«Мне стала не страшная пенсія» — cамыя старэйшыя студэнты першымі адсвяткавалі выпускны

«Мне стала не страшная пенсія» — cамыя старэйшыя студэнты першымі адсвяткавалі выпускны

Модніцы прымерваюць капялюшы, рэпеціруюць крокі танцаў і пазіруюць для фота. Праз хвіліну распачнецца бал. А вось і гаспадыня. У доўгай блакітнай сукенцы, з бялявымі завітымі локанамі і лёгкай усмешкай, яна падобная да прынцэсы з казкі. Толькі навокал не казка.

Бялявая прыгажуня — Лана Руднік, дырэктарка Універсітэта Залатога Веку. У незвычайнай навучальнай установе вучацца людзі «залатога» ўзросту — тыя, хто скончыў прафесійную дзейнасць і выйшаў на пенсію. Бал — з нагоды завяршэння навучальнага года. Яго ладзяць у адной з кавярняў горада.

Бабулі і дзядулі? Не, тут іх так ніхто не кліча. Звычайна — студэнты. Сапраўды, іх імпэту і любові да жыцця можна пазычыць.

«Прысвячаем універсітэт нашым бацькам»

Змаўкаюць гукі аркестра. Да слухачоў выходзяць Лана і Вітаўт Руднікі, якія ўжо сем год ствараюць у Гродне ўніверсітэт для сталых людзей. Нечакана Лана зачыняе тэчку з падрыхтаванай прамовай і пачынае імпрэзу «ад сябе»:

— Мы прысвячаем Універсітэт Залатога Веку нашым бацькам. На жаль, у гэтым годзе таткі майго ўжо няма. — У голас прарываюцца слёзы. — І я матулю запрашала. Спадзяюся, некалі яна зможа сюды прыехаць і таксама апрануцца прыгожа, прыйсці на гэтае свята, паглядзець, што мы робім тут. Я вельмі радая, што нам удалося стварыць такую праграму, якая дорыць лепшую якасць жыцця тым людзям, якія выйшлі на пенсію. Гэта тая магчымасць, якую вы можаце атрымліваць разам з намі, і дарыць нам сваю мудрасць і свой досвед. Дзякуй вам за гэта ўсё.

Гродзенскі УЗВ — першы ўніверсітэт у Беларусі для сталых людзей. Ён стаўся добрым стартам для падобных праектаў. Універсітэты для пенсіянераў ужо працуюць у Брэсце, Мінску, Кобрыне.

Студэнты самі выбіраюць, чаму будуць вучыцца. Можна абраць адзін прадмет, а можна шчыльна скласці план на ўвесь тыдзень. У агульным раскладзе — больш за сорак прадметаў. Замежныя мовы, танцы, камп’ютар, прыгажосць і стыль, права, шахматы, сад і агарод, рукадзелле. Акрамя заняткаў наведвальнікі УЗВ па жаданні займаюцца дабрачыннасцю, апякуюцца хворымі, прыбіраюць могілкі, збіраюць матэрыяльную дапамогу для патрабуючых, ладзяць экскурсіі, наведваюць канферэнцыі, прысвечаныя сталым людзям.

На выпускным студэнты адпальваюць рок-н-рол, танчаць лаціну, сіртакі і беларускія танцы. Свята здымаюць на планшэты або мабільныя тэлефоны. І ніхто гэтаму тут не здзіўляецца.

Веслаў склаў радаслоўную да 1398 года

Выпускнікі расказалі, як універсітэт змяніў іх жыццё.

Веславу Ядкоўскаму 77 год. Ён служыў у Севастопалі, працаваў на суднабудаўнічым заводзе, вучыўся ў педінстытуце, у інстытуце народнай гаспадаркі, працаваў начальнікам на буйным заводзе, у ЖЭСе, калгасе. Ва УЗВ прыйшоў тры гады таму. За гэты час паспеў вывучыць сваю радаслоўную да 1398 года.

— Я займаўся тут у акадэміі мастацтва, ужо нешта магу сам намаляваць, — кажа спадар Веслаў. — Таксама мяне цікавіла мая радаслоўная. Пайшоў на курс Любові Зорынай. Ёсць інфармацыя аб родзе Ядкоўскіх з 1398 года. Па кожнаму стагоддзю ведаю, хто былі мае продкі. Каб гэтае ўсё сабраць, быў у літоўскім архіве, у нашым Нацыянальным архіве, шукаў інфармацыю ў беластоцкай касцёльнай кнізе. Цяпер ведаю, у якім годзе нарадзіўся мой бацька, у якой сям’і, хто быў хросным.

