Правілы жыцця ад Раісы Малыхінай

Правілы жыцця ад Раісы Малыхінай

Многія слухачы «Універсітэту Залатога Веку» добра ведаюць гэтую прадстаўнічую і абаяльную жанчыну, удзельніцу многіх акцый і мерапрыемстваў УЗВ, навучэнку шматлікіх курсаў. Гэта Раіса Цітаўна Малыхіна, якая не ўяўляе свайго жыцця ў цесных сценах уласнай кватэры і асабістых інтарэсаў, адарванай ад грамадскага жыцця.

Адкрыты добразычлівы погляд жывых вачэй, энергічная хада выдаюць у ёй чалавека цвёрдых жыццёвых правіл, гатовага прыйсці на дапамогу слабейшаму.

У яе паводзінах адчуваецца вялікі жыццёвы досвед, які склаўся за пражытыя нялёгкія гады, цікаўнасць да жыцця, адказны падыход да кожнай справы.

Якімі правіламі і прынцыпамі яна кіруецца ў сваім жыцці — менавіта гэтай тэме і было прысвечанае інтэрв’ю з нашай гераіняй.

Раіса Малыхіна

1. Жыццё прывучыла мяне не замыкацца на асабістым, а жыць грамадскімі інтарэсамі, дапамагаць людзям. Тваё жыццё зліваецца з іншымі ты бачыш, што пражыў не дарэмна.

 Старасць мяне дома не застане, у дарозе я заўжды.       

2. Я зразумела, што не трэба засяроджвацца на дробязях, а знаходзіць і вырашаць галоўнае.   Калі з розумам спяшацца, то ўсюды паспець удасца.

3. Хоць я пражыла доўгае жыццё і шмат вучылася, але, паступіўшы ва УЗВ, зразумела, як мала ведаю.Так і хачацца паўтарыць філосафа Сакрата, які заяўляў: “Цяпер я ведаю, што нічога не ведаю.” Таму штогод наведваю па 3-4 секцыі.

Лічу, што не трэба спыняцца на дасягнутым, а вучыцца ніколі не позна.

4. Для паўнавартаснага жыцця патрэбны ўласныя цікаўнасць, актыўнасць, праца.

5. Узятую на сябе справу важна даводзіць да канца, каб не падводзіць іншых.

Не даў слова – мацуйся, а даў – трымайся. 

6.  Хоць я пражыла поўнае трывог, небяспекі і крыўды жыццё, але зрабіла выснову:

Не засяроджвайся на дрэнным, не насі ў душы зла: яно раз’ядае душу, умей дараваць і быць шчодрым чалавекам.

7. Дабрыні, шчодрасці вучыць і рэлігія, якая сканцэнтравала тысячагадовы вопыт чалавецтва. Таму без Бога ў душы не пражывеш, без яго дзесяці запаветаў.

8. Шчаслівым бывае той чалавек, які валодае трыма рэчамі: добрым здароўем, цікавай працай, свабодай.

9. Я не згодна, што шчасце ў багацці, у грошах.

Грошы – зло, калі на іх маліцца, але без іх не пражывеш: яны даюць незалежнасць.

10. Давялося перажыць прымус і насілле. Але ўбачыла, што поспех людям прыносяць такія адносіны, якія грунтуюцца на ўзаемнай павазе, добразычлівасці, на адмове ад гвалту.

           Мае пажаданні: здароўя – паболей,

жыцця – падаўжэй,

любові – памацней,

сяброў – павярней.

Раіса Малыхіна

Правілы жыцця Раісы Малыхінай даведаўся і занатаваў   Іван Буднік

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.