Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Сёрфіць інтэрнэт, размаўляць на замежных мовах, танчыць лаціну, вывучаць гісторыю горада, удзельнічаць у міжнародных спартовых спаборніцтвах — такія перспектывы адкрываюцца перад сталымі студэнтамі «Універсітэта залатога веку» у Гродне. У ім распачаўся дзевяты навучальны год.

Новы навучальны год студэнты і выкладчыкі распачалі студэнцкім гімнам на лацінскай мове «Гаўдэамус ігітур».

— Сёлета ў нас будзе навучацца больш за 150 студэнтаў. Мы атрымалі 198 заявак, — расказала дырэктарка «УЗВ» Лана Руднік. — Набор быў дастаткова складаны і рызыкоўны, бо паднялі кошты на навучанне таму, што не атрымалі дадатковай фінансавай падтрымкі. У нас будуць дзейнічаць 50 клубаў і курсаў. Іх будуць выкладаць 45 выкладчыкаў, з іх 15 упершыню.

Калі Універсітэт толькі пачынаў сваю дзейнасць у 2007 годзе, яго наведвалі 40 студэнтаў, а курсаў было ўсяго шэсць.

Самымі папулярнымі курсамі сёлета сталі: «Гародня шматканфесійная», «Падарожжы ў часе і прасторы», «Фізкультура не для мяне», «Працуем у інтэрнэце». Цікава, што курс пра гарадскія канфесіі стварыў і вядзе адзін са студэнтаў «УЗВ» Уладзімір Рунге.

У гэтым годзе наведвальнікаў чакаюць не толькі традыцыйныя імпрэзы, але і навінкі.

— Будзе вялікая колькасць інтэграцыйных мерапрыемстваў, — паведаміў адзін з застанавальнікаў «УЗВ» Вітаўт Руднік. — У гэтым месяцы мы чакаем гасцей з Літвы, ЗША. Як заўсёды, зладзім калядную вечарыну, паездку на прыроду напрыканцы навучальнага года. Таксама мы плануем правесці Форум універсітэтаў трэцяга веку з Беларусі і іншых краінаў. Мы хочам стварыць такую пляцоўку, дзе падобныя праграмы змогуць сустракацца, абменьвацца досведам, разам адстойваць інтарэсы сталых людзей. Маем запрашэнне на наступнае лета ў Луцк на «Сеньярыяду» — спаборніцтвы ў розных відах спорту сталых людзей. Збіраемся годна прадставіць нашую краіну.

Слухачоў прывіталі кіраўнікі падобных праграм для сталых людзей з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Балгарыі і Італіі — асабіста або праз лісты і відэа. Да прыкладу, у італьянскім Турыне такі ўніверсітэт існуе ўжо 43 гады і стаўся вельмі папулярным. У ім за ўвесь час навучалася больш за 5000 чалавек.

На свята прыехалі старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемапаразуменне» Анжаліка Аношка і старэйшы навуковы супрацоўнік НДІ працы Мінпрацы і сацабароны Беларусі Яніна Ладышава. Спадарыня Яніна расказала аб сацыяльнай падтрымцы і абароне сталых людзей.

— Мы народжаныя па вашай ініцыятыве. Нам два гады, але мы імкнемся ісці ў ногу з часам. Пераймаем ініцыятыву ад вас, заявілі аб сабе з поспехам. Хачу пажадаць, каб вам на доўгія гады хапіла любові да жыцця, каб у вашых вачах свяцілася радасць, жаданне ранкам прачынацца і ведаць, навошта вы прачнуліся. Жадаю вам ідэй, творчасці, натхнення і любові да жыцця і да сябе.

Даведка «ВГ»

Гродзенскі УЗВ — першы ўніверсітэт у Беларусі для сталых людзей. Ён стаўся добрым стартам для падобных праектаў. Універсітэты для пенсіянераў ужо працуюць у Брэсце, Мінску, Кобрыне.

Студэнты самі выбіраюць, чаму будуць вучыцца. Можна абраць адзін прадмет, а можна шчыльна скласці план на ўвесь тыдзень. У агульным раскладзе — больш за сорак прадметаў. Замежныя мовы, танцы, камп’ютар, прыгажосць і стыль, права, шахматы, сад і агарод, рукадзелле. Акрамя заняткаў наведвальнікі УЗВ па жаданні займаюцца дабрачыннасцю, апякуюцца хворымі, прыбіраюць могілкі, збіраюць матэрыяльную дапамогу для патрабуючых, ладзяць экскурсіі, наведваюць канферэнцыі, прысвечаныя сталым людзям.

Крыніца: «Вечерний Гродно»

Яшчэ запісы