Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Адным з найяскравейшых выступаў у межах Міжнароднай канферэнцыі для сталых людзей, якая была 29-30 сакавіка, быў паказ мод Універсітэта Залатога Веку, ад секцыі “Мода, стыль і прыгажосць”, пад кіраўніцтвам выкладчыцы Ірыны Новік.

– Ірына, як Вы можаце пракаментаваць вашы тры паказы? Што паспрыяла вызначэнню тэматыкі?

-Для паказу ў межах канферэнцыі мы падрыхтавалі тры калекцыі сторояў і зрабілі такім чынам тры паказы. У першым прадэманстравалі адзенне прэт-а-партэ (гатовае адзенне масавай вытворчасці).

Але мэтай паказу было не толькі прадэманстраваць сучасныя модныя тэндэнціі, але і падкрэсліць магчымасці стварэння індывідуальнага вобраза з дапамогаю самаробных аксесуараў і дадаткаў кшталту арыгінальна павязаных  шалікаў.

(Ірына Новік)

Усе пацеркі, брошкі, заколкі, каторыя выкарыстаны на гэтым паказе, удзельніцы секцыі зрабілі самі пад час нашых заняткаў. І больш дзесятка спосабаў завязваць шалікі таксама на майстар-класе засвоілі.

(Валянціна Парэйка)

Думаю, што пасля нашага паказу ў кожнага глядача ці глядачкі з’явілася ўпэўненасць, што нават самы просты строй можна зрабіць элегантным і арыгінальным, калі творча падыйсці да стварэння ўласнага вобразу.

(Таццяна Таранка)

Другі паказ – гэта дэманстрацыя святочных строяў у спалучэнні з венецыанскімі маскамі. Маскі мы таксама рабілі разам. Тым не менш, усе яны атрымаліся вельмі індывідуальнымі.

Можа таму, што менавіта на маску майстрыні перанеслі тыя свае эмоцыі, каторыя мы не так часта дэманструем у паўсядзенным жыцці – загадкаваць і таямнічасць, экстравагантнасць і шляхетнасць…

 (Ірына Новік)
 (Валянціна Парэйка)
 (Ванда Афанасьева)
Ну а трэцяй калекцыяй, абранай да паказу стала калекцыя індыйскіх сары. На першы погляд – дзіўны выбар.
(Рыма Алізаровіч)

Але насамрэч – глыбока абгрунтаваны і, як аказалася, вельмі  эмацыйна блізкі для удзельніц секцыі.
Закранулі мы тэму Індыі на сваіх занятках у сувязі з тым што мне давялося наведаць гэту краіну ў мінулым годзе.
І канечне, дзяўчаты распытвалі мяне пра быт і  паўсядзеннае жыццё індусаў.
Так у размовах і высветлілася, што для многіх з іх Індыя (а дакладней індыйскае кіно) гэта добры кавалак успамінаў пра маладыя гады – як стаялі ў чэргах за білетамі і бегалі па некалікі разоў на любімыя фільмы, як напявалі сабе песенькі  кінагерояў, як марылі патрапіць у гэту дзіўную краіну.
Іх шчырая цікавасць натхніла мяне спачатку на правядзенне майстар-класу па адзяванню сары, а пасля і на дэманстрацыю гэтай калекцыі.

І тое, што пад час паказу з залі пачалі падпяваць “Джімі, Джімі – Ача, Ача….” хіба што падмацавала правільнасць такога выбару.

(злева направа: Ірына Новік, Людміла Салаўёва, Таццяна Таранка, Ванда Афанасьева, Валянціна Парэйка, Рыма Алізаровіч)

-Якім чынам Вы натхняяце наведвальніц вашай секцыі?

(Людміла Падкуйка)

-Што тычыцца натхнення удзельніц секцыі, то тут з майго боку няма сакрэтаў ці асабістых “ноу-хау”. Усе проста – натхніць можна толькі шчырай адданасццю працы і асабістым прыкладам. Гэта першае.
А другое, і шмат больш важнае, гэта рэальныя вынікі, дасягнутыя ўдзельніцамі. Менавіта ўласны поспех нараджае жаданне працаваць далей, ісці да новых адкрыццяў у сабе і для сябе.

– Чаго Вам не хапае ў вашай секцыі да поўнага задавальнення?
– Люстэрка )))))) Зараз, каб убачыць вынікі працы над вобразам, трэба бегчы ў другі пакой, альбо рабіць высновы па рэакціі іншых)))) Жарт – жартам, але ў ім ёсць і доля праўды.
А калі шчыра – адна з маіх асабістых задач працы ў секцыі- паказаць, што нам усяго хапае і мы можам рабіць высокамастацкія рэчы проста “з нічога”- маскі мы рабілі са старых газет у тэхніцы папье-машэ, традыцыйныя беларускія лялькі вырабляліся з былога ва ўжыванні адзення, на кветкі і пацеркі пайшлі абрэзкі тканінаў і стужак, кошыкі пад велікодныя яйкі спляліся з папяровых жгутоў.
Сакрэт у тым, каб скарыстаць тое, што ёсць ў наяўнасці, а не жаліцца, што чагосці не хапае.

-Што пажадаеце вашым наведвальнікам і нашаму ўніверсітэту?
-Наконт пажаданняў наведвальнікам універсітэту – у першую чаргу – здароўя! Ну а далей – цікавасці да жыцця, да сябе як да асобы і жадання адкрываць у сабе новыя і новыя гарызонты. І канечне, добрых сяброў і аднадумцаў побач. Набывайце новыя веды, дзяліцеся сваім жыццёвым досведам, эксперыментыйце ў самарэалізацыі, не бойцеся быць непаўторнымі і галоўнае – дазвольце сабе быць шчаслівымі – вы гэтага  заслугоўваеце!

А Універсітэту хачу пажадаць “сто лят” )))) і каб ён мог расці і пашырацца, каб меў магчымасць павялічваць колькасць удзельнікаў праграмы, каб выпускнікі вярталіся сюды ў якасці выкладчыкаў, каб не згасала надзея на сапраўды залаты час у залатым веку.

-Дзякуй, Ірына!

Аўтар: