Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

26 студзеня скончылася стажыроўка ва УЗВ для чатырох прадстаўніц грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць з людзьмі сталага ўзросту або зацікаўлены ў развіцці гэтага напрамку дзейнасці.

На працягу чатырох дзён стажоркі сустракаліся з кіраўніцтвам праграмы, з Радай УЗВ, з прадстаўнікамі “Школы добрых спраў” і “Цэнтра міжпакаленчага паразумення”, а таксама ўдзельнічалі ў занятках і прымалі ўдзел у справаздачна-выбарчым сходзе.

Каардынатары акцый у межах “Школы добрых спраў” распавядаюць пра сваю дзейнасць і акцыі, якія робяць слухачы УЗВ

Стажоркі вельмі падрабязна вывучалі практыкі, якія выкарыстоўваюцца ў праграме УЗВ.  У выніку стажыроўкі з’явяцца апісанні найбольш паспяховых формаў і метадаў актывізацыі сталых людзей.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельніцы стажыроўкі:

Юлія Сяргеева (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ, Мінск):
Даўно хацела трапіць ва УЗВ, шмат чула пра гэту праграму. Спадабалася колькасць накірункаў, якія вы падтрымліваеце, спадабалася арганізацыя працы, актыўная каманда як арганізатараў, так і слухачоў праграмы. Вельмі цікавая ідэя з клубамі – гэта ўнікальная магчымасць выказацца і самарэалізавацца. Вы актывізуеце людзей і робіце іх арганізатарамі многіх мерапрыемстваў. Спадабалася Рада – гэта людзі з моцнай энергетыкай, якія дадуць фору маладым.

Што я адзначыла –  прыцягненне моладзі, абмен ідэямі паміж пакаленнямі.

Моманты стажыроўкі

 

 

Жанна Шчарбініна (ініцыятыўная група сталых людзей аграгарадка Аўсянка, Магілёўская вобласць):
Вельмі шмат добрых уражанняў пасля стажыроўкі. Мая мэта зараз – распавесці іншым пра тое, што тут убачыла. Усё арганізавана дакладна, кожны ведае сваю справу, людзі ўцягнуты ў працэсс. Адчуваецца, што вы жывеце гэтым. Я шмат пра вас чула ад знаёмых і чытала ў інтэрнэце. Радая, што змагла ўбачыць гэта на свае вочы. Паспрабую нешта арганізаваць у сваім аграгарадку.

 

 

 

Аксана Бярнацкая (Цэнтр вольнага часу дарослых і дзяцей “ЭкоЖизнь”, Мінск):
Самы галоўны інсайт – эмацыйны. Не магу стрымаць эмоцыі. Такія адкрытыя людзі тут, вельмі эмацыйныя. Такое адчуванне, што ва УЗВ сабраны канцэнтрат адукаваных цудоўных людзей. Тут ёсць свая атмасфера, энергетыка цеплыні, узаемападтрымка проста лунае ў паветры. Гэта сапраўднае павелічэнне якасці жыцця сталых людзей. Тут можна вешаць шыльду “Месца, прыязнае да сталых людзей”.

Я хацела паглядзець на працу “Цэнтра міжпакаленчага паразумення” і была ўражана тым, што ўбачыла. Я знайшла тут канкрэтныя практыкі – прыеду назад, і адразу пачнем укараняць іх у маёй арганізацыі.

Вельмі спадабалася арганізацыя навучання замежным мовам, арганізацыя “Школы добрых спраў” – абавязкова буду выкарыстоўваць гэты досьвед у сваёй арганізацыі.

Моманты стажыроўкі

Алена Кулюкіна (Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў», Мінск):
Усё спадабалася. Буду выкарыстоўваць вашыя тэхналогіі и ваш падыход у працы сваёй установы. Спадабаліся заняткі “Хаду”, уразілі людзі, якія займаюцца.

“Школа добрых спраў” вельмі спадабалася – ініцыятыўныя людзі і эфектыўныя ідэі, якія робяць жыццё ў горадзе лепш. Хачу абавязкова прэзентаваць гэты досвед калегам.

Каб збегчы ад старасці, трэба дзейнічаць! І я збіраюся рабіць гэта. Паспрабую сабраць людзей залатога веку і разам з імі рабіць падобнае на “Хаду”, “Наш радавод”. Таксама паспрабую арганізаваць “Школу добрых спраў”.

Дзякуючы стажыроўцы у мяне з’явілася бачанне, як рухацца далей.

 

Праграма стажыровак арганізаваная МАГА «АКТ» у межах праекта “Залаты досвед для залатога ўзросту. Развіццё дапамогі сталым людзям і асобам, пацярпелым ад нацыянал-сацыялізма, на падставе лепшых практык” пры падтрымцы нямецкага Фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня”.

Яшчэ запісы