Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

16 лютага клуб падарожнікаў УЗВ зладзіў вандроўку ў Старыя Васілішкі, Шчучын і Каменку.

У касцёле Святых Пятра і Паўла

У вёсцы Старыя Васілішкі слухачы УЗВ наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла а таксама клуб-музей Чэслава Немена, польскага кампазітара, які нарадзіўся ў Старых Васілішках. У музей удзельнікі вандроўкі трапілі якраз у дзень нараджэння Чэслава. Чэслаў Немен – заснавальнік новага напрамку ў рок-музыцы Польшчы ў другой палове 20 стагоддзя.

Дырэктар музея Уладзімір Сінюта распавёў пра дзіцячыя і юнацкія гады, аб жыцці і творчасці яго, аб тым, што ён ніколі не забываў свае родныя мясціны і сваіх землякоў. У музеі даволі многа рэчаў і фотаздымкаў з 30-50 гадоў мінулага стагоддзя.

У клубе-музее Чэслава Немена

У Шчучыне завіталі ў палац князёў Друцкіх-Любецкіх, дзе адбылася вельмі цікавая экскурсія, а таксама ў касцёл святой Тэрэзы Авільскай і калегіум ордэна піяраў.

Агульнае фота перад палацам Друцкіх-Любецкіх

Палац Друцкіх-Любецкіх зусім недаўна быў даволі ўдала адрэстаўраваны і зараз з’яўляецца цэнтрам культуры для дзяцей і дарослых горада. Мясцовы паэт і працаўнік палаца Рычард Бялячыц разам з жонкай пазнаёмілі з гісторыяй палаца, з людзьмі, якія стварылі яго, з іх біяграфіямі і эпохай, у якой яны жылі. Акрамя таго, вучні мясцовай школы паказалі невялікі спектакль аб каханні князя і яго пляменніцы.

У паэтычным салоне Рычард Бялячыц прачытаў свае вершы, распавёў аб цікавых сустрэчах і здарэннях.

У касцёле святой Тэрэзы

У Каменцы студэнты УЗВ наведалі Касцёл Святога Антонія Падуанскага, які быў пабудаваны ў 1908 годзе. Побач з гэтым касцёлам яшчэ ў другой палове 19 стагоддзя стаяў драўляны касцёл, у якім была акрышчана Эліза Паўлоўская (Ажэшка).

Былая настаўніца гісторыі мясцовай школы, Зоф’я Баляславаўна, правяла змястоўны расповед аб гісторыі касцёла, яго архітэктурных асаблівасцях, аб адметнасцях рарытэтаў, якія знаходзяцца ў ім.

У касцёле Антонія Падуанскага

Падчас вандроўкі экскурсію праводзіў Віктар Кірэеў, вядомы ў Гродна экскурсавод, выкладчык курсаў “Падарожжы ў часе і прасторы” і “Родны Гродна”.

Клуб падарожнікаў плануе новыя цікавыя вандроўкі па Гарадзеншчыне – далучайцеся!

Фота Тамары Паўловіч

Яшчэ запісы