Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

У Гродна да 1 кастрычніка адкрылася вялікая фотавыстава. Гэта два фотапраекты, зробленыя некалькі гадоў таму — «Рэтра-сукенка» і «Анатомія цела» – удзел у якіх бралі студэнткі, выкладчыцы і валанцёркі праграм гродзенскага «Універсітэта залатога веку».

Гэтыя два праекты паказаныя шырокаму колу гараджан упершыню, распавядае Варвара Злобіна, асістэнтка дырэктаркі праграмы «Універсітэт залатога веку»:

— Гэта вельмі важна, бо мы ва Універсітэце робім шмат цікавых праектаў, але часта яны застаюцца ў межах універсітэта. Нам было важна падзяліцца тым, што мы маем, з горадам.

«Рэтра-сукенка» і «Анатомія цела»: у першым праекце ўдзельнічалі нашы студэнткі, слухачкі УЗВ, яны фатаграфаваліся ў нейкіх сваіх штодзённых абставінах, ці спецыяльна рыхтаваліся да выставы. На той частцы выставы, што называецца «Анатомія цела» было важна паказаць, што прыгажосць не залежыць ад стандартаў, якія мы зараз маем. Прыгожа — гэта заўсёды прыгожа.

Другі праект — гэта «Рэтра-сукенка». Маладыя дзяўчаты фатаграфаваліся ў рэтра-сукенках, якія прынеслі слухачкі Універсітэта залатога веку.

Гэтым сукенкам шмат гадоў: ёсць сукенкі 1930-х гадоў, ёсць такія, якія знайшлі на гарышчы і якім невядома колькі год, невядома колькі яна там праляжала. І няма ўжо і жанчыны, якая яе шыла, і сваякоў яе не засталося. Гэтыя сукенкі з гісторыяй, і нам было важна паказаць, што сукенкі гэтыя былі прыгожыя тады і цяпер яны вельмі арганічна глядзяцца.

Я сама ёсць на гэтых здымках і я апранута якраз у такую сукенку, якая была знойдзена на гарышчы, і ёй невядома колькі гадоў. Мяне здзівіла, што яна пашыта цалкам рукамі, і там няма ні “маланкі” , ні гузікаў, такіх сучасных, ні машыннай строчкі. Але яна сядзіць па фігуры і вельмі акуратная, бо была вялікая праца жанчыны, што рабіла яе. Другая сукенка, ў якой я ёсць на фота, — гэта сукенка, якую шыла бабуля Ланы Руднік. Але яна так сучасна і модна глядзіцца, што неверагодна, з улікам колькі гэтая рэч праляжала ў шафе.

Фотавыставу праектаў можна будзе паглядзець цягам бліжэйшых двух тыдняў.

Крыніца: Андрэй Мялешка, www.baj.by

Крыніца: ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"