Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

pensioner1

Пенсійная сістэма мае патрэбу ў рэформе, якая не зводзіцца толькі да павелічэння пенсійнага ўзросту, сцвярджаюць спецыялісты. Зрэшты, іншыя крокі патрабуюць стабільнай макраэканамічнай сітуацыі.

Чаму і каму патрэбна рэформа?

Праблемы з пенсійным забеспячэннем могуць пачацца з-за павелічэння долі людзей ва ўзросце старэй працаздольнага. Галоўны навуковы супрацоўнік аддзела дынамікі сацыяльна-эканамічных сістэм Інстытута эканомікі НАН Беларусі Людміла Шахоцька тлумачыць працэс тым, што ў 1990-я гады і ў пачатку 2000-х у Беларусі была нізкая нараджальнасць.

Гэта азначае, што ў бліжэйшае дзесяцігоддзе ў працаздольны ўзрост будзе ўступаць усё меншая і меншая колькасць беларусаў. У Беларусі пенсія выплачваецца па прынцыпе салідарнасці пакаленняў: пенсіянераў ўтрымліваюць тыя, хто працуе. У пачатку 2014 года на 1000 чалавек працаздольнага ўзросту прыпадала 403 чалавекі старэй. У 2009 годзе гэты паказчык складаў 359 чалавек. Аднак далей будзе не лепей, а горш.

У Беларусі дзіцячае насельніцтва скарачаецца, а значыць, прыбыткі ў палку працуючых за кошт мясцовага насельніцтва чакаць не даводзіцца. Згодна з разлікамі беларускіх дэмографаў, у выніку маючых адбыцца ваганняў узростнай структуры насельніцтва, а таксама змяненняў у дынаміцы нараджальнасці і смяротнасці на пачатак 2051 значныя змены закрануць працаздольнае насельніцтва: яго колькасць скароціцца на 1,5 мільёна. Пры гэтым на 370 тысяч чалавек павялічыцца колькасць насельніцтва ва ўзросце старэй працаздольнага.

На сённяшні дзень пенсіянеры складаюць 23,9% ад колькасці ўсяго насельніцтва і 40,3% ад працаздольнага. Згодна з прагнозам, да 2020 года доля пенсіянераў у агульнай колькасці насельніцтва вырасце да 26,4%. Да 2030 года доля пенсіянераў складзе 53,2% ад працаздольнага насельніцтва. Супрацоўнікі Акадэміі навук палічылі, што ў параўнанні з 2014 годам у 2030 чакаецца скарачэнне суадносін плацельшчыкаў пенсій і іх магчымых атрымальнікаў не менш чым на 35%. Калі нічога кардынальна не зменіцца (раптам у Беларусь не хлынуць мігранты), у 2050 – 60%.

Дынаміка колькасці плацельшчыкаў пенсій і іх атрымальнікаў у Беларусі за перыяд 2014-2051 гады
Дынаміка колькасці плацельшчыкаў пенсій і іх атрымальнікаў у Беларусі за перыяд 2014-2051 гады

У выніку змяненняў у бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва можа сфармавацца структурны дэфіцыт. Для плацельшчыкаў гэта азначае, што плаціць у фонд прыйдзецца больш. Згодна з разлікамі, якія рабіліся на канец 2014 года, да 2030-га сума пенсійных выплат павінна вырасці на 20%. Пры гэтым павелічэнне толькі пенсіённага ўзросту ў жанчын да 60 гадоў дазволіць захаваць аб’ём выплат практычна на цяперашнім узроўні.

На сённяшні дзень у Беларусі расходы на выплату пенсій складаюць 8,3% ад ВУП. Для параўнання: у ЗША – 10%, у Еўразвязе – 13%.
– Пенсіі складаюць значную долю сацыяльных выплат, – кажа дэмограф Анастасія Баброва. – У Беларусі расходы на сацыяльную абарону насельніцтва самыя высокія сярод краін СНД.

