Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Наша натхнёная выкладніца курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах” спадарыня Ала Петрушкевіч падаравала сваім слухачам чарговы паэтычны падарунак – запрасіла на сустрэчу вядомую гарадзенскую паэтку Дануту Бічэль.

Паслухаць гэтую мудрую жанчыну прыйшлі не толькі студэнты УЗВ, магчыма было запрасіць сваякоў, сяброў ды знаёмых. Данута Янаўна дзялілася і сваімі ўспамінамі пра жыццё-быццё, і роздумам пра культуру ды літаратуру.

Безумоўна, самай каштоўнай часткай сустрэчы была Паэзія. Спадарыня Данута ўзгадала свае першыя творы, з чаго і як пачыналася яе творчая біяграфія.

Многія слухачы выявілі сваю дасведчанасць ў адосінах да яе творчасці. Прагучала некалькі вершаў паэткі ў добрым выкананні прыхільнікаў яе паэтычнага дару: Рымы Алізаровіч, Алы Матыс, Уладзіміра Рунге, Людмілы Мацвеевай. Асабліва кранула прысутных мастацкае чытанне верша паэткі, перастворанага на польскую мову Мацеем Юзафам Кананановічам настаўніцай з Польшчы, слухачкай нашага курса Беатай Барась.

Другая палова сустрэчы былы прысвечана новай, як кажа аўтарка, апошняй кнізе паэзіі Дануты Бічэль, якая выйшла ў залатой серыі лепшых твораў Беларускай літаратуры. З душэўнай цеплынёй Данута Янаўна трымала ў руках гэта сваё любімае дзецішча – плён шматгадовай працы і зачытала некалькі вершаў адтуль. Слых ласкала пяшчотная мелодыя добрай паэзіі.

Пасля заканчэння сустрэчы людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, яны стаялі ў калейцы па аўтограф знакамітай аўтаркі, фатаграфаваліся на добры ўспамін, дзяліліся ўражаннямі, дзякавалі сваёй выкладніцы Але Мікалаеўне ды шаноўнай госці за сустрэчу – раскошу чалавечых узаемін.

Тэкст Святланы Маразевіч

Яшчэ запісы