Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Удзельнік курса “Наш радавод” у 2016-2017 гг. Аляксандр Рамановіч (на здымку) дзеліцца ўспамінамі пра дзядзьку з загадкавім лёсам.

Напішу яшчэ адзін аповед пра аднаго вельмі цікавага і незвычайнага чалавека з мясцін майго дзяцінства.

У той час, як мне здаецца, яму было пріблізна гадоў 70, калі не больш. А імя яго Ілля. Яго ведалі шмат у якіх вёсках, бо ён вандраваў і заходзіў у даволі далёкія вёскі. Прозвішча яго можа хто і ведаў, цяпер цяжка сказаць. Усёй акрузе ён быў вядомы як Ілля, зрэдку бывала яшчэ дадавалі — Залесянскі, але гэта не прозвішча. Аднойчы, калі я быў малы, я запытаўся пра яго ў дзеда. Дзед сказаў, што Ілюша нарадзіўся ў вёсцы Залесяны, таму некаторыя называюць яго Ілюша Залесянскі. А вёска Залесяны знаходзіцца ў трох кіламетрах ад маёй вёскі Стральцы. І ў яго нічога няма: ні хаты, ні сям’і, ні родных, аніякага прыстанішча. Як бы ёсць сястра, але яна невядома дзе ў Расіі.

Мне здаецца, што дзед больш распавядаў, але на жаль годы шмат чаго сцерлі з маёй памяці. Так ён [Ілюша], наколькі я памятаю, вандраваў па шмат якіх вёсках, начаваў дзе давядзецца. А ў тыя часы, калі пусцяць чалавека начаваць, абавязкова яго накормяць.

Людзі яго па-рознаму ўспрымалі: многія лічылі яго ненармальным, што ні ўсё у яго з галавой добра, іншыя лічылі яго лодырам, таму ні пенсіі ў няго няма, таму і ходзіць па хатах.

Як мне ўзгадваецца, ён быў у адной адзежы – у ватніх штанах і вялікай ватняй куфайцы і зімой, і летам. У іншый адзежы я яго не памятаю. Людзі некаторыя яго пускалі начаваць, а некаторыя – не, хто як. Маі дзед з бабуляй абавязкова яго пускалі і давалі яму паесці і нават часта прапаноўвалі яму заставацца яшчэ колькі захоча начэй, але ён больш чым на дзве ночы не згаджаўся. Дзядуля і бабуля былі даволі набожныя, яны яго паважалі і з радасцю давалі яму прытулак і ежу. Але еў ён зусім мала, толькі першае —  суп, ад усяго іншага адмаўляўся, праўда, з супам еў шмат хлеба.

Я ўпотай, бывала, назіраў за ім як цікаўнае дзіця. За мае летнія канікулы (3 месяцы) ён прыходзіў да нас два разы, і ніколі больш, чым на дзве ночы. На мае зімовыя канікулы ён, як не кожны год, дык праз год 2 ночы начаваў у нас. Памятаю, увечары за некалькі дзён да Каляд (у праваслаўных 7 студзеня), а вечары ў гэтую пару доўгія, сядзімо мы на падлозе — дзед, бабуля, сястронка Надзейка і я, і лушчым вялізны ворах фасолі. Значыць, лушчым-лушчым, дзед адначасова распавядае нам, як даўней жылі людзі і ўсялякія цікавыя гісторыі, і праца, здаецца, ужо зусім не марудная, а нават прыемная. У гэты час у дзверы «грук-грук-грук», дзед крычіць: «Адчынена, заходзьце, калі ласка!». Адчыняецца дзвер, і ўваходзіць Ілюша. Прывітаўся з намі, убачыў, што мы сідзім на падлозе і лушчым фасоль. Папрасіў прабачэньня, і каб нам не перашкаджаць працаваць, хацеў ужо ісці назад, але дзед затрымаў яго, і кажа яму: «Добра, што прыйшоў, якраз тут дзеці, ты паспявай ім, і праца ў нас пойдзе хутчэй».

Ганна Георгиеўна і Хвёдар Раманавіч Рамановічы, бабуля і дзядуля Аляксандра, 1951 г.

