Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

12 ліпеня прадстаўніца «Універсітэта Залатога Веку» прыняла ўдзел у вэбінары “Як зрабіць працу супольнасці эфектыўнай для найбольш уразлівай групы насельніцтва: Чаму можа навучыцца супольнасць, прыязная да сталых ад руху, накіраванага на прыязнасць да людзей з дэменцыяй?”

Падчас вэбінара Наталі Тэрнер (на фотаздымку), старшая менеджэрка праграмы Цэнтру па годным сталенні (Злучанае Каралеўства), распавяла, у чым розніца і падабенства паміж супольнасцямі, прыязнымі да сталых людзей, і супольнасцямі, прыязнымі да людзей з дэменцыяй, а таксама як улічыць інтарэсы людзей з дэменцыяй у супольнасцях, прыязных да сталых.

Наталі Тэрнер зазначыла, што асяроддзе, прыязнае для сталых, не заўсёды адаптаванае для людзей з дэменцыяй. Насуперак распаўсюджаным меркаванням пра іх падабенства, гэтыя паняцці не заўсёды супадаюць.

Чаму так важна клапаціцца пра тое, каб асяроддзе было прыстасаванае для людзей з дэменцыяй?

Паглядзім на некаторыя лічбы:

У 2015 годзе у свеце налічвалася 46,8 мільёнаў людзей з дэменцыяй. Па прагнозах, да

2030 гэтая лічба падвоіцца, а да 2050 – павялічыцца ў тры разы.

Больш за палову з гэтых людзей – сталыя, старэйшыя за 60 год.

Што агульнага паміж супольнасцямі, прыязнымі да сталых і супольнасцямі, прыязнымі для людзей з дэменцыяй?

– Абедзве накіраваныя на дапамогу людзям заставацца незалежнымі і ўключанымі ў жыццё супольнасці настолькі доўга, наколькі гэта магчыма

– У цэнтры ўвагі абодвух падыходаў – асоба са сваім унікальным досведам

– Абодва падыходы падкрэсліваюць важнасць сацыяльнага і фізічнага асяроддзя

– Абодва клапоцяцца пра тое, як прыцягнуць як мага больш зацікаўленых партнёраў з розных сектараў да супрацоўніцтва

Наталі Тэрнер падкрэсіла, што ў супольнасцяў ёсць свая спецыфіка.

У фокусе руху супольнасцяў, прыязных да людзей з дэменцыяй – захворванне. У сваю чаргу рух, накіраваны на прыязнасць да сталых людзей, больш грунтуецца на агульных прынцыпах аховы здароўя і прафілактыку здаровага ладу жыцця.

Стратэгіяй супольнасцяў, прыязных да людзей з дэменцыяй, з’яўляецца барацьба са стыгматызацыяй і павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва.

Напрыклад, у некаторых гарадах Канады і Аўстраліі  існуюць так званыя “кансультатыўныя групы людзей з дэменцыяй”. Людзі з дэменцыяй аб’ядноўваюцца, каб уплываць на палітыку краіны ў дачыненні людзей з дэменцыяй. Лозунгам такіх групаў з’яўляецца фраза “Нічога для нас без нас”, бо не ўключаць людзей з дэменцыяй у планаванне дзейнасці, накіраванай на паляпшэнне ўмоваў іх жыцця, вядзе да павялічэння стыгматызацыі.

Наталі Тэрнэр таксама адзначыла, што заангажаванне спецыялістаў па даглядзе з’яўляецца больш вострым пытаннем для супольнасці, прыязнай да людзей з дэменцыяй.

Наталі распавяла пра цікавую ініцыятыву, якая ладзіцца у Заходнім Ёркшыры (Злучанае Каралеўства) з 2014 года – “Тэатр, прыязны да людзей з дэменцыяй”.

Спектаклі ставяцца з улікам патрэбаў людзей з дэменцыяй. У межах ініцыятывы асаблівым чынам рэгулююць узровень гука і асвятлення, адаптуюць сцэнічныя дзеянні, каб сюжэт успрымаўся прасцей. Да выбару пастановак ставяцца вельмі карпатліва, а на генеральныя рэпетыцыі запрашаюць людзей з дэменцыяй, каб атрымаць ад іх зваротную сувязь пра адаптаванасць спектакля. Акцёры ўзаемадзейнічаюць з гледачамі перад пастаноўкай і пасля яе, каб стварыць больш сяброўскую, бяспечную атмасферу.

Напрыканцы вэбінара Наталі Тэрнэр распавяла, як можа супольнасць, прыязная да сталых, стаць прыязнай і да людзей з дэменцыяй.

У першую чаргу неабходна ўпэўніцца, што людзі з дэменцыяй уключаныя ва ўсе этапы планавання праграмы дзеянняў (напрыклад, праз кансультатыўныя групы).

На аснове 8 асноўных рысаў, характэрных для супольнасцяў, прыязных для сталых, можна распрацаваць план дзеянняў па задавальненні патрэбаў людзей з дэменцыяй. Акрамя гэтага, “прыязнасць да людзей з дэменцыяй” можна разглядаць у якасці дзевятай рысы, характэрных для супольнасцяў, прыязных да сталых.

Вэбінар праходзіў у межах серыі вэбінараў, арганізаваных Міжнароднай федэрацыяй па сталенніі ў супрацы з  Дэпартаментам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па пытаннях старэння і жыццёвага цыклу”. Больш падрабязную інфармацыю пра семінар можна даведацца з прэзентацыі Наталіі Тэрнер.

Ганка Урбановіч

Яшчэ запісы