Марыя Станіславіч: жыццё, звязанае з космасам

Марыя Станіславіч: жыццё, звязанае з космасам
У маім жыцці было нямала яркіх падзей, якія дазваляюць мне, ужо зусім спелай жанчыне, лічыць сваё жыцццё дзіўным… 1961 год. 7 красавіка мне споўнілася 12 гадоў, я вучылася ў 6 класе. Да пачатку новай эры ў гісторыі чалавецтва – штурму космасу – заставалася ўсяго пяць дзён.

Радасць, гонар, тыя пачуцці, якія адчувалі людзі ў той час, былі тым жыватворным сродкам, які прымушаў паверыць у веліч краіны, дапамагаў пераадольваць шматлікія складанасці таго часу.

Энтузіязму, запала хапіла на шматлікія гады. З’явілася новая мара, новае ўспрыманне слова «герой». Гагарын стаў знакам, сімвалам эпохі. Потым касмічныя трасы праклалі Герман Цітоў, Андрыян Мікалаеў, Павел Паповіч…

Кожны новы палёт быў усеагульным святам, перамогай усіх. І толькі ў сярэдзіне 70-х гадоў палёты ў космас сталі для насельніцтва справай будзённай.

У школах з’явілася новая тэма для сачыненняў «Мой любімы касманаўт». Пасля жніўня 1962 г. мае сачыненні на падобную тэму прысвячаліся толькі Паўлу Раманавічу Паповічу. У любімага касманаўта была лепшая ўсмешка, якая, на маю думку, азарала зямлю, космас, маю душу. А марай было ўбачыць касманаўта і пагаварыць з ім. Дзіцячая наіўная і такая недасягальная для вясковай дзяўчынкі мара спраўдзілася праз 26 гадоў!

За два гады да майго паступлення ў педагагічны інстытут мой старэйшы брат атрымаў кватэру ў Гродна на вул. Паповіча. Для мяне самым значным у гэтым факце была назва вуліцы.

Падчас вучобы ў ВНУ адбылася лёсавызначальная для мяне падзея: я сустрэла свайго будучага мужа, студэнта медінстытута, які марыў пра касмічную медыцыну. Але будучаму ваеннаму лекару-афтальмолагу было наканавана зусім іншае…

1982 год. Падыходзіла да канца служба мужа ў Нямеччыне. Мы марылі вярнуцца ў родны Гродна, дзе нас вельмі чакаў зусім адзінокі, ужо немалады бацька мужа. А загадана было ехаць у Сярэднеазіяцкую ваенную акругу. Ах, як жаласна на развітальным вечары перад ад’ездам спяваў баян у руках мужа: «Степь да степь кругом. Путь далёк лежит …».

Сябры супакойвалі, казалі, што акруга велізарная, шпіталі звычайна стаяць ў вялікіх гарадах, а афтальмалагічныя аддзяленні бываюць толькі ў вельмі буйных шпіталях. Але ўжо з’явілася і ўсё часцей гучала слова Ленінск. Гэты горад стаў нашай прыстанню на восем гадоў, лёсам, каханнем, а зараз успамінамі на ўсё жыццё…

Сталіца касмадрома, горад, якога не было на мапах Савецкага Саюза, сакрэтны, рэжымны. У кнігах, вершах яго звалі Зоркаградам.

Муж з’ехаў у Алма-Ату за прызначэннем на два тыдні раней за нас з дачкой. Мы заставаліся ў Гродна, а ў Ленінск прыехалі 19 ліпеня. Наша кватэра знаходзілася ў новым 5-м мікрараёне.

Людзям, якія выраслі ў СССР, не трэба распавядаць пра тое, якім быў наш «ненадакучлівы сэрвіс». Мы з дачкой (ёй на той час ійшоў шосты год) пайшлі купляць прадукты. Ісці ў цэнтр да найбліжэйшай крамы трэба было кіламетр-паўтара, аўтобусы ці іншы транспарт адсутнічалі наогул.

