Уключэнне з Японіі: Асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей

Уключэнне з Японіі: Асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей

25 красавіка прадстаўніца «Універсітэту Залатога Веку» паўдзельнічала ў вэбінары «Асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей» ад доктара Мегумі Кано з Цэнтра па развіцці здароўя СААЗ у Кобэ, Японія.

50 удзельнікаў з усяго свету падчас вэбінара пачулі адказы на тры пытанні ад спадарыні Кано:

  • Якія існуюць асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей?
  • Як яны былі распрацаваныя? Хто імі ўжо скарыстаўся?
  • Як гэта можа быць карысна Вашай праграме для сталых людзей ці супольнасці?

Спачатку даследчыца распавяла пра развіццё сеткі гарадоў і супольнасцей, прыязных да сталых людзей, якая на сённяшні дзень налічвае 380 гарадоў і супольнасцяў у 37 краінах, пакрываючы каля 134 мільёнаў чалавек. Менавіта ў рамках дзеяння гэтай сеткі ў 2007 годзе былі распрацаваныя першыя 8 паказчыкаў прыязнасці да сталых людзей, адлюстраваныя ў дапаможніку.

Пасля гэтага 15 гарадоў і супольнасцяў з розных часткак свету пратэставалі розныя паказчыкі ў пілотным праекце і вызначылі 4 асноўныя індыкатары, выклаўшы іх са сваімі прыкладамі ў Дапаможніку па індыкатарах, выдадзеным ў 2015 годзе (119 старонак, існуе на англійскай, французскай, кітайскай, гішпанскай мовах).

Такім чынам, ад 160 індыкатараў напачатку даследвання ў 2013, было вызначана 4 асноўныя:

  • Фізічнае навакольнае асяроддзе
  • Сацыяльны асяродак
  • Уплыў сталых людзей
  • Роўнасць

У такія абагуленыя апісанні індыкатараў уваходзяць больш канкрэтныя паказчыкі, напрыклад, даступнасць грамадскага транспарту і пешаходных зонаў, узровень даходаў сталых людзей, доступ да інфармацыі, стаўленнне да сталых людзей у грамадстве, доступ да інтэрнэту ды іншыя.

Па словах спадарыні Кано, праца з індыкатарамі можа быць карыснай супольнасцям па розных прычынах: і каб усталяваць агульнае разуменне існуючай сітуацыі і праблем, і каб паставіць выразныя мэты і задачы, і каб маніторыць змены ў гэтым накірунку, і каб даведацца лепшыя практыкі з усяго свету, і каб прасоўваць змены на ўсіх узроўнях. Таксама яна зазначыла, што Дапаможнік — не адзіная крыніца для вызначэння паказчыкаў і працы з імі. Гэта рэсурс, а не абавязковы рэцэпт, таму Сусветная арганізацыя аховы здароўя (WHO) заклікае да супрацы ў гэтым накірунку.

Паглядзець падрабязную прэзентацыю з вэбінара (па-ангельску) можна тут:

Праграма «Універсітэт Залатога Веку» у Гродне прасоўвае тэму прыязнасці гарадоў да сталых людзей і лічыць, што Гродна мае ўсе шанцы стаць першым у Беларусі горадам, прыязным да сталых людзей.

Вэбінар быў зарганізаваны Міжнароднай федэрацыяй па сталенні (IFA) у рамках серыі сустрэч, прысвечаных Гарадам і супольнасцям, прыязным да сталых людзей. На папярэдні вэбінары прадстаўніца Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO) падчас распавяла пра актуальны стан і планы на будучыню Глабальнай сеткі такіх гарадоў і супольнасцяў. Наступны вэбінар будзе прысвечаны гарадам і супольнасцям, прыязным да людзей, што жывуць з дэменцыяй (Dementia-friendly cities and communities). Сачыце за навінамі і запісвайцеся на вэбінар (па-ангельску) на сайце Міжнароднай федэрацыі па сталенні.

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.