Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Міраслаў Паўловіч, слухач курса “Наш радавод” у 2016-2017 гг., дзеліцца ўспамінамі пра сваіх прабацькоў.

Пра іх мне распавядаў мой тата Хвёдар Паўловіч, якому зараз 91,5 год. Усе яны жылі ў вёсцы Збляны, што на Лідчыне. Размешчана яна на высокім правым беразе ракі Нёман. Калісьці гэта была вялікая вёска з каменнай царквой і царкоўна-прыходскай школай, пабудаванай з цэглы ў дарэвалюцыйны час. Гэта вельмі прыгожыя мясціны.

Дзед Васіль, бацька маёй бабулі Ганны, меў прозвішча Паповіч. Ён быў высокага росту, каранасты, з цёмнымі валасамі. Усё жыццё ён працаваў на габрэя, які арэндаваў у пана старыцу ракі Нёман, якую называлі Нёманінай. Гэта было даволі доўгае возера, якое злучалася пратокай з Нёманам. Дзед Васіль даглядаў за возерам і лавіў там рыбу для гаспадара. У двары дзеда Васіля быў склеп, у які зімой закладалі глыбы лёду. Яны там замярзалі ў суцэльную глыбу, і ўсё лета да наступнай зімы лёд захоўваўся. Там Дзед Васіль захоўваў злоўленую рыбу. Раз на тыдзень прыязджалі габрэі з Ліды, Беліцы, Дзятлава, Вісілішак і іншых мястэчак і забіралі рыбу. У Васіля быў човен, выдаўблены з цэлага дрэва.

Дзед Васіль часта браў майго тату на рыбалку. Яны праплывалі на чаўне па Нёману ў канцы дня і ставілі сеткі. Потым раскладалі вогнішча, вешалі над ім кацялок, і пакуль вада закіпала, даставалі з сетак рыбу на вуху. Рыбы ў той час было вельмі шмат. Павячэраўшы клаліся спаць у шалашы, які дед Васіль аднаўляў кожную вясну. Раніцай, як толькі ўставала сонца, знімалі сеткі, выбіралі з іх рыбу, плылі дахаты. Развешвалі на прасушку сеткі, а рыбу складалі ў лядоўні. Тата казаў, што дзед Васіль быў вельмі добры, ён ніколі не сварыўся, вельмі любіў свайго ўнука Хвёдара.

Дзед Пятрук, бацька майго дзеда Антона, быў высокага росту, светлавалосы, суровы і вельмі строгі. У дзеда Петрука было шасцёра дзяцей — двое сыноў і чатыры дачкі. У пачатку 20-х гадоў старэйшая дачка Алеся з’ехала ў Амерыку (г. Страдфорд). Там выйшла замуж за Белуша, выхадца з суседняй вёскі Шаршні, і нарадзіла трох дзяцей — двух сыноў і дачку. За польскім часам ад яе прыходзілі лісты і здымкі, але пасля вайны мець сваякоў за мяжой было небяспечна, таму сувязь з імі была згублена. Вядома, што старэйшы сын Цімафей быў ваенным лётчыкам і загінуў у Другую Сусветную вайну ў Афрыцы. Астатнія дзеці Петрука засталіся жыць на Лідчыне, працавалі на зямлі і жылі ад зямлі.

Сястра Антона Паўловіча Алеся, якая паехала ў Амерыку

Больш за 30 гадоў Пятрук працаваў у пана (пан быў французам) лесніком, праводзіў у лесе амаль увесь час, таму гаспадаркай займаўся яго сын Антон з жонкай Ганнай. Дапамагалі ім дзеці: Хвёдар, Надзея і Марыя. Сваёй зямлі ў Петрука было няшмат, але пан даў яму часова валоку зямлі (16 га) і сенажаць. У канцы 20-х гадоў за добрую службу пан даў лесу на забудову. Дзед Пятрук пабудаваў хату, хлявы, вялікае гумно. На той час Петрукова хата была адзіная ў вёсцы са страхой, крытай бляхай. Жылі не бедна, але вельмі шмат працавалі.