Страшная спякота. Узялі з сабой бутэлечку вады, але яна скончылася вельмі хутка. Распаленая зямля, без травінкі, без дрэўца. Сяк-так мы давалакліся да першага арыка, там жа раслі і таполі. Дачка Наташка пачала плюскацца ў бруднай арычнай вадзе, у мяне не паварочваўся язык забараніць ёй гэта, я і сама рушыла ўслед за ёй. Наперадзе быў яшчэ цэлы месяц цяжкай спякоты, калі і днём, і ўначы трымаеццва адчуванне, быццам ты знаходзішся ў саўне, з якой немагчыма выбрацца.

Як правіла, з 15 жніўня ночы станавіліся больш прахалоднымі, днём жара не адыходзіла, але можна было адпачыць хаця бы ноччу. Муж, як і іншыя вайскоўцы, з’яжджаў на сваю працу вельмі рана, а вяртаўся толькі ўвечары. Усе побытавыя пытанні трэба было вырашаць самастойна.

Самым актуальным для мяне пытаннем было працаўладкаванне.

Мяне ўзялі арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай працы і настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў СШ№187. Дырэктарам школы была Еленская Ала Спірыдонаўна. Мы сталі не толькі калегамі, але і пасябравалі сем’ямі, і як урэшце аказалася, на ўсё жыццё. У верасні 2010 г. нам наканавана было сустрэцца на нашай роднай гарадзенскай зямлі.

Тры гады працы, цікавай, творчай, плённай завяршыліся прапановай аб пераходзе на працу ў гарадскі выканаўчы камітэт. У 1985 годзе мяне абралі дэпутатам гарсавета і зацвердзілі на пасаду сакратара выканкама.

У мае абавязкі акрамя шматлікіх іншых уваходзіла падрыхтоўка матэрыялаў (рашэнні гарвыканкама, тэкст прывітальных прамоваў, стужка ганаровага грамадзяніна), якія ўручаліся ганаровым грамадзянам горада, а гэтым званнем ганаравалі ўсіх касманаўтаў пасля вяртання з палётаў.

Адбывалася гэта на сустрэчах касманаўтаў з работнікамі касмадрома ў Доме афіцэраў. Вітальныя адрасы са складзенымі мною тэкстамі, магчыма, захоўваюцца ў сем’ях касманаўтаў, якім былі ўганараваныя тытуламі ганаровага грамадзяніна г. Ленінска ў перыяд з красавіка 1985 па красавік 1989 гг.

Цікавым было супрацоўніцтва са студыяй тэлебачання. Менавіта там, на Ленінскай студыі тэлебачання, я выступіла ў ролі вядучай перадачы, якая ішла ў прамым эфіры. Называлася яна «Пытайце-адказваем». Дзякуючы перадачы, набыла шмат сяброў сярод тых, чые пытанні ўздымаліся і абмяркоўваліся ў прамым эфіры (а гэта былі праблемы жыццезабеспячэння сталіцы касмадрома – Ленінска, якія вырашаліся нашмат горш, чым усе касмічныя справы). Адначасова адчула на сабе незадаволенасць тых, хто адказваў за рашэнне гэтых пытанняў, а гэта былі кіраўнікі розных службаў, часам з вялікімі зоркамі на пагонах.

У 1987 г. выканкам узначаліў Угрумаў Віктар Андрэевіч. У краіне пачалася перабудова. Яе галоўны архітэктар М. С. Гарбачоў пабываў на Байкануры 11-13 траўня 1987 г. З ім павінна была прыляцець і Раіса Максімаўна. У Ташкент быў адпраўлены спецыяльны самалёт за любімымі кветкамі жонкі генсека – ружамі. Рыхтавалі і тых, хто будзе ўручаць кветкі і будзе суправаджаць Раісу Максімаўну. Са мной быў праведзены інструктаж адпаведнымі службамі, але Гарбачова не прыехала.

На сустрэчы супрацоўнікоў касмадрома з Гарбачовым у Доме афіцэраў я сядзела ў восьмым шэрагу партэра і добра яго разглядзела. Асаблівымі былі вочы М. С. Гарбачова — здавалася, яны бачаць усё. А што да яго выступаў, то яны ўсе былі пра Перабудову, Паскарэнне, пра неабходнасць жыць і працаваць па-новаму.

