пасля 1939 г.:“Тыя бальшавікі не такія, як гэтыя”. Тыя прыйшлі – далі зямлю, гэтыя прыйшлі – адабралі.

Дарэчы, у яго было дзве жонкі: Ганна Бука і Лізаветка. Аднойчы дзед Іван перакрываў хату (а хаты тады крылі саломай) і падразаў краі саломы вострай лапатай. Зайшла да яго бабця Ганна, дапамагала нешта рабіць. Тут выпадкова лапата саскочыла і трапіла прама на Ганну! Так атрымалася, што выпадкова мой дзед забіў сваю жонку! Майму бацьку тады было каля 20 гадоў. Гаспадарка засталася без гаспадыні, тым больш у сям’і было 4 мужыка, таму дзед хутка ажаніўся на другой жанчыне, Лізаветцы, якая была гадоў на 20 малодшая за яго.

Яна нарадзіла яму трох сыноў. Старэйшага сына Іван назваў у гонар брата Цімафеем, які ў 1954 г. трапіў на Далёкі Усход і загінуў падчас амерыканска-карэйскай вайны “пры выкананні службовых абавязкаў” і недзе там на Ўсходзе і пахаваны.
Мой бацька, як і ўсе мужчыны з роду Жынёў, быў прызваны на вайну і быў кулямётчыкам. Бацька нарадзіўся ў 1920 годзе, але дапісаў сабе некалькі гадоў, каб яго ўзялі на фронт.
Мой дзядзька Іван патрапіў у савецкае польскае войска, і да смерці баяўся напісаць у Польшчу, каб яму пенсію заплацілі, бо маглі маментальна праверыць і прышыць яму шпіёнства.
Бацька вярнуўся з вайны ў 1945 г., двойчы паранены пад Кёнінсбергам (прастрэлянае правае лёгкае і нага).

3 Бацька Жынь Уладзімір, стаіць 4 з правага боку, 1939 г, Глыбокае, Польшча
Бацька Уладзімір, стаіць 4 з правага боку, 1939 г, Глыбокае, Польшча

Я потым пытаў: “Раскажыце, тата, пра свой гераізм на фронце!” А ён мне: “Адчапіся! Нам пажраць трэба было падумаць дзе, насілі афіцэрам паклажкі з супам, а самі здымалі з іх тлуст, каб самім паесці хоць нешта, а ты мне тут, раскажы пра гераізм!”

У нас жа была маштабная прапаганда гераізму савецкага салдата, а бацька расказваў, што мясам душылі немца, людзі ішлі непадрыхтаваныя, пускалі пад кулі неабстраляных хлопцаў. Племеннік майго бацькі, сын Цімафея Пятро таксама трапіў на фронт. Яму адарвала нагу ў Прусіі, так і вярнуўся без пяткі.

4
Бацька Жынь Уладзімір, стаіць з правага боку, Глыбокае, Польшча, 1939 год

Мая мама з роду Бельвячонкаў, нарадзілася ў Глыбокім, на гары Капітаніха. Яе бацькі арандавалі там кавалак зямлі і пабудавалі хату. Тут жа на пагорку была школа, якая пры паляках называлася “Гімназія Люблінскай уніі”. Тут вучылася эліта. А рускую школу зрабілі там, дзе калісьці гімназісты трымалі коней. Яна была такая цагляная, чырвоная. Доўга Бельвячонкі тут не жылі, і хутка пераехалі ў Кашталянаўшчыну, хутар у Глыбоцкім раёне. Тут кашталян Зінкевіч меў сваю сядзібу, адсюль і назва такая. Ён, дарэчы, тут жа і пахаваны, на хутарскіх могілках. Стаіць чорны помнік з надпісам “Граф Зінкевіч”.

У 1946 годзе, пасля вайны, была вельмі моцная прапаганда сярод беларуска-каталіцкага насельніцтва, і ўвесь мой род па мамінай лініі з’ехаў у Польшчу. Мама потым расказвала, што ў дзеда Антона быў адзін царскі залаты рубель, і гэты самы рубель аддалі мытніку, каб можна было ўсёй сям’ёй праскочыць праз мяжу. Там, у Польшчы, яны і зараз жывуць. Мы яшчэ з імі неяк сустракаліся, у 70-х гадах яны ўсімі сваякамі прыязджалі сюды, на Беларусь, мы ездзілі ў в.Канстанцінава. Пасля гэтага я іх больш і не бачыў, хоць ужо колькі езджу ў Польшчу. Але мая мама ездзіла некаторы час да іх у госці, калі з перамяшчэннем у Польшчу было прасцей.

2 Дзед Антон, па лініі маці Яніны
Дзед Антон, па лініі маці Яніны

Сям’я з’ехала, а ў Кашталянаўшчыне засталіся дзве сястры – мая мама і яе родная сястра цёця Стася. Засталіся, бо мама была ўжо замужам за першым мужам. Яго ўзялі ў 1945 г. у абоз, але з вайны ён так і не вярнуўся. І нават ліста ніякага не даслалі, што загінуў. Мама па ім вельмі гаравала.

А бацька мой быў неблагім цесляром. Пасля вайны хадзіў з калегамі і будаваў дамы. Вось так аднойчы і зайшлі на хутар Кашталянаўшчына. Бацька быў малады, 26-гадовы хлопец.
Ён спадабаўся і маме, і цётцы Стасе. Мама вагался, а сястра ёй і кажа: “Не выйдзеш ты, выйду я за яго!”, бо мужчын пасля вайны не было, шмат было забітых, шмат параненых. Тады мама і рашылася. Вось так яны і ажаніліся.

У новую збудаваную для сям’і хату бацька запусціў мяне першага – я быў замест ката.

Нас было 4-ра дзяцей. Усіх нас па настаянню бацькі ахрасцілі ў праваслаўнай царкве, былой уніяцкай. Маці ж мая была каталічкай. Яна ўціхара дала нам яшчэ каталіцкія крыжыкі, таму мы ўсе насілі па два крыжыка – каталіцкі і праваслаўны.

6 Я Жынь Кастусь, мне 3 гады, 1950
Жынь Кастусь, 3 гады, 1950

Бацька ўпарта вадзіў нас у царку, а мы ўпарта не хацелі ісці, бо былі піянерамі.

Памятаю, калі мяне прымалі ў піянеры, я знайшоў недзе брудны-брудны гальштук, і мы пашлі на возера кагальнае зімой, і там, вырубіўшы палонку, я мыў свой гальштук. Я ўступіў ў піянеры, а бацька, як даведаўся пра гэта, як уваліў мне салдацкім рамнём!

Крыху пасталеўшы, я перабраўся ў горад, дзе пачаў вучыцца. Калі я прыязджаў з гораду ў вёску, вясковыя дзяўчаты смяяліся з мяне: “О, мешчанін, у плот струк ушчаміў!”

Дарэчы, ніхто з маіх сваякоў не застаўся працаваць на зямлі, на сельскай гаспадарцы, акрамя дзеда Івана і бабкі Лізаветкі. Праўда, яшчэ мая цёця Клаўдзя засталася на сельскай гаспадарцы. Яна выйшла замуж за зямлю, бо раней часам выходзілі замуж за таго, хто меў кавалак зямлі, а не за каханага чалавека.


Яшчэ запісы