Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

З надыходам вясны хочацца зменаў. Вялікіх і маленькіх.

Студэнтам УЗВ на месцы не сядзіцца, таму чарговыя заняткі па курсе беларускай мовы вырашылі правесці ў незвычайным месцы, для большасці слухачоў новым. Такім месцам стала крама “Лёля”. Выбар не выпадковы. Менавіта сярод рэчаў, зробленых умелымі рукамі беларускіх майстроў, можна адпачыць душой і, між тым, даведацца шмат новага.

Рэчы крамы “Лёля”

Такая звыклая і такая штодзённая побытавая рэч, як посуд, і асабліва керамічны, на самой справе вельмі незвычайная і мае сваю гісторыю. Калі ўпершыню беларусы сталі выкарыстоўваць керамічны посуд? Калі з’явіўся першы ганчарны круг? Які шлях праходзіць гліна перш чым набыць абрысы таго ці іншага вырабу? На гэтыя і іншыя пытанні выкладчыца курса “20+ крокаў да беларускай мовы” Вікторыя Петрусевіч пастаралася адказаць у ходзе заняткаў. Даведаліся, як правільна па-беларуску назваць талерку і міску, кубак, філіжанку і кухаль, качалку, гляк і іншае.

Слухачы курса “20+ крокаў да беларускай мовы” у краме “Лёля”

Спадабалася, як заўсёды, атмасфера заняткаў! І цудоўнае спалучэнне тэорыі і практыкі: можна паглядзець, пачапаць і палюбавацца выдатнымі ўзорамі посуду!” – такія ўражанні засталіся ў Яніцкай Галіны.

І сапраўды. Найлепшым лічыцца той занятак, дзе тэорыю адразу можна прымяніць на практыцы. На палічках крамы посуд такі, што сам просіцца ў рукі: дакрануцца, пагладзіць, разгледзець. І ў такі момант быццам бачыш самога майстра, спрабуеш разгадаць загадку магнітызму таго ці іншага вырабу.

Зінаіда Цупрыновіч падзякавала “цудоўнейшай выкладчыцы Вікторыі за яе цікавыя, як заўсёды, заняткі. Тэма “Посуд” вельмі спадабалася! Вікторыя незвычайна распавядала пра гісторыю ганчарства ў Беларусі, пра сучасных майстроў. А крама “Лёля”! Там столькі  цікавых рэчаў… І да іх можна дакрануцца!”

Ларыса Кіркевіч – аб сваіх уражаннях: “Выкладчыца курса Вікторыя пазнаёміла нас з роднымі тэхнікамі вырабу посуду, якія выкарыстоўваліся на беларускіх землях са старажытных часоў. Мы мелі мажлівасць убачыць сучасны посуд, зроблены беларускімі майстрамі з керамікі, шкла, дрэва і лазы. Усе вырабы вельмі прыгожыя. Былі ўражаныя высокім майстэрствам рамеснікаў. Шчыры дзякуй Вікторыі за гэты занятак! Раім усім, хто хоча пабачыць і набыць прыгожыя рэчы і падарункі, прыходзіць у краму “Лёля”, што на Вялікай Траецкай, 7!”

Яшчэ запісы