Пасля наведвання Ленінска Гарбачовым крыху больш увагі пачало надавацца пытанням “соцкультбыта”. З’явілася жаданне зблізіць пазіцыі грамадзянскіх і ваенных уладаў па шэрагу пытанняў.

У тыя дні і да нас у выканкам сталі заходзіць важныя людзі, якія прыязджалі з Масквы і былі ўпаўнаважаныя арганізаваць такое ўзаемадзеянне. Вось так аднойчы ў мой службовы кабінет быў прыведзены Герман Сцяпанавіч Цітоў, які быў куратарам касмадрома. Касманаўт №2 быў ветлівым у зносінах, усмешлівым чалавекам.

Герман Сцяпанавіч паабяцаў вырашыць пытанне размяшчэння замоваў на выраб медалёў «Народжанаму на Байкануры» і «Шчасця вам» (для маладых Байканура) на Маскоўскім манетным двары.

Калі я прыехала ў Маскву, а было гэта ў сакавіку 1988 г., дзякуючы Герману Сцяпанавічу, мяне там сустракалі як дарагую госцю. Я прывезла з сабой эскізы медалёў, якія сталі пераможцамі праведзенага ў Ленінску конкурсу, усе неабходныя дакументы.

Галоўны інжынер манетнага двара паклікаў мяне для гутаркі, рашэння ўсіх пытанняў і выканання замовы свайго супрацоўніка Турдакіна Н.Н. Я амаль адразу адчула, што нашы эскізы-пераможцы не падабаюцца гэтым людзям-прафесіяналам, выказала ўслых сваю здагадку і апынулася, што не памылілася. Спытала, што рабіць, як выйсці з гэтай сітуацыі. Турдакін паказаў мне свае эскізы. Запала ў душу мадонна з дзіцём. Мабільнай сувязі, самі разумееце, не было. З’яжджаць у Ленінск, каб параіцца, што рабіць, было б поўнай дурасцю. Мая рашучасць была дарэчнай: я абрала новы варыянт медалю «Народжанаму на Байкануры» самастойна, хоць разумела, што мяне могуць не зразумець, бо быў праведзены конкурс. У гэты дзень у мяне атрымалася датэлефанавацца да Віктара Андрэевіча Угрумава. Усю «моц» прамоўніцкага мастацтва я ўклала ў тое, каб распавесці яму, якім выдатным будзе наш медаль. Самым важным аргументам стаў такі: Турдакін удзельнічаў у конкурсе медалёў для нованароджаных масквічоў, яго медаль быў лепшым, але не хапіла сувязяў перамагчы галоўнага архітэктара Масквы, чый медаль стаў пераможцам.

Яшчэ я сказала, што Цітоў дамовіўся ў манетным двары, што наш медаль адліюць у тампаку і што шкада марнаваць такі матэрыял на маламастацкі выраб. Дзякуй Віктару Андрэевічу (царства яму нябеснае, памёр ад цяжкай хваробы), ён мяне падтрымаў. Ужо ў сакавіку 1988 г. я атрымала ліст ад Турдакіна.

Што да медаля «Шчасця вам», то ён таксама зведаў змены, паколькі спецыялісты сцвярджалі, што складана адліць карту на тампаку. Для мяне медаль «Шчасця вам» проста памятны знак, а ў медалі «Народжанаму на Байкануры» ёсць мае пачуцці, ёсць душа.

У красавіку 1988 г. было прынята рашэнне Ленінскага гарвыканкама, якое зацвердзіла ўсё эскізы. Да канца 1988 г. медалі былі вырабленыя. 50 медалёў было вырашана пакінуць у выканкаме ў якасці сувеніраў для гасцей, а астатнія былі перададзены ў ЗАГС, дзе ўрачыста ўручаліся маладым і бацькам нованароджаных. Першыя медалі пры рэгістрацыі нованароджаных запрасілі ўручыць мяне.

У гэтым жа годзе споўнілася мая дзіцячая мара – пагаварыць з Паўлам Раманавічам Паповічам. Ён прыляцеў і спыніўся ў гасцініцы касманаўтаў, дзе жылі і рыхтаваліся да чарговага палёту удзельнікі міжнароднага экіпажа і касманаўты-дублёры. Павел Раманавіч быў кіраўніком гэтага праекта.

