Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Жыць шчасліва ў любым узросце. Гарадзенскі «Універсітэт залатога веку» адзначыў устаноўлены ААН Міжнародны дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды ў «Цэнтры гарадскога жыцця» Горадні адкрылі адмысловыя выставы.

І  гэта далёка не адзіная ініцыятыва ўніверсітэту для старэйшых людзей.

Пенсія не азначае незапатрабаванасці. Гэта ўжо 7,5 гадоў даказвае «Універсітэт залатога веку» у Горадні. Сёлета праграма прапаноўвала пажылым людзям больш за 50 курсаў і клубаў. Сярод кірункаў – творчасць, гісторыя, кампʼютарныя тэхналогіі ды шмат іншага.

«Універсітэт залатога веку» дае мне магчымасць жыць тым актыўным жыццём, якім я жыла ўсё жыццё», – кажа жанчына, якая бярэ ўдзел у праекце.

Іншая дзеліцца сваймі ўражаннямі:

«Мне падаецца, што я нарадзілася для гэтага месца, мне нават не цісне, што я пенсійнага ўзросту».

Старэнне грамадства – гэта сусветная тэндэнцыя. Беларусь, паводле ацэнкі Сусветнага банку, адносіцца да краінаў, якія «рэзка старэюць». А нашыя пенсіянеры вельмі часта застаюцца на самоце і саромеюцца весці актыўнае жыццё. «Універсітэт» жа стварае такія магчымасці.

«Мы разам святкуем Каляды, сканчэнне навучальнага году, разам ездзім у вандроўкі. Людзі проста разам добра бавяць час, і мне падаецца, гэта вельмі важна, бо ў некаторых няма такой магчымасці, няма такога асяроддзя», – распавядае выкладчыца «Універсітэту залатога веку» Варавара Злобіна.

З нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей у «Цэнтры гарадскога жыцця» Горадні адкрыліся дзве фотавыставы. Першая мае назву «Анатомія цела», і тут мадэлямі выступілі самыя студэнты. Выстава мае на мэце зламаць стэрэатыпы аб прыгажосці, якія пануюць у эпоху глянцу.

«Яны рознабаковыя, яны ў розных жыццёвых сітуацыях – у свеце моды, у свеце працы, у свеце грамадскай заангажаванасці, спорце і г.д. Яны далёкія ад нейкіх ідэалаў прыгажосці, але яны вельмі прыгожыя», – кажа выкладчыца «Універсітэту залатога веку» Ірына Новік.

Другая ж выстава мае назву «Рэтра-сукенка» і паказвае повязь пакаленняў. Маладыя мадэлі пазіравалі ў сукенках, якім па 50–70 гадоў, каб даказаць, што паняцці моды і стылю не маюць узросту.

«Рэчы, якія калісьці былі моднымі і каштоўнымі для людзей, яны і зараз вельмі каштоўныя і прыгожыя. Мы можам зараз прыцягнуць увагу да таго, што мы вельмі часта адносімся да людзей і рэчаў вельмі павярхоўна», – працягвае Варавара Злобіна.

На сённяшні момант кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер, і з кожным годам гэты адсотак будзе павялічвацца. Эксперты адзначаюць, трэба ствараць годныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей і ўдзелу іх у грамадскім жыцці.

Сёння ў Беларусі дзеюць толькі тры ўстановы накшталт «Універсітэту залатога веку». Для параўнання, у суседняй Польшчы такіх універсітэтаў налічваюць каля пяцісот.

Вітаўт Сіўчыкbelsat.eu

Крыніца: Belsat TV