Ілюша быў вельмі набожны і спяваў толькі царкоўныя і духоўныя песні, ведаў іх напамяць. Ілюша зняў шапку, стаў каля сцяны, выцягнуўся ў струну, рукі па швах, ну проста як вартавы жаўнер на пасту №1 каля маўзалея Леніна. Мне нават падалося, што ён быццам падрос і стаў нашмат вышэйшы і маладзейшы. І — заспяваў. Такого цудоўнага голаса і такіх цікавых песень я больш ніколі нідзе не чуў. Як кажуць, проста дрыжыкі па целу бегалі. І пакуль мы не перабралі ўсю фасолю, ён без перапынку спяваў і спяваў, і што дзіўна — такі стары, а колькі спяваў, столькі і стаяў па стойцы смірна, як той вартавы, задраўшы ўверх галаву. Раніцай, калі я прачнуўся, Ілюша ўжо сядзеў і нешта перапісваў. У яго была чарніліца «невылівайка», ручка са з’ёмным пяром, шмат сшыткаў і некалькі Святых кніг. Я ўпотай назіраў за ім, а потым спытаў, што ён піша целы дзень і навошта гэта яму? Цяпер я ўжо зразумеў, а тады не мог. І кажа ён: «Просяць людзі, якія вераць у Бога, каб я перапісаў ім ту ці іншую малітву, або песню. А кніг гэтых ні ў кога няма.»

Цяпер толькі я зразумеў, што ён не проста вандраваў — скітаўся па ўсіх вёсках, але займаўся духоўнай адукацыяй сялян, якія гэтага жадалі. Але, як вышэй гаворыцца, былі і такія, якія маглі пакрыўдзіць. На шчасце, такіх было можа некалькі чалавек-атэістаў на ўсю акругу. Быў выпадак, нехта кінуў у яго плечы ці то палку, ці то камень. Ілюша павярнуўся да таго хлопца, перахрысціў яго і далей пайшоў сваёй дарогай. Увесь свой скарб ён насіў з сабой на грудзях. Таму ён апранаў такую вялікую куфайку. Пакладзе ў торбу Святыя кнігі, сшыткі — і за пазуху на грудзі. Куфайку моцна-моцна падпярэжа дзягай, каб торба не спадала, і пайшоў далей.

Яшчэ я помню: перад тым, як з’есці міску супа з хлебам (а больш нічога не еў) — смірэнна станавіўся перад абразамі і вельмі доўга маліўся і маліўся. Еў ён толькі ў абед, раніцай і ўвечары не еў. Паабедаўшы, ізноў сядаў перапісваць кнігі і малітвы, і так ён пісаў з самага ранку і да ночы. Аднойчы я ціхенечка падыйшоў да яго ззаду паглядзець, што ён там піша. Я быў не проста здзіўлены, але я, як кажуць, абамлеў. Такога почырка я раней ніколі не бачыў! Я некалькі хвілін употай назіраў з-за яго плячыма, як ён піша. Ён кожную літару старана выводзіў прыгожымі выкрутасамі, да так уважліва, як быццам першакласнік на уроку чыстапісання. Перад тым, як легчы спаць, ён смірэнна станавіўся перад абразамі і бясконца маліўся. Аднойчы я хацеў дачакацца, калі ж гэта ён скончыць малітву і ляжа спаць. І пачаў вартаваць. Але не дачакаўся, бо заснуў. Прачнуўшыся раніцай, я пайшоў паглядзець, а ён сядзіць за сталом і піша, як быццам бы і не лажыўся спаць.  Хадзіў ён барадаты, але не вялікая барада, напэўна, абразаў яе нажніцамі. Перад ежай і сном абавязкова мыў рукі і твар. А вось астатняе цела дзе ён мыў, не ведаю. Думаю, што хадзіў на нашу Котру і дзе-небудзь у глушы вымываўся грунтоўна, бо ад яго ніколі не смярдзела, хоць і хадзіў у ватніках зімой і летам.

У тую пару быў мясцовы аўтобусны маршрут Азёры-Скідзель (туды і назад) 3-4 разы на дзень. Праходзіў ён не наўпрост, а праз шмат вёсак. І калі людзі ў аўтобусе ехалі і бачылі, што ідзе Ілюша, прасілі куроўцу спыніцца, каб падвезці яго, але Ілюша заўсёды адмаўляўся ехаць. Цікава, што калі людзі прасілі яго зайсці ў аўтобус і дарогай спяваць ім святыя песні, ён з радасцю і вельмі прыгожа гэта рабіў. Мне добра запомніўся такі выпадак: аднойчы я ехаў аўтобусам да бабулі, і толькі мы выехалі з Азёр, бачым — ідзе Ілюша. Людзі тут жа загаманілі: «Шафёрку, спыніся, спыніся, возьмем Ілюшу.» Але быў нейкі новы кіроўца са Скідзеля і адмовіўся спыніцца, маўляў, тут няма прыпынку. І толькі мы яго абагналі, яшчэ праехалі можа метраў з 200, і аўтобус наш раптам заглох. А Ілюша як ішоў, так і прайшоў, абмінаючы наш аўтобус. Доўга рамантавалі аўтобус, не памятаю, колькі часу, але калