Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Ці марылі вы аб тым, што, патрапіўшы калі-небудзь у гарадзенскі Музей Максіма Багдановіча, вас сустрэне сама Марыя Апанасаўна, маці нашага слаўнага паэта, ды яшчэ і гарбаткай зёлкавай напоіць?! Не? Мы таксама! А сёння з асалодай наведалі музей, перанесліся ў часе ў канец ХІХ ст., паслухалі цікавосткі з жыцця Багдановічаў.
Гасціннасць, скажу я вам, у гэтым доме пераўзыходзіць усе чаканні!

Мілыя слухачкі курса беларускай мовы засталіся пад найпрыемнейшымі ўражаннямі ад тэатралізаванай экскурсіі. І не дзіва!

Марыя Апанасаўна расказвае, як выхоўвае дзетак, які падарунак зрабіла каханаму мужу Адаму Ягоравічу на Дзень нараджэння.

Паказала свой утульны жаночы пакойчык (у які без папярэджання дзецям забаронена ўваходзіць). Падзялілася ведамі аб тым, якія зёлкі ад якой хваробы лякуюць.

Павесяліліся, пагуляўшы ў “Фанты”: хтосьці пабываў у ролі астролага, прадказваючы будучыню; хтосьці, любуючыся сабой у чароўным вялізным люстэрку, казаў: “Я такая прыгожая!”; а камусьці трэба было ўспомніць, якая ж дзіцячая казка ці кніжка з’яўляецца любімай).

Напрыканцы экскурсіі Марыя Апанасаўна пачаставала наведвальнікаў мятна-мелісава-зверабойнай гарбаткай, ад якой немагчыма было адарвацца!

Паглядзіце нашую фота-відэа справаздачу і ўпэўніцеся, што варта наведаць гэты ўтульны домік!

Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

Вікторыя Петрусевіч,
выкладчыца курса “20+ крокаў да беларускай мовы

Яшчэ запісы