Ішло паседжанне выканкама, на ім прысутнічаў прадстаўнік палітычнага аддзела касмадрома, які пра гэта і распавёў. Абсалютна ні на што не спадзяючыся, я сказала: «Мой любімы касманаўт. У школьным сачыненні пісала, што яго ўсмешка асвяціла зямлю, космас і маю душу. Марыла ў дзяцінстве, што ўбачу і пагавару». У гэты ж дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што ў гасцініцы касманаўтаў мяне чакае П. Р. Паповіч.

Калі я зайшла ў гасцініцу, у холе сядзелі касманаўты Ляхаў, Палякаў, Сераброў, Салаўёў, якія рыхтаваліся да палёту. Увайшоў Павел Раманавіч з фірмовай сваёй усмешкай на твары. Пасля прывітання прамовіў: «Мне сказалі, што Вы абралі мяне лепшым, дзякуй Вам!» Сказаў проста, весела, запрашаючы прысесці. Рэальнасць таго, што адбывалася, здавалася непраўдападобнай. Павел Раманавіч, відавочна, зразумеў маю збянтэжанасць, сказаў нейкія кампліменты ў мой адрас, і ўжо праз некалькі хвілін я зладзіла з хваляваннем. «Хлопцы, напішыце аўтограф прадстаўніку савецкай улады на Байкануры», – сказаў ён прысутным. Але спачатку напісаў сам. А потым распытаў, хто я, адкуль, хто муж.

Гэтыя аўтографы захаваліся ў мяне да гэтай пары ў кнізе «Касмічная садружнасць».

А старт адбыўся 29 жніўня 1988 г. На касмічным караблі “Саюз ТМ –6”, на чале экіпажа якога быў В. Ляхаў, у космас адправіліся В. Палякоў і афганец Абдул Ахад Моманд.

Больш у ролі кіраўніка падрыхтоўкі да палётаў Паповіч на касмадром не прыязджаў. Ён быў прызначаны ў іншы аддзел у цэнтры кіравання палётамі. Ён пражыў досыць працяглае жыццё і памёр ад інсульту ў 2009 г., знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Яму было 80 гадоў. Побач з Паўлам Раманавічам доўгія гады ішла па жыцці вядомая лётчык-выпрабавальнік Марына Паповіч. Разумніца, прыгажуня, яркая індывідуальнасць.

Яшчэ адна глабальная падзея адбылася ў 1988 г. – пуск ракеты-носьбіта “Энергія” і ўніверсальнай ракетна-транспартнай сістэмы “Энергія-Буран”.

Савецкі касмічны карабель шматразовага выкарыстання.

Кіраваў падрыхтоўкай і пускам доктар тэхнічных навук, генерал-маёр Уладзімір Яўгенавіч Гудзілін, якога я добра ведала як кіраўніка арганізацыі, якая шэфствуе над школай, дзе я калісьці працавала.

Перад адпраўкай “Бурана” на штогадовы авіясалон у Ля Буржэ ў Францыю, калі ён ужо быў прымацаваны для палёту да самалёта «Мрыя», мне ўдалося пабываць на аэрадроме «Юбілейны», пасядзець у кабіне гэтага велізарнага самалёта.

У красавіку 1989 г. працягнулася маё кар’ернае ўзыходжанне: я стала намеснікам старшыні гарвыканкама.

Курыравала сацыяльную сферу. Былі поспехі, былі паразы, былі праблемы. Жыццё выпрабоўвала на трываласць. Ужо няўхільна набліжаліся змены, якія сталі для многіх мяжой: да і пасля…

Роўна праз год муж паведаміў, што мы з’яжджаем у сталіцу Казахстана на новае месца яго службы… За час службы мужа гэта быў наш дзесяты пераезд…

Горка плакала дачка, з’яжджаючы з горада свайго дзяцінства… Я ведала, што працаваць пайду толькі ў школу, муж цешыўся, што вырваўся з суровага клімату, бо ў Ленінску яго ўжо суправаджалі жорсткія сезонныя алергіі.

Алма-Ата ўразіла прыгажосцю, багаццем зеляніны, горнымі рэчкамі і горамі… Трэба было зноў усё пачынаць з белага ліста…

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.