Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

14 сакавіка слухачы курса “Майстэрства акцёра. Эксперымент на сцэнічнай пляцоўцы” пад кіраўніцтвам Васіля Калача выступілі са спектаклем “Клуб для ледзі” ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Спектакль “Клуб для ледзі” ў выкананні трупы УЗВ-10

Гэта быў першы паказ пастаноўкі па-за межамі “Універсітэту Залатога Веку” (прэм’ера для студэнтаў УЗВ адбылася 7 лютага).

Ледзі ў роспачы – што адбываецца ў клубе?

“Падабраць драматычны матэрыял для трупы, якая складаецца з адных толькі жанчын і добра выступіць – складаная і цікавая задача”, – кажа рэжысёр Васіль Калач.

Аўтар п’есы і рэжысёр Васіль Калач задаволены новай пастаноўкай на сцэне

“Спектакль напісаны спецыяльна пад гэту трупу і пад нашых акцёраў. Мы паставілі яго па матывам ангельскіх анекдотаў і творчасці таленавітага Г. П. Вудхаўса з яго Джыўсам і Вустэрам”.

“Наша выступленне мы прысвяцілі выдатнаму чалавеку, які нас нядаўна пакінуў – Лідзіі Бяганскай,  – дадае рэжысёр.

Лідзія Бяганская (на першым плане) выконвала адну з галоўных роляў у спектаклі “Восем жанчын, якія кахаюць” (2016 г.)

– Яна доўгі час служыла ў нашай трупе актрысай, развівалася нават пераступіўшы васьмідзесяцігадовы  парог.

Лідзія Бяганская выходзіла на сцэну, іграла і дарыла нам радасць, не толькі ў тэатры, але і ў жыцці, – успамінае Васіль Калач.

Мы з радасцю ўспамінаем пра нашу выдатную актрысу і з вялікім задавальненнем прадставілі гэты спектакль сёння ўсім прысутным”.

Камічная гісторыя з дэтэктыўным сюжэтам, хуліганствам, ангельскім гумарам і, як у любым анекдоце, прадказальным фіналам – аказалася прыемным сюрпрызам для ўсіх гледачоў спектакля, бо майстэрства тэатральнай трупы слухачоў УЗВ – талент, які з гадамі толькі ўзбагачаецца.

Больш фотаздымкаў глядзіце па спасылцы.

Віялета Лось

Фота аўтаркі

Яшчэ запісы