Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

28 красавіка студэнты УЗВ адправіліся ў інтэграцыйную вандроўку, якой урачыста скончылі дзявяты навучальны год у межах гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”.

Больш за 70 чалавек узялі ўдзел у традыцыйнай штогадовай вандроўцы. Гэтым разам слухачы і выкладчыкі  УЗВ наведалі сядзібу ў Завоссі і возера Свіцязь, на якім зладзілі агульны пікнік.

Завоссе – невялікая вёсачка ў Брэсцкай вобласці. Нягледзячы на сваё вельмі аддаленае становішча і невялікія памеры, гэта месца знаёмае вялікай колькасці беларусаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю. У гэтым месцы нарадзіўся, вырас і доўгі час жыў вялікі беларускі паэт і неверагодны патрыёт Адам Міцкевіч, вядомы далёка за межамі краіны.

Каля ўвахода на тэрыторыю музея-сядзібы Міцкевічаў «Завоссе» студэнтаў УЗВ сустрэла яго супрацоўніца Ганна, якая правяла вельмі цікавую экскурсію. Словы Ганны пра Адама Міцкевіча, пра мясціны, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло юнацтва сусветнавядомага паэта,  кранулі слухачоў УЗВ, яны ўважліва слухалі, задавалі шмат пытанняў і фатаграфавалі.

Студэнты УЗВ з цікавасцю знаёміліся з адноўленай сядзібай, у цэнтры якой размясціўся дом з ганкам, насупраць яго – двухпавярховы свіронак, побач – абора, гумно, калодзеж-журавель, пограб, лазня на беразе невялікага маляўнічага вадаёма.

Дакладных апісанняў шляхецкага дома ў Завоссі не захавалася, а тое, што слухачы УЗВ убачылі падчас экскурсіі, – гэта літаратурна-мастацкі вобраз, створаны паводле паэтычных ілюстрацый са знакамітай паэмы  «Пан Тадэвуш», напісанай Адамам Міцкевічам у Парыжы ў 1832 – 1834 гадах.

У самым цэнтры Наваградскага ўзвышша, непадалёк ад вёскі Валеўка, на Гродзеншчыне размяшчаецца возера Свіцязь. Непаўторныя краявіды, маляўнічая берагавая лінія і найпрыгажэйшая расліннасць ствараюць вакол возера арэол загадкавасці і казачнасці. Стогадовыя дубы-гіганты, якія растуць тут, навяваюць думкі пра тое, што некалі даўно на гэтай зямлі ваявалі магутныя рыцары, адпачывалі закаханыя пары, а тутэйшы лес быў любімым месцам папаляваць на дзічыну для мясцовых князёў.

Менавіта на возера Свізяць адправіліся слухачы УЗВ пасля цікавай экскурсіі. Песні, цёплыя словы, шчырыя віншаванні – усё гэта гучала на беразе цудоўноўнага возера, дзе студэнты арганізавалі агульны стол.

Самыя смелыя студэнты не пабаяліся прайсціся па чысцюткай вадзе возера.

У гэтым годзе студэнты УЗВ прыдумалі і здейснілі цікавы абрад, які стане традыцыяй на наступныя гады. Студэнты падрыхтавалі прыгожыя стужачкі, якія завязалі на бярозе каля берага возера. Такім чынам слухачы УЗВ пакінулі на возеры дрэва жадянняў. Кожны ўдзельнік мог загадаць жаданне і пакінуць стужачку на дрэве. Акрамя асабістых жаданняў удзельнікі праграмы загадвалі і агульныя – зычылі УЗВ шмат гадоў існавання.

 

 

Усе фотаздымкі з вандроўкі можна паглядзець у альбоме.

З такой вандроўкі пачаліся канікулы студэнтаў УЗВ, якія будуць цягнуцца да восені. З верасня пачнуцца адкрытыя заняткі і прэзентацыі, на якіх можна будзе запісацца ва УЗВ-10.

Яшчэ запісы

Каментароў - 1

  1. Мария Веренич у 14:49

    С большим уважением отношусь к той большой и важной работе, которую проделывает ваш семейный тандем. Желаю долгого продолжения проекту и поиска решений для госфинансирования таких важных программ как социализация людей третьего возраста.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *