Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Звярнуць большую ўвагу на патрэбы людзей сталага ўзросту – такі асноўны лейтматыў прапановаў, дасланых ГА “Цэнтр “Трэці сектар” і установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” у гарадзенскі гарвыканкам, якія да 11 студзеня збірае прапановы да Генеральнага плана развіцця горада. Многія з прапановаў базуюцца на рэкамендацыях студэнтаў “Універсітэту Залатога Веку”.

Даступны да абмеркавання грамадскасці Генеральны план апісвае, як будуць развівацца розныя сферы жыцця горада да 2030 г.

У накіраваных у гарвыканкам лісце адзначаецца, што да 2030 г. 30% насельніцтва Гродна складуць сталыя людзі, аднак інтарэсы людзей гэтага пакалення слаба адлюстраваныя ў прапанаванай версіі Генеральнага плана.

Таму сярод мэтаў развіцця горада разам з “повышением инвестиционной привлекательности города, обеспечением его устойчивого развития” мы прапанавалі дадаць “паляпшэнне якасці жыцця жыхароў горада ўсіх пакаленняў”.

Сярод іншых дасланых намі прапановаў:

– Развіццё новых форм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дарослых (у тым ліку – сталых) людзей.

– Стварэнне цэнтраў па падрыхтоўцы спецыялістаў па навучанні дарослых (у тым ліку – сталых людзей).

– Стварэнне сеткі геранталагічных кабінетаў на базе паліклінік горада.

– Стварэнне ўстановы для сталага і часовага знаходжання людзей, якія пакутуюць ад дземенцыі.

– Стварэнне цэнтраў мужчынскага здароўя, якія спрыялі б зніжэнню разрыва ў працягласці жыцця паміж жанчынамі і мужчынамі, якая складае зараз каля 10 гадоў.

– Стварэнне і падтрымка ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту і клубаў сталых людзей на базе грамадскіх арганізацый і вышэйшых навучальных установаў.

– Абсталяванне месцаў публічнага карыстання (гандлёвыя цэнтры, паркі і інш.) дастатковай колькасцю лавак са спінкамі.

Выкладзеныя вышей прапановы базуюцца на такіх асноватворчых дакументах, падпісаных нашай краінай, як Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па пытаннях старэння (2002), рэгіянальныя стратэгіі па ажыццяўленні гэтага плану, а таксама на дакументах Усясветнай арганізацыі аховы здароўя па актыўным даўгалецці і здароўі.

Яшчэ запісы