Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Першым госцем на агульных лекцыях УЗВ стаў сёлета журналіст і краязнаўца Глеб Лабадзенка з Мінска. Больш за дзесяць гадоў ён збірае розныя матэрыялы аб вялікім беларускім родзе Радзівілаў, якім і была прысвечаная сустрэча.

Глеб Лабазденка побач з выявай Дамініка Радзівіла

11 кастрычніка Глеб расказаў пра першага з роду Радзівілаў – Радзівіла Осьцікавіча і далей пра ўвесь род да сённяшняга дня.

Студэнты УЗВ даведаліся шмат цікавых звестак пра гісторыю будаўніцтва Нясвіжскага каменнага замка, узвядзеннем якога займаўся першы нясвіжскі ардынат Мікалай Хрыстафор Радзівіл «Сіротка».

Яго нашчадак Дамінік Радзівіл пад час вайны з Напалеонам перайшоў на бок французаў і загінуў. З-за гэтай здрады Радзівілам 60 гадоў не дазвалялася жыць у Нясвіжы. Замак прыйшоў у заняпад.

Міхаіл Казімір Радзівіл “Рыбанька”

На пачатку 20-х гадоў XVIII ст. дзякуючы дзейнасці Міхаіла Казіміра Радзівіла “Рыбанькі“, а таксама яго сына – Караля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку” у замку адбыліся рамонтныя, будаўнічыя і рэканструкцыйныя работы. З гэтага моманту пачаўся новы перыяд у жыцці палаца-замкавага комплексу.

Глеб Лабадзенка падзяліўся са слухачамі сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Эльжбетай Радзівіл, дачкой апошняга ўладара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла і апошняй жыхаркай Нясвіжскага замка.

Праз некалькі тыдняў спадарыні Эльжбеце споўніцца 101 год. Яна нарадзілася ў Лондане, была ахрышчана ў Парыжы, жыла ў Нясвіжы і Вене, цяпер жыве ў Варшаве. Але на пытанне, кім яна сябе адчувае – беларускай ці полькай – яна адказвае – “тутэйшай”.

Эльжбета Радзівіл з бацькам

Спадар Глеб паказаў фотаздымкі з асабістага архіву Эльжбеты Радзівіл.

Мэрсэдэс Альбрэхта Радзівіла

Удзел у сустрэчы з Глебам Лабадзенкам узялі каля 100 студэнтаў “Універсітэта Залатога Веку”.

На іх тварах была бачная зацікаўленасць гісторыяй магутнага роду Радзівілаў.

Слухачы дзяліліся тым, што яны пачулі цікавыя звесткі пра род Радзівілаў і ім спадабаліся архіўныя фотаздымкі і гумар Глеба Лабадзенкі.

Каманда УЗВ выказвае шчырую падзяку Глебу за яго ўнёсак у развіццё нашай праграмы.

Больш фотаздымкаў можна паглядзець па спасылцы.

Фота Надзеі Шафрановіч

 

 

Яшчэ запісы