У 2013 г. выдаткі на сацыяльныя выплаты (пенсіі, дапамогі, стыпендыі) складалі 14,6% ад ВУП, тады як у Расіі – 11,8%, Малдове – 13,2%, Казахстане – 4,1%, Арменіі – 7 , 3%, Украіне – 8,9%. У краінах ЕС выдаткі на сацыяльную абарону насельніцтва значна вышэй. У 2011 г. у суседняй Польшчы гэты паказчык складаў 19,2%, Літве – 17%, Латвіі – 15,1%, самы высокі паказчык сярод краін ЕС у 2011 г. быў у Францыі – 33,6%, Нідэрландах – 32, 3%, Германіі – 29,4%.

Прыхаванае павышэнне пенсіённага ўзросту

У Беларусі няма рэзерву, каб павялічваць долю выдаткаў на пенсіі. Рэформа пенсійнай сістэмы так ці інакш згадваецца, але далей размоў аб павышэнні пенсіённага ўзросту справа не ідзе.

Па дадзеных Сусветнага банка, пенсійны ўзрост у нас значна ніжэй, чым у краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (65 гадоў).

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені 2014 года не выключыў магчымасці павышэння пенсійнага ўзросту ў будучыні:
– Не ведаю калі, але думаю, што будзе, таму што, напэўна, мы адны засталіся, дзе пенсійны ўзрост – 55 і 60 гадоў.

Аднак перад выбарамі наўпрост пенсійны ўзрост павышаць не будуць. Тым не менш з 1 студзеня 2015 года мінімальны працоўны стаж для прызначэння працоўных пенсій павялічаны з 10 да 15 гадоў. Акрамя таго, на пяць гадоў павышаны ўзрост для звароту за мінімальнай сацыяльнай пенсіяй пры адсутнасці патрабаванага стажу працы – да 60 гадоў у жанчын і 65 – у мужчын.

– Паглядзім ў будучыні, можа, і тут дадаткова зробім пэўныя крокі. Гэта дазволіць адсунуць прызначэнне пенсіі тым, хто па жыцці ніякага ўкладу ў эканоміку не ўнёс. Хай гэтая сацыяльная пенсія і невялікая, але калі паглядзець у цэлым, то гэта мільярды рублёў, а ў гадавым вымярэньні, можа, і трыльёны, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржава таксама спрабуе заахвоціць тых, хто працаваў доўга. Для вылічэння пенсіі па ўзросту за кожны поўны год стажу работы звыш 35 гадоў у мужчын і 30 гадоў у жанчын прадугледжана павелічэнне пенсіі на 1% сярэднямесячнага заробку, але не менш чым на 0,7% сярэдняй зарплаты работнікаў у краіне, якая прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заробку пенсіянера.

Сур’ёзных альтэрнатываў вырашэння праблем пенсійнай сістэмы, якія дазволілі б пазбегнуць павышэння пенсійнага ўзросту, у Беларусі не праглядаецца. Аднак варыянты ўсё ж такі ёсць. Праўда, павелічэнне пенсійнага ўзросту першы з іх.

Як мінімум трэба павялічыць пенсійны ўзрост для жанчын

Яшчэ ў 2011 годзе пачаць рэформы пенсійнай сістэмы рэкамендаваў Сусветны банк. Сярод іншага прапаноўвалася да 2020 года паступова павысіць пенсійны ўзрост жанчын да 60 гадоў, да 2026-га – давесці пенсійны ўзрост мужчын і жанчын да 63 гадоў, а да 2030-га – да 65 гадоў.

Анастасія Баброва адзначае, што для павелічэння пенсійнага ўзросту трэба браць пад увагу працягласць жыцця, якая ў Беларусі ніжэй, чым у развітых краінах. – Такім чынам, гэта можа з’яўляцца арыенцірам на доўгатэрміновую перспектыву.

Іншая справа дыферэнцыяцыя пенсіённага ўзросту па полу. У сярэднім жанчыны жывуць пасля выхаду на пенсію 25 гадоў, а мужчыны 15. Пры ліквідацыі розніцы паміж пенсійным узростам жанчыны будуць працягваць жыць даўжэй мужчын на 6 гадоў, – адзначае эксперт. Згодна з прагнозам, выраўноўванне пенсіённага ўзросту да 60 гадоў для абодвух палоў прыкметна скароціць долю пенсіянераў і знізіць нагрузку на працаздольнае насельніцтва.

Дынаміка дэмаграфічнай нагрузкі без змены пенсіённага ўзросту і з улікам яго росту за перыяд 2014-2051 гг.
Дынаміка дэмаграфічнай нагрузкі без змены пенсіённага ўзросту і з улікам яго росту за перыяд 2014-2051 гг.