Мой тата Хвёдар нарадзіўся ў 1925 годзе, пачаў працаваць з пяці гадоў. Спачатку пасьвіў гусей, а як трохі падрос, то і кароў пасьвіў, і каня ўначы сцярог. Працаваў у полі: баранаваў, араў жыта, малаціў. Малацілі ноччу, таму трэба было рана ўставаць, а спаць маладым так хацелася! У 1939 годзе тата скончыў 6 класаў у школе ў Зблянах (школа была польскамоўная), здаў экзамены і паступіў у 7 клас, але прыйшлі «саветы», і ўсіх 7-класнікаў адсадзілі ў 5 клас. Яны былі ўсе пераросткі, але вымушаны былі ізноў ісці ў 5 клас. У 5 і 6 клас хадзілі ў Беліцу за 6 км ад вёскі Збляны, школа ўжо была беларускамоўная. Але пачалася вайна і сямігадовую адукацыю так і не давялося атрымаць. У Дзятлаве ў вайну была беларуская школа, і ў 1941-1942 гадах тата скончыў тут 7 клас. У 1942 годзе паступіў у настаўніцкую беларускамоўную семінарыю ў Шчучыне (цяпер гэта СШ №1). На другім курсе — у восень 1943 года ў семінарыю прыйшоў нямецкі афіцер і сказаў, што будзе запісваць хлопцаў у войска. Ноччу ўсе хлопцы разбегліся па хатах.

У 1944 годзе з прыходам савецкай улады тату прызначылі настаўнікам у школу ў Сялец. У той жа час у Лідзе адчынілася педвучылішча, і тату прынялі туды адразу на 3 курс. Паступіў туды са спазненнем, таму што 2 месяцы вымушаны быў працаваць настаўнікам у в. Сялец. Яго не хацелі адпускаць, але ён кінуў працу, каб вучыцца далей. У загадзе аб звальненні запісалі, што ён «дэзертыраваў». Калі афармляў працоўную кніжку, прышлося тлумачыць, чаму такі запіс. Запатрабавалі дыплом, загад аб залічэнні. Загад не знайшлі, але знайшлі загад аб засяленні ў інтэрнат у 1944 годзе. Пасля праверкі запісалі працоўны стаж з 1944 года, а ў 1945 годзе тата скончыў Лідскае педвучылішча і паступіў у Гродзенскі педінстытут. Вучыўся разам з Карпюком. У педінстытуце пазнаёміўся з маёй мамай, у 1947 годзе яны пабраліся шлюбам. Тата кінуў вучобу на дзённым аддзяленні і паўшоў працаваць настаўнікам. Скончыў завочнае аддзяленне інстытуту, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Вёў машыназнаўства ў 10-11 класах, рыхтаваў трактарыстаў і шафёраў.

Паўловiчы, 1953 г.

Тата – майстар на ўсе рукі: сам пабудаваў хату, уручную габояваў дошкі на столь (шалёўку) і на падлогу. Рамантаваў швейныя машынкі, аўтамабілі, матацыклы, збіраў трактар. Меў электрасварку, такарны станок па дрэву, цыркулярку, сам зрабіў бульбакапалку. Шыў шапкі з нутрый. Ніколі не сядзеў без працы. Пасля смерці жонкі (маёй маці) пачаў маляваць карціны акварэллю і гуашшу на ватмане. Намаляваў шмат карцін. Некалькі яго карцін мая сястра размясціла на выставе ў Гдыне. Летам тата жыве ў Васілішках, вырошчвае гародніну. Асабліва ў яго ўдаюцца памідоры, вага іх дасягае 800 г. Вось і зараз праз 2 тыдні збіраецца пераехаць у Васілішкі, каб даглядаць расаду памідораў і не сядзець без працы ў горадзе. Яму зараз 91,5 год.

Па матчынай лініі я ведаю толькі дзеда і бабу. Дзед Зіновій Клеўзунік родам з Любашава, што на Валыні. Нарадзіўся ў 1888 годзе. Прозвішча паходзіць ад італьянскага  роду Клеўзоні, не так даўно я даведаўся, што зямля на Піншчыне (а гэта недалёк ад Любашава) належала Каралеве Боне Сфорца. Магчыма, што Кляўзоні былі з яе прыслугі, можа конюхі, можа яшчэ хто. Дзед быў смуглы з чорнымі, як смоль, валасамі, невысокага росту, вельмі «гарачы». У сям’і, з якой паходзіў дзед, было 11 дзяцей. Зіновій быў старэйшы, і яму прыходзілася цяжка працаваць. Не ўжыўся з мачахай і ў 14 гадоў пайшоў з хаты. Працаваў у людзей па найму.

