Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

У гэтым годзе ва Універсітэце Залатога Веку працавалі 10 курсаў і клубаў па вывучэнню замежных моваў. У час традыцыйнага падсумавання вынікаў першага семестра студэнты адзначылі не толькі прафесійныя якасці выкладчыкаў, але і асабістыя заслугі.

– “У кастрычніку здзейснілася мая мара – я стала вывучаць ангельскую мову. Навучанне мне даецца няпроста, нягледзячы на ўсе мае намаганні. Вялікія праблемы з лікам (напісаннем лічбаў), вымаўленнем слоў … Мне вельмі падабаецца методыка навучання, прапанаваная Кацярынай Акімавай. Вялікі Вам дзякуй!” ” (Святлана Дрозд, слухачка курса “Ангельская мова для пачаткоўцаў”).

Шмат слухачоў адзначылі прафесійны падыход Кацярыны да заняткаў:

– “Мне падабаюцца заняткі, вельмі даступна і даходліва ідзе тлумачэнне. Раздрукаваны матэрыял выкарыстоўваю як даведнік.
Па ўважлівай прычыне прапусціла заняткі і ўсё нагнала па выдадзеных картках – заданнях, якія рыхтуе для нас выкладчык. Кацярына вельмі добразычлівая, спакойная, уважлівая, намагаецца поўнага разумення матэрыялу. Выкарыстоўвае розныя формы і метады.
Дзякую – Thank you!” (Валянціна Бяляева).

А вось што распавядае пра курс “Ангельская мова для тых, хто працягвае навучанне” (выкладчыца Дар’я Радзевіч) студэнтка УЗВ Ніна Бортнік:

–  “Вельмі даступна і граматна падаецца матэрыял, выкарыстоўваюцца розныя методыкі для запамінання слоў, граматыкі і правільнага вымаўлення (крыжаванкі, загадкі, прымаўкі, хуткамоўкі, песні, прымяняецца мультымедыя).
Інсцэнуюцца розныя сітуацыі, каб прымяніць іх у жыцці (у краме, аэрапорце, у рэстаране і г.д.
Выкладчыца выклікае прыхільнасць, прыемная, лагодная, тактоўная, церпялівая. За першы семестр замацавалі веды, атрыманыя на этапе «англійская для пачаткоўцаў», прайшлі больш глыбока тэмы транспарту, сям’і, авіяпералётаў, пакупак і падарожжаў”.

Шмат добрых слоў адрасавана і выкладчыцы курса французскай мовы Марыне Пілічавай:

– “Я займаюся на курсе гутарковай французскай мовы трэці год. Ніколі да гэтага французскай не займалася. У школе і інстытуце вывучала ангельскую мову, але заўсёды цікавілася Францыяй, яе культурай, і асабліва літаратурай.
Я прачытала ў перакладзе кнігі вялікіх французаў: Гюго, Стэндаля, Мапасана, Заля, Мэрымэ, Дзюма, Мюсэ, Маруа, Базен. З сучасных пісьменнікаў Сагаі, Бегбедэр, Леру.
Маёй марай было прачытаць гэтыя кнігі ў арыгінале. Я шчаслівая паведаміць, што дзякуючы Марыне Пілічавой, яе ўнікальнай методыцы, я ўжо чытаю адаптаваныя тэксты французскіх пісьменнікаў, перакладаю і разумею” – такі прыгожы водгук напісала Святлана Цярохіна.

Таксама пра гэты курс напісала Зінаіда Цупрыновіч:

– ” Заняткі французскай мовы я наведваю ўжо трэці год. І часта лаўлю сябе на думцы: чым бы я займалася на пенсіі, каб не вывучэнне французскай мовы? Яна стала сэнсам майго жыцця”.

Ад самага пачатку існавання УЗВ яго студэнты вывучаюць і польскую мову. Сёлета гэты курс вядзе Ірэна Чэрняк.

– “З вялікім задавальненнем у панядзелкі і серады наведваю заняткі польскай мовы. Мяне ўсё задавальняе. Але, вядома, самае галоўнае – гэта наша выкладчыца, паважаная пані Ірэна.

Мяккая, тактоўная і ў той жа час настойлівая ў дасягненні пастаўленых мэтаў. Заняткі добра падрыхтаваны, маюць ўнутраную логіку, рух ад простага да складанага матэрыялу. Вельмі дапамагаюць раздаткі, з якімі працуем у групе і дома.

Пані Ірэна падыходзіць індывідуальна да кожнага з нас, улічвае ступень падрыхтаванасці таго ці іншага слухача.

І мы не толькі знаёмімся з граматыкай, папаўняем свой актыўны і пасіўны слоўнікавы запас, чытаем і гаворым па-польску. Пані Ірэна пашырае наш кругагляд у плане гісторыі польскай дзяржавы, легенд, традыцый, святаў, звычаяў, знакамітых вучоных, пісьменнікаў, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.

І, што вельмі важна, пані Ірэна стварае цёплую атмасферу, спрыяе развіццю добразычлівых адносін паміж намі ў калектыве».

«Таксама хочацца адзначыць уклад Пшэмека [Пшэмыслаў Кучыньскі, валанцёр з Польшчы], які таксама актыўна спрыяў нашаму навучанню мове і знаёмству з польскай культурай.

Я ацэньваю працу курса ў 10 балаў” – напісала  Аліцыя Гацілава, якая наведвала курс “Польская мова для працягваючых”.

Ва Універсітэце выкладаецца таксама беларуская мова. Аўтарскі курс  “20+ крокаў да беларуская мовы” і “Клуб беларускай мовы” выкладае Вікторыя Петрусевіч.

Вось што піша пра вывучэнне роднай мовы наша студэнка Ніна Бортнік:

– “Я прыйшла на гэтыя заняткі, каб лепш пазнаёміцца  з творамі беларускіх пісьменнікаў, быць разам з усімі, хто цікавіцца беларускай мовай, спазнаць тое, што не ведала альбо прапусціла ў маладосці.

Выкладчыца Вікторыя вельмі добрая і прыгожа распавядае аб нашых пісьменніках, шмат дае матэрыялаў і на відэа, і з сабою ў выглядзе раздатак. Занятак пралятае нібыта імгненне і не хочацца развітвацца.

Таксама разам з выкладчыцай мы ўжо наведалі музей М. Багдановіча , дзе нам вельмі добра распавялі пра сям’ю, звычаі і традыцыі Багдановічаў. За гэта я вельмі ўдзячна выкладчыцы.

За час заняткаў мы даведаліся пра спецыфічныя асаблівасці беларускай мовы, марфалагічныя асаблівасці, практыку мовы, пра традыцыі нашых продкаў (Дзяды) і звязаныя з гэтым памінальныя звычаі, памінальныя стравы і напоі, практыкуем мову. Разгледзелі творчасць А. Міцкевіча (Дзяды), Я. Янішчыц, М. Багдановіча.

Мне падабаецца ўсё, што нам прапануе выкладчыца і далей буду ўдзячна ўсяму таму, што яна для нас падрыхтуе.”

Моўныя курсы і клубы працуюць у межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

 

Яшчэ запісы