Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Выкладчыца курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах” Ала Петрушкевіч запрасіла гасцей ва “Універсітэт Залатога Веку” на свой занятак, прысвечаны знакамітым асобам Гродзеншчыны.

Ала Петрушкевіч

Ганаровым госцем быў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч: крытык, літаратуразнаўца, краязнавец. Ён з’яўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1971г., кандыдат філалагічных навук (1964), прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы (1994).

Аляксей Міхайлавіч распавёў пра сваё жыццё, бацькоў і дзяцінства. Спадар Пяткевіч узгадаў, як “бацька аднойчы купіў яму, малому, лёды. Хлопчык неасцярожна нахіліў шклянку, і ўраз размяклая салодкая смаката аказалася на бруку. Якая бяда! Бацька быў добрым. Купіў яшчэ адну порцыю. Малы з усіх ног паімчаўся дахаты, бо лёды раставалі імгненна. Каб данесці маме”.

У жыцці Аляксею Міхайлавічу пашчасціла знацца і сябраваць з людзьмі, якія сёння лічацца класікамі беларускай літаратуры. Гэта Зоська Верас, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль. Пад час сустрэчы ён апавядаў прысутным пра сустрэчы, жыццё і асаблівасці гэтых людзей.

Студэнткі Аляксея Міхайлавіча чыталі вершы Зоські Верас (чытала Ганна Флейта), Ларысы Геніюш (Ганна Крофта), Дануты Бічэль (Ала Матыс). Студэнткі розных гадоў падзяліліся тым, як паўплывала на іх жыццё сустрэча з А. М. Пяткевічам, што сапраўды лічаць Аляксея Міхайлавіча “настаўнікам гарадзенскіх беларусаў”.

Ганна Флейта, Ганна Крофта, Ала Матыс

На працягу вечарыны песні ў выкананні Святланы Маразевіч і Юрыя Седзянеўскага прагучалі вельмі прачула.

Святлана Маразевіч і Юрый Седзянеўскі

Скончылася сустрэча песняй “А я лягу, прылягу” на вершы Ніла Гілевіча, сябра і аднадумцы А. М. Пяткевіча, у выкананні хора “УЗВышша”.

Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнасць і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.

 

 

 

Яшчэ запісы