Тамара Паўловіч: успаміны пра майго бацьку Арлова Уладзіміра Іванавіча

Тамара Паўловіч: успаміны пра майго бацьку Арлова Уладзіміра Іванавіча

На працягу некалькіх апошніх год ва УЗВ працуе курс «Наш радавод» пад кіраўніцтвам Любові Зорынай. Удзельнікі курса вывучаюць гісторыі сваіх сем’яў, запісваюць успаміны сваіх блізкіх. Мы вырашылі апублікаваць некаторыя з гэтых успамінаў у нашай рубрыцы «Жыццёвы дзённік». Першай сваёй гісторыяй дзеліцца Тамара Паўловіч (на здымку).

Мой тата Арлоў Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў чэрвені 1926 года у в. Дзедавічы Пскоўскай вобласці. Зараз гэта пасёлак гарадского тыпу, які знаходзіцца на адлегласці 130 км ад Пскова.

Прозвішча Арлоў ён насіў не заўсёды, а толькі пасля пятага класу. Яго бацькі былі вельмі простымі людзьмі: бацька кіроўцам, пра маці невядома нічога. Захаваўся адзіны здымак 1934 года, з якого бачна, як яны вельмі проста апранутыя.

Прыблізна ў 1938 годзе яны былі рэпрэсаваныя. За што? Тата не ведаў, яму было каля 10-12 гадоў.

Калі гэта здарылася, тату і яго малодшую сястру Насцю гадавала цётка Каця. Дзецям рэпрэсаваных чамусьці часта (напэўна, каб іх не забралі) змянялі прозвішча. Вось і мой тата як і яго сястра да пятага класа былі Ягоравымі. І, адпаведна, дзед мой — Ягораў Іван, а бабуля — Ягорава Алена.

У спісах рэпрэсаваных я знаходзіла Ягоравых з Пскоўшчыны. Але ці яны гэта былі, ці не, невядома, бо не ведаю падрабязнасцей аб іх жыцці; напрыклад, адкуль яны, дзе нарадзіліся, год рэпрэсіі — усё толькі прыблізна.

У 1944 годзе, калі родную вёску вызвалілі ад немцаў, тата пайшоў на фронт. Было яму 17 год. Напярэдні гэтага з ім адбыўся наступны выпадак, калі ён амаль што на загінуў.

Пскоўшчына — вядомы партызанскі край. Спачатку іх вёску адваявалі ад немцаў партызаны, потым зноў немцы прыйшлі. І вось тату і яшчэ прыблізна 15 чалавек-аднавяскоўцаў немцы сабраліся растраляць. Ужо прыгатавалі кулямёт, людзі стаялі каля сцяны гумна. Але ўмяшаўся нейкі «добры» немец і адмяніў растрэл.

Вайна. Вось успаміны таты:

… Першы бой запомніўся на ўсё жыццё. Стан перад боем асаблівы. У той час, што могуць забіць, не верыў. Што могуць параніць — дапускаў, толькі баяўся стаць інвалідам. Перад боем усім байцам давалі па 100 г гарэлкі. Я быў малады і першы раз паспрабаваў яе. Самае страшнае, што батальён ішоў у атаку без папярэдняй агнявой падрыхтоўкі. У гэтым баі загінула шмат байцоў. …

Тата ваяваў і ў нашых мясцінах — Ваўкавыск, Навагрудак і нават у раёне Верцялішак, дзе і жыў потым з 1978 года. Тут ён мог таксама загінуць, прычым двойчы — у 1944 годзе і пазней. Ён добра запомніў бамбёжку каля торфабрыкетнага завода (толькі дарога мела іншы напрамак у той час). Ён з іншымі салдатамі хаваўся ад бомбаў у трубе пад дарогай і бачыў, што адзін авіяцыйны снарад упаў побач з імі і не разарваўся. Працяг пра гэты выпадак будзе далей.

Дайшоў тата да Кёнігсберга, дзе быў чарговы раз паранены, доўга лячыўся ў шпіталі ў Волагдзе. Да Берліна ўжо не прыйшлося дайсці, але шмат, шмат чаго паспеў, быў камандзірам аддзялення.

16 верасня 1945 года тата браў удзел у Парадзе ў Мінску. Было пахмурнае надвор’е. Пасля параду далі па маленькай пляшцы гарэлкі. Вуліцы Мінска былі разбітыя, і , пакуль рыхтаваліся, пазбівалі боты. На парад выдалі новыя боты.

У таты было шмат узнагародаў: першы медаль «За адвагу» атрыманы за выратаванне афіцера, якого тата вынес з поля бою; Ордэн Славы ІІІ ступені, медаль «За Перамогу».

Ордэн ІІ ступені  знайшоў яго ўжо ў 1986 годзе. Уручалі ўзнагароду яму на ягонай радзіме (ён туды ездзіў з маім старэйшым сынам Андрэем).

Сапёр і сувязіст, потым добры кухар! Пасля вайны служыў у Беларусі да 1950 года. Апошняе месца дыслакацыі — Бабруйск.

У той час мама мая Галя працавала кінамеханікам у тых краях. Аднойчы яны падвозілі салдат, сярод якіх быў і мой будучы тата, так і пазнаёміліся. Тата хадзіў на спатканні за 25 км ад Бабруйска да Кіраўска, дзе яны потым і ажаніліся, жылі, дзе нарадзілі трох дочак, усім далі вышэйшую адукацыю. Пражылі разам 59 гадоў.