Першую Сусветную вайну сустрэў у Бесарабіі на Румынскім фронце. Служіў дзеншчыком у афіцэра. Пра Грамадзянскую вайну дзед нічога не распавядаў. І толькі ў канцы 60-х гадоў распавёў, што ў час анцібальшавіцкага паўстання ў 1920 годзе на Тамбоўшчыне ён  быў ардзінарцам у Антонава. Аднойчы, калі каня пад Антонавым забілі, дзед аддаў яму свайго, і Антонаў змог вырвацца з абкружэння. Дзед ніколі не глядзеў па телебачанні фільмы пра Грамадзянскую вайну. Калі я запытаўся, чаму, ён адказаў: «Не магу, я плачу, калі бачу гэта». Потым ён распавеў пра жах, які адбыўся пры падаўленні паўстання. Войскі Тухачэўскага абкружалі паўстаўшыя вёскі, і іх абстрэльвалі снарадамі з атручваючымі газамі. Па дварах і вуліцах ляжалі сотні трупаў жанчын, дзяцей і старых. Мужчыны былі на перадавой, а стралялі праз іх галовы ў тыл, каб выпадкова не патрапіць у сваіх.

Пасля падаўлення паўстання дзед перабраўся праз мяжу ў Польшчу, у 1921 годзе прыйшоў у Васілішкі. У дзеда захаваліся сінія казацкія штаны і башлык, у якіх ён сустрэў бабу Веру. Яна вылівала памоі і трапіла дзеду на ногі. Так яны пазнаёміліся, ў 1922 годзе пабраліся шлюбам, у іх нарадзілася чацьвёра дзяцей: Яся (мая маці) ў 1923 годзе, Ян у 1925, Гэля ў 1929, Марыя ў 1940. Працаваў дзед у габрэяў. Рабіў чарапіцу, плітку тратуарную, пустотныя блокі, адліваў цэбравіны для студняў, капаў студні. Потым працаваў на млыне качагарам.

 Дзед Женя Кляўзонік. 1922г.
Дзед Женя Кляўзонік. 1922г.

У Васілішках да вайны было шмат габрэяў. Цэнтральная частка мястэчка была забудавана двухпавярховымі дамамі. У мястэчку было электрычнае асвятленне, у дзедавай хаце таксама было электрычнае святло. У 1939 годзе прыйшлі «саветы» і забралі генератар, і Васілішкі да 1964 года жылі пры керасінавых лямпах. Пасля вайны, са стварэннем калгасаў, дзед працаваў у калгасе. Пражыў дзед 97 гадоў, баба Вера — 87.

Усе іхнія дзеці атрымалі адукацыю. Маці скончыла жаночую гімназію ў Шчучыне ў 1939 годзе за кошт дзяржавы, таму што вучылася на «выдатна», а пасля вайны інстытут замежных моваў у Мінску. Усё жыццё працавала ў школе, выкладала ангельскую мову і спевы, грала на мандаліне і мандоле. Ян скончыў медычны інстытут, быў знакамітым анэстэзіёлагам, браў удзел у першай на Беларусі аперцыі на сэрцы. Пра яго напісана ў Беларускай савецкай энцыклапедыі.

 

Сям’я Паўловічаў, 1975
Надпіс да фота сям'і Паўловічаў, 1975
Надпіс да фота сям’і Паўловічаў, 1975

Гэля загінула ў 1948 годзе, мела 19 год. Пайшлі з сябрам Кукушынскім з Гродна ў лес па грыбы і не вернуліся, бандыты забілі іх абодвух. Марыся выйшла замуж за Чесіка Выджыцкага (Чэслава Немена) і пераехала жыць у Польшчу. Там скончыла медвучылішча і працавала ў Гдыне ў шпіталі. Там жыве і зараз.

Яшчэ запісы