Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Наш цыкл кароткіх інтэрв’ю з выкладчыкамі “Універсітэту Залатога Веку” працягвае Кася Рэмбеза. Катажына выкладае курс польскай мовы, а таксама вядзе заняткі клубу “Тур па Польшчы з песняй”.

У Гродна яна прыехала ў верасні ў якасці валанцёркі ў межах праграмы “Еўрапейская валанцёрская служба”.

– Кася, апішы свае ўражанні ад працы ва УЗВ?

– У мяне вельмі добрыя ўражанні, таму што я ніколі ў жыцці не працавала з такой групай людзей. У іх такая матывацыя і запал, і любоў – адразу бачна, што ім рэальна хочацца вучыцца, развівацца.

Студэнты пастаянна кідаюць мне розныя выклікі, задаюць цяжкія пытанні, але мне гэта дае зарад бадзёрасці.

– Якія мэты маюць твае курсы?

– Спадзяюся, што праз некалькі месяцаў мае навучэнцы будуць носьбітамі польскай мовы.

Ну а паколькі я вяду таксама клуб “Тур па Польшчы з песняй”, дзе мы спяваем, то яшчэ адна мэта – атрыманне задавальнення.

– Чым адрозніваюцца, на твой погляд, сталыя студэнты ад маладых?

– Я бы сказала так: у параўнанні з дзецьмі, напрыклад, у пенсіянераў куды больш матывацыі да навучання.

Яны рэальна “мучаць” усялякімі пытаннямі, увесь час робяць нататкі ў сшытках не толькі на занятках, але і дома бяруць слоўнікі і запісваюць розныя новыя словы. Гэта мяне захапляе і ўражвае.

Акрамя таго, атмасфера – я нават не чакала, што яна будзе такой ажыўленай.

Удзельнікі клуба "Тур па Польшчы з песняй"
Удзельнікі клуба “Тур па Польшчы з песняй”

З маладымі людзьмі я таксама працую: выкладаю ангелькую і польскую мовы, але моладзь саромеецца, не задае пытанняў, чакае, пакуль выкладчык ім падкажа.

– Што ты найперш будзеш узгадваць пра УЗВ, калі вернешся ў Польшчу?

Яшчэ невядома, ці буду я жыць у Польшчы, можа паеду яшчэ куды-небудзь. Я хачу прафесійна займацца выкладчыцкай дзейнасцю для сталых людзей.

Таксама я разглядаю варыянт, што буду пісаць на гэту тэму навуковую працу, таму што мяне цікавіць, як актыўнасць сталых людзей уплывае на дабрабыт грамадства.

Сваімі ўражаннямі ад курсаў Касі падзяліліся таксама яе студэнткі:

Тэрэса Зарэцкая:

Тэрэса

Я вучуся першы год. Марыла, цэлы год рыхтавался, каб паступіць сюды, а калі паступіла – усе мае чаканні спраўдзіліся.

Я ў захапленні ад таго, што я тут, ад таго, якія людзі нас вучаць, і ад таго, чаму нас вучаць. Пазітыў, радасць, шчасце.

Зоя Акуліч:

Зоя

Я хаджу сюды з задавальненнем, мне падабаецца ва УЗВ. Я ўжо шмат пра што даведалася.

Тут я ўспамінаю польскую мову, таму што мой род паходзіць з Польшчы. Калісьці, гадоў дзесяць таму, у нашай хаце ўсе “мувілі”, а я зараз вучуся нанова і хачу ведаць больш, больш і больш.

Мікалай Лапкоўскі

Яшчэ запісы