Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

11 сакавіка слухачы курса “Літаратурная Гарадзешчына ў постацях і лёсах” праслухалі цікавую лекцыю, бо праведзена яна была на незвычайнай выставе ў Навуковай бібліятэцы.

“Жанчыны ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча” – партрэты шаснаццаці асобаў, што быццам з’явіліся ў нашым часе з той даўняй эпохі прыўкрасных паняў і мужных кавалераў, з пазамінулага стагоддзя. Аўтар,  менскі мастак Уладзімір Стальмашонак (1928–2013), быццам дастаў лісты з прыгожых альбомаў, якія былі ці не ў кожнай пані, гаспадыні салона, маладой паненкі на выданні: глядзіце, якія асобы, якія прыгажуні, разумніцы, зрэшты, вельмі розныя жанчыны прайшлі праз жыццёвыя сцежкі вялікага паэта. Падаецца, аўтар зусім не дбаў пра знешняе падабенства вобразаў і прататыпаў. Выразна вымалёўваў вочы – выяву душы, вусны, з якіх злятаў то радасны смех, то горкая ўсмешка, то плач… Усяго было ў іхніх жыццях.

 

 

У цэнтры, бясспрэчна, яна – муза ўсяго жыцця – Марыля Верашчака- Путкамерова. Выкладчыца Ала Петрушкевіч адаслала слухачоў да артыкула “Шукаю Літву і цябе”, у якім праналізаваны вершы, прысвечаныя гэтай асобе. Пра многіх жанчынаў прагучаў аповед: пра трох Каралінаў, такіх розных, яркіх, пра маці і дачку Марыю і Цэліну (жонку паэта) Шыманоўскіх, пра Саламею Бэкю (Славацкая), Зінаіду Валконскую, Канстанцыю Лубенскую. І ўрэшце, пра Жорж Санд, каханую вялікага Шапэна, блізкага сябра паэта ў эміграцыі, якая слухала лекцыі Міцкевіча…

 

 

На развітанне прагучаў верш даследчыцы творчасці паэта Ірыны Багдановіч “Адам Міцкевіч у Парыжы”, развітальны акорд якога ізноў вярнуў да вобраза каханай ліцвінкі: “Літва ў вачах у вобразе Марылі”.

Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

 

Яшчэ запісы