Тата працаваў амаль усё жыццё трактарыстам, меў шмат падзяк. Быў партыйным, з-за чаго маме давялося развітацца з вельмі прыгожымі абразамі (помню на абразе мілавідны твар, вакол якого прыгожыя кветкі, напэўна, з паперы і воску пад шклом).

Тата вельмі любіў хадзіць на рыбалку. Чамусьці, як і шмат якія мужчыны, бацька хацеў, как у яго першым быў сын, але нарадзілася я — дзяўчо. Не ведаю, ці моцна ён шкадаваў аб гэтым, бо я для яго была «сынком».

Заўсёды браў мяне з сабой у лес, на рыбалку (каля Кіраўска працякала рака Ала), а калі я трохі падрасла, то стаў давяраць мяне рычагі свайго трактара (невялікі такі, калі спераду кузаўчык, а за ім трактарыст за рычагамі). Ездзіла па пасёлку побач з ім да таго часу, пакуль аднойчы на сваім агародзе добра не ўрезалася ў дрэва.

Паляўнічы! Заўсёды каля печкі сушыліся скуры ад зайцоў, вавёрак, ліс. Потым ён іх здаваў у канторы райнарыхтоўкі.

Аднойчы ў Кіраўску з ім адбыўся такі выпадак. Зіма, доўгая вуліца Савецкая, на якой мы жылі. З аднаго боку яна ўпіралася ў поле і лес. Я каля хаты па вуліцы гуляю з малодшай сястрой. Тата на паляванні на зайцоў.

У полі каля лесу ў стрэльбе заклініла патрон пасля першага стрэла ў зайца. Заяц ад страху пабег не ў лес, а ўздож вуліцы, тата следам за ім на нартах. Заяц як бег прыблізна 2 км, так і забег у наш двор, бо мы не зачынілі брамку.

Тата прыбег услед за зайцам, зачыніў за сабой брамку, прысеў каля яе. Заяц сядзіць сабе каля прыступак хаты і чакае, што будзе далей. А тата другім патронам стукае па патроне, які заклініў у стрэльбе. Мы с сястрой на вуліцы. І тут выбух! Яму адарвала маленькі палец, другі палец пакалечаны. А заяц жывы, яго яшчэ доўга бачылі каля хаты на агародзе. Вось так: не пакалечыла на вайне, то гэта здарылася апасля, на ўласным двары.

Усё роўна працаваў на трактары. Жылі не вельмі багата, але паступова ўсё нажылі. Самі пабудавалі хатку, потым прыбудову да яе, была лазня, гаспадарка — карова, свінні, куры. Спачатку мапед, а потым «Масквіч 412».

Потым зя’віліся зяць і ўнукі. Хадзіў з мамай на індыйскае кіно, на кожныя выбары — самы першы, у 6 гадзін раніцы! Любіў і выпіць, кожны год на маёўкі выязджалі. Было шмат сяброў. З Пскова некалькі разоў прыязджала ягоная сястра Насця. Тата ў той час не ездзіў на радзіму, напэўна, гэта было дарагавата.

А ў 1978 годзе, калі я ўжо жыла з сям“ёй у Гародні 2 гады, тата і матка з малодшай сястрычкай пераязджаюць да нас, на Гарадзеншчыну.

Тата ўладкоўваецца трактарыстам у вядомы і квітнеючы ў той час калгас «Прагрэс» у Вярцялішкі. Адзін з найлепшых «Арлоў», як казалі пра тату. І дзень і ноч, нават у святы на трактары. У 1979 годзе, калі выпала шмат снегу, чысціў дарогі нават на Новы год!

І зноў працяг пра тую авіяцыйную бомбу. Аднойчы, у час сяўбы ён зноў сустракаецца з тым неразарваўшымся снарадам. Зачапіў яго трактарам, спыніўся, выйшаў з трактара, узяў снарад абедзьмі рукамі, вынес з поля і паставіў непадалёку ад сябе.

Паведаміў брыгадзіру, прыехалі сапёры, забралі снарад. Калі мы пыталіся, ці не баяўся, што ён можа ўзарвацца, то казаў, што не думаў пра смерць.

— Калі бомба падала і не ўзарвалася, то чаго ей цяпер узрывацца?

Артыкул пра Уладзіміра Іванавіча Арлова ў «Гродзенскай праўдзе»

Доўга працаваў трактарыстам, працаваў, калі ўжо быў на пенсіі.

Яго вельмі шанавалі ў калгасе. Кватэру атрымаў менш, чым праз год. Пражыў 85 з паловай. Перажыў маму, таксама партызанку, на 3 гады.

Пахаваныя абодва каля торфабрыкетнага заводу. Вельмі кахаў маму. Амаль кожны месяц прасіў, каб мы звазілі яго на могілкі да яе. Пасядзіць, пагавора ціхенька, заплача.

Памёр «пры сваёй галаве», а кіёк стаяў у куце. Вельмі хварэлі ногі, магчыма, ад цяжкай працы.

Лічу, што жыццё таты ўдалося, нягледзячы на ўсе цяжкасці і вайну.

 

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.