Сёлета спадар Веслаў сам прапанаваў весці ва УЗВ шахматна-шашачны курс «Шахматы з нуля».

Альміра: «Бегала на ангельскую, італьянскую хапала ўсё, што можна»

Альміра, рухавая невысокая бландзінка, ва УЗВ ужо чацвёрты год.

— Мы тут прыжыліся і атрымліваем мора задавальнення. Па-першае, калі бачыш Лану і Вітаўта — яны такая прыемная пара. Яны могуць захапіць сталых людзей. Раней займалася дзецьмі, унукамі. Цяпер у мяне больш вольнага часу. Я магу прысвяціць сябе грамадскай працы, любімым заняткам, на якія раней не было часу. Мы ходзім на танцы. Дзяўчаты займаюцца пляценнем, садаводствам. Кіраўніца падаравала мне воцатнае дрэва. Атрымала задавальненне, калі пасадзіла яго на вуліцы ў горадзе. Яно вырасце вялікае з прыгожымі шышачкамі. Я раней больш хадзіла, ледзь паспявала на ўсе секцыі. Бегала на ангельскую, італьянскую — хапала ўсё, што можна. Цяпер — на танцы. Яшчэ ходзім са скандынаўскімі палкамі. Гэта здароўе. Для сталага ўзросту гэта важна. Чалавек вызваляецца ад шматлікіх хвробаў, бо рух — гэта жыццё.

Ала: «Ніхто так шмат ніколі не чытаў Багдановіча»

Ала Петрушкевіч выступае ва УЗВ у двух іпастасях — як выкладчык курса аб літаратурнай Гарадзеншчыне і як студэнтка… лацінаамерыканскіх танцаў:

— Як толькі навучылася хадзіць, я стала танцаваць. Але ніколі ў сваім жыцці, даволі вялікім і доўгім, не мела мажлівасці заняцца танцамі. І нарэшце тут, ва УЗВ, рэалізавала гэтую мару — танцаваць пад чыімсьці кіраўніцтвам. Гэта самае мілае, што я тут зрабіла і чаму научылася.

Мой курс «Літаратурная Гарадзеншчына» ахоплівае два стагоддзі. Гэта літаратура, якая паўстала на нашых землях ад Міцкевіча, філаматаў, філарэтаў да аўтараў альманаха «Новы замак». Гэты курс быў своеасабілвы. Супалі дзве даты: 125 гадоў нараджэння і 100 гадоў памяці Максіма Багдановіча. Калі мы ўрэшце дайшлі да гэтага вялікага паэта, то прыпыніцца не маглі. Мы прачыталі больш чым 10 лекцый. Ніхто так шмат ніколі не чытаў Багдановіча. Дайшлі толькі да сярэдзіны курса. Таксама мы былі на радзіме Цёткі ў Астрына, прымалі салон у Ажэшкі тут, ў Гродне, былі ў музеі Януша Паруліса.

Лілія: «Гляджу: танчаць сіртакі, і мне хочацца»

Ліліі Грыгарук 65 год, працавала бухгалтарам, у яе сем унукаў. Ва УЗВ — чатыры гады.

— Вельмі рада, што адкрыла для сябе гэтую праграму. Жыццё маё моцна змянілася. Калі пайшла на пенсію, было боязна. Бо я заўсёды была актыўнай, займалася мастацкай самадзейнасцю. УЗВ — як глыток паветра. Мне стала не страшная пенсія. Без гэтага жыць я ўжо не змагу.

Гэта важна, каб чалавек не тупеў. Ты пазнаеш тое, чым не было магчымасці заняцца раней. Я тут стала займацца ангельскай мовай. У школе не надта хацелася. А тут — з задавальненнем, хоць і памяць не тая. Цяпер гляджу фільм на ангельскай і нават без перакладу разумею. Хаджу ў  тэатральную студыю. Нягледзячы на тое, што шмат словаў трэба вывучыць, робім гэта з задавальненнем. Ад тых, хто бачыў апошнюю пастаноўку «Дзесяць негрыцят», не чула ніводнага кепскага водгуку.

Хаджу на «Адкрыты паказ». Выкладчыца выбірае фільм пра любоў, пра сталых людзей, і пасля прагляду абмяркоўваем. Дома паглядзеў, лёг спаць і забыўся. А тут ідзеш і думаеш. Кожны фільм — гэта нейкая навука.

