Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

4 красавіка студэнты курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах” мелі незабыўную вандроўку па сцяжынах літаратурнай Гарадзеншчыны.

Сёння ў гасцях у курса быў цікавы пісьменнік, празаік, паэт, бард з Наваградка Міхась Зізюк.

Распачалася сустрэча згадкай пра тое, што доўжыцца ў нашай Беларусі год малой Радзімы.

Госць літаратурнай гасцёўні спявае пра родныя мясціны

Песня “Вёска” – прачулы, лірычны твор, які напісаў Міхась, была выканана ім, а на экране студэнты перанесліся на яго Радзіму – а гэта далёкая Гомельшчына, вёска Лучыцы Гомельскай вобласці. Старыя хаты, людзі, якія там жывуць, радзіна, сям’я родная Міхася, краявіды прыгожыя – усё гэта праплыло перад вачыма слухачоў-гледачоў.

Прафесар Пяткевіч разважае на тэму малой Радзімы

Першым слова пра творчасць Міхася Зізюка меў шаноўны прафесар, даволі часты госць нашых сустрэчаў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, які ўзняў даволі важную праблему мастацкага чытання, успрыняцця мастацкіх твораў. Для чаго чалавек чытае? Навошта яму гэта? Што ён хоча ўзяць для сябе, адчуць, зразумець? Усё гэта падавалася вельмі натхняльным і ўспрымалася слухачамі з вялікай цікаўнасцю. Ён закрануў адну з самых важных тэмаў у творчасці Міхася Зізюка – тэму малой Радзімы, тэму вяртання да каранёў і не толькі ў ягонай творчасці, а ў беларускай літаратуры наогул. І, як заўсёды, здзівіў прысутных сваёй неверагоднай памяццю, прачытаўшы на памяць вельмі складаны, рытмічна няроўны верш Алеся Наўроцкага, вялікі тэкст, ні разу не змыліўшыся.

 

 

 

 

Прыйшлі прыняць удзел у сустрэчы пісьменнікі Гродна: старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, філіі гарадзенскай Валянцін Дубатоўка, які таксама звярнуў увагу на празаічныя творы Міхася Зізюка, шчыра гаварыў пра творчасць свайго сябра, таму што яны даўнія і вельмі прыязныя сябры. Гэтак жа парадаваў сваім выступам і старэйшы наш пісьменнік Мечыслаў Курыловіч, які чытаў творы Міхася Зізюка, які адзначыў тое, што яму асабліва спадабалася. Апроч гэтага прачытаў свае лірычныя вершы. Яму ўжо 80 гадоў, а вершы гучалі, як шчырае прызнанне светлага пачуцця, як узоры інтымнай лірыкі.

Галіна Самойла, цікавая паэтка, празаік, перакладчык цікава гаварыла пра творчасць Міхася Зізюка. Яна пазнаёмілася з многімі ягонымі творамі і прачытала свае вершы, якія пастаралася, каб тэматычна ўклаліся ў агульную размову.

Аўдыторыя студэнтаў Універсітэта Залатого Веку вельмі ўдзячная, вельмі старанная, працавітая. Студэнты падрыхтаваліся да сустрэчы з пісьменнікам з Наваградка.
Слова мелі стараста групы Лілія Вільчэўская і Уладзімір Рунге, якія расказалі пра прачытаныя імі творы, падзяліліся сваімі ўражаннямі, задалі пытанні прысутнаму аўтару. І адчувалася, што яны сапраўды зацікаўлены ў гэтай размове. І наогул, гэтая аўдыторыя ўспрымаецца ўсімі, хто бывае ў ёй, хто наведвае нашы сустрэчы з вялікай удзячнасцю і прыязнасцю, бо нашы студэнты ўмеюць слухаць, бо яны ўмеюць разумець. Вельмі хораша рэагуюць і на гумар, і на лірычны твор, і на песні, якіх гучала багата, таму што ў рэпертуары Міхася Зізюка іх ёсць вельмі многа.

Стараста Лілія Вільчэўская дзякуе Міхасю ад імя УЗВ

Сціплую нашу падзяку атрымаў госць з Наваградка. Ён і сам прывёз падарункі: букет, цукеркі, якімі пачаставаліся ўсе прысутныя.
Падрыхтавала і вяла сустрэчу выкладчыца курса Ала Петрушкевіч.

Выкладчыца курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах” Ала Петрушкевіч

Больш фота глядзіце па спасылцы.

Аўтар – Ала Петрушкевіч.

Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

Яшчэ запісы