Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

19 сакавіка ў Гродне прайшла другая Жывая бібліятэка, зарганізаваная валанцёрамі Цэнтру міжпакаленчага паразумення “Універсітэту Залатога Веку”. Пяць жывых кнігаў дзяліліся захапляльнымі і кранальнымі сямейнымі ды падарожнымі гісторыямі з жыцця сваіх сем’яў.

Наведнікі Жывой бібліятэкі маглі абраць і прачытаць па дзве “кніжкі”:

Аляксандр Рамановіч дзяліўся неверагоднымі гісторыямі пра дзедавага брата-асілка і дзядзьку з загадкавым лёсам

Аляксандр

Тамара Мухіна распавядала, як у дзяцінстве жыла ў Паўночнай Карэі, а таксама падзялілася гісторыямі свайго кахання ды сваёй кар’еры фармацэўта.

Ларыса Гірас, слухачка УЗВ і лідарка клубу “Адкрыты кінапаказ”, распавяла пра тое, як летась рушыла ў падарожжа па Францыі, падзялілася сваімі ўражаннямі ды назіраннямі ад вандроўкі

Ларыса

Лідзія Бяганская шчыра падзялілася гісторыямі кахання і мудрымі парадамі для маладых чытачоў

Раіса Малыхіна, распавяла, як пасля вайны патрапіла ў Сапоцкінскі раён і якой была школа ў рэгіёне у тыя часы

Раіса Цітаўна

Чытачы падзяліліся сваімі ўражаннямі:

“Пасля прачытання самой захацелася выправіцца ў падарожжа!”

“Дзякуй  за падрыхтоўку і арганізацыю такога патрэбнага і цікавага мерапрыемства. Дарэчы, тэма была не такая простая, як магло паказацца спачатку. Вельмі неадназначныя пачуцці выклікалі расповеды з ваенных і пасляваенных часоў. Калі людзі распавядалі пра сваё жыццё і тыя падзеі, якія для нас – далёкая гісторыя, для іх былі рэальнасцю і паўсядзённасцю”.

“Кнігі, якія мне пашчасціла прачытаць, чыталіся лёгка. Яны з задавальненнем распавядалі пра сваё жыццё, свае лёсы. А некаторыя старонкі гэтых кніг былі ўвогуле вельмі інтымныя і кранальныя. Было вельмі прыемна, што нам, чытачам, усё ж такі дазволілі атрымаць сапраўдную асалоду ад чытання”.

“Вельмі захапляльная гісторыя кахання, сапраўдны жывы раман!”

“Я вельмі радая, што давялося дакрануцца да жывой гісторыі”

“Пабольш бы чытаць такіх кніг!”

“Такія мерапрыемствы вельмі натхняюць, гэта трэба рабіць!”

Здымкі: Ірына Новік, аўдыёзапісы: Вольга Галецка, Кацярына Траццякова

Жывая бібліятэка была зарганізаваная Цэнтрам міжпакаленчага паразумення, які працуе на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.

Праграма рэалізуецца з 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” у партнёрстве з Прыватнай установай «Студыя карысных кампетэнцый» пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».