Хаджу на гімнастыку. Таксама 17 год займаюся фітнэсам па-за УЗВ. Налета пайду на камп’ютарныя курсы, бо набыла планшэт, трэба вучыццца карыстацца.

Паўсюль рэкламую УЗВ, нават у паліклініцы. Чалавек на пенсіі часам думае, што ён хворы, жыццё спыняецца, але гэта не так. Яшчэ час радавацца жыццю. Можна заводзіць прыгожыя рамантычныя гісторыі. У мяне ў 55 год была такая любоў. Мае калегі на працы бачылі і казалі, што шмат у якіх маладых няма такой. Калі цябе праваджаюць на працу, званочкі, цыдулачкі, памахаць у вакно.

УЗВ — вельмі добры спосаб, каб не пераўтварацца ў старога. Сорак курсаў — абірай тое, што табе падабаецца. Я свой узрост не адчуваю. Гляджу: танчаць сіртакі, і мне хочацца.

Ларыса: «Жыць тым жа жыццём, што і раней»

Ларыса Кіркевіч узначальвае раду УЗВ. Наведвае універсітэт ужо шэсць год.

— УЗВ дал магчымасць жыць тым жа жыццём, што і раней. Я згодная з Віктарам Франклам: «Калі ў чалавека штодня нядзеля, надыходзіць экзыстанцыйны вакуум». Каб гэтага не было, трэба мець справу. На пенсіі я два гады не працавала. А пасля пайшла ва УЗВ. Актыўнае жыццё ў мяне працягнулася. Хоць у мяне ёсць унукі, сям’я, сын. Тут ёсць, куды ісці, чым займацца, ёсць матывацыя. Таму што наш УЗВ — гэта не проста курсы па інтарэсах, гэта супольнасць. Яны частка адной агульнай справы. Мы робім добрыя справы. Кожны слухач — частка агульнай супольнасці. Ёсць натуральны адбор. Або сыходзяць пасля першага ж семестра, або застаюцца надоўга. Гэта мой дом, мая сям’я, мае сябры.

«Жыццё на пенсіі толькі пачынаецца»

Галіна даўно выйшла на пенсію, але ва УЗВ прыйшла толькі цяпер. Была «тэхнаром», кіравала мужчынскім калектывам, а цяпер вучыць дзяўчат насіць капялюшыкі. Яна выкладае курс «Прыгажуні».

— Жанчыны ў залатым узросце нарэшце знайшлі час, каб даглядаць за сабой, — кажа Галіна. — Мне дзяўчынкі кажуць: «Мы нарэшце даведаліся, як правільна фарбаваць вусны. Нас гэтаму ніхто ніколі не вучыў». Мы вучымся, як апрануцца, як быць сябрам для сваіх унукаў. Я гляджу на сваіх дзяўчынак, як яны падчас курса змяніліся за паўгады. Яны зразумелі, што ў нашым узросце можна выглядаць шыкоўна.

Галіна ўпэўненая, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца.

— Я вельмі ўдзячная кіраўнікам, бо яны робяць вялікую справу. Я магу прыдумаць, чым мне заняцца: два лецішча, інтарэсы, мужчыны ў сям’і. А ёсць людзі, якія засталіся адныя. Калі сыходзяць на пенсію, перажываюць вялікі стрэс. Іх нельга пакідаць адных. УЗВ дае надзею гэтым людзям, стымул да жыцця. Паглядзіце, якія сёння ўсе прыгожыя.

Я танцую, хаджу на валянне. Ва УЗВ могуць затрымацца толькі вельмі добрыя людзі. Таму што тыя, хто нічога не аддае і ўвесь час бурчыць, як усё кепска: моладзь кепская, час кепскі, грошаў не хапае, — сыходзяць. Калі людзі думаюць, што жыццё цудоўнае — такім месца ва УЗВ. Акрамя УЗВ цяпер я стала займацца ўіндсёрфінгам, ездзіць на мора.

Дзякуючы УЗВ зразумела, што шмат чаго магу аддаваць людзям. Падтрымаць, пагаварыць з кімсьці: не трэба песімістычна глядзець на жыццё, нават калі яго засталося мала, давай яго пражывем добра.

***

Наступны набор ва УЗВ плануецца з верасня. Сёлета студэнтамі УЗВ былі больш за 200 чалавек, якія навучаліся на 45 курсах і ў клубах. Яны арганізавалі каля 20 дабрачынных, культурных і інтэграцыйных акцый.

vgr.by

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.