Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

9 снежня валанцёры Цэнтра Міжпакаленчага Паразумення разам з трэнеркай Святланай Маршак развівалі навыкі камунікацыі са сталымі людзьмі.

Святлана Маршак, кіраўніца сацыяльнай службы мінскай  габрэйскай арганізацыі “Хэсэд-Рахамім” і псіхолаг у “Школе валанцёраў” спачатку распавяла пра страхі і стрэсары ў сталым веку, асаблівасці ўспрыяцця інфармацыі і мыслення. Разам з валанцёрамі рэфлексавалі пра тое, што трэба ўлічваць пры першым візіце, практыкавалі тэхнікі актыўнага слухання ў парах, пазнаёміліся з рэпрэзентатыўнымі сістэмамі і іншымі элементамі падстройкі ў вядзенні размовы, з тэорыяй трансактнага аналізу Э. Берна.

Таксама закранулі тэму зносінаў з “цяжкім кліентам”, разабралі канкрэтныя прыклады з досведу трэнеркі і валанцёраў Цэнтра, прааналізавалі разнастайныя сітуацыі зносінаў са сталымі людзьмі з улікам атрыманых ведаў.

Удзельнікі трэнінгу адзначылі, што ён быў вельмі карысным для працы са сталымі падапечнымі і калегамі, асабліва важнымі былі практычныя заданні і трэніроўка ў парах, а таксама досвед і натхненне, атрыманыя ад Святланы.

Валанцёры Цэнтру будуць адточваць майстэрства камунікацыі ў сустрэчах і віншаваннях падапечных з зімовымі святамі ў бліжэйшым часе.

Трэнінг адбыўся ў рамках дзейнасці Цэнтра Міжпакаленчага Паразумення, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную, фізічную актывізацыю і адстойванне інтарэсаў.

Праграма рэалізуецца з 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” (3sektar.by) пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» (EVZ) у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».