Дэмограф звяртае ўвагу на тое, што, па дадзеных статыстыкі, пасля выхаду на пенсію працягвае працаваць 24% пенсіянераў. З улікам нізкага пенсіённага ўзросту і высокага паказчыка ўдзелу пенсіянераў на рынку працы павышэнне пенсіённага ўзросту будзе спрыяць паслаблення фінансавай нагрузкі на пенсійную сістэму ў будучыні.

Паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту павялічыць колькасць плацельшчыкаў пенсій і скароціць колькасць атрымальнікаў.

Не узростам адзіным

У Беларусі вельмі шмат людзей выходзяць на пенсію датэрмінова. І адна справа, калі гаворка ідзе пра прадстаўнікоў такіх прафесій, якія звязаны з асаблівымі ўмовамі працы (вугальная, металургічная, хімічная прамысловасць). У 45 гадоў сыходзяць на пенсію вайскоўцы, ёсць датэрміновы выхад на падставе педагагічнага стажу.

Беларускія дэмографы прапануюць стварыць сістэму пераатэстацыі працоўных месцаў па празрыстай і зразумелай для ўсіх удзельнікаў працэдуры. Сусветны банк прапаноўваў замяніць індэксацыю пенсій у сувязі з ростам заработнай платы на індэксацыю ў сувязі з ростам коштаў, знізіць стаўкі узносаў і ўвесці ўмоўна-назапашвальныя рахункі. Айчынныя спецыялісты з гэтым згодныя.

Анастасія Баброва адзначае, што прымальным можа стаць стварэнне добраахвотнай пенсійнай сістэмы, унёскі у якую плаціць сам работнік. Пры гэтым ён мае права выхаду з сістэмы па заяве. Аднак развіццё такой сістэмы патрабуе ўдасканалення дзейнасці накапляльных інстытутаў.

– Тут патрэбна сур’ёзная прапрацоўка пытання і ацэнка ступені гатоўнасці як з эканамічнага, адміністрацыйнага, так і з сацыяльнага і псіхалагічнага пункту гледжання. Неабходна развіваць фондавы рынак, каб арганізацыі, якія акумулююць пенсійныя ўзносы, маглі эфектыўна іх інвеставаць, – сказала Анастасія Баброва.

Для гэтага неабходная таксама макраэканамічная стабільнасць, што зараз з’яўляецца вельмі праблематычным, адзначыў у каментары “Заўтра тваёй краіны” эканаміст Антон Балточка: – Даўно ўжо зразумела, што пенсійную сістэму Беларусі чакаюць не лепшыя часы. У бюджэт дзяржавы закладваюцца сродкі для папаўнення бюджэту Фонду сацыяльнай абароны.

Між тым цяпер Беларусі відавочна не да пенсійнай рэформы, «калі трэба вырашаць бягучыя праблемы, тушыць пажар», таму пенсійны ўзрост і павялічваецца з дапамогай павелічэння працягласці перыяду працы, адзначае эканаміст. – Думаю, праблем з пенсіямі нам не пазбегнуць, – прагназуе Антон Балточка. – Напрыклад, іх перастануць індэксаваць. Зараз улады вырашаюць складаныя бягучыя эканамічныя праблемы. І гэта правільна: спачатку тушым пажар, а затым мяняем вокны.

Пытанне ў тым, ці надоўга зацягнецца працэс. Але думаць аб пенсійнай рэформе, па словах эксперта, неабходна адназначна ўжо цяпер, прычым не зацыклівацца толькі на павелічэнні пенсійнага ўзросту. Неабходна паступовае ўвядзенне назапашвальнай сістэмы, а гэта працэс працяглы.

Даведка «Заўтра тваёй краіны»

Пенсійны ўзрост у Казахстане і Таджыкістане складае 63 гады для мужчын і 57 гадоў для жанчын, у Літве 62,5 і 60 адпаведна, у Латвіі – 65 для абодвух палоў. У ЗША, Японіі, Канадзе, Германіі і многіх іншых краінах Заходняй Еўропы ўзрост выхаду на пенсію дасягнуў 65 гадоў.

Крыніца: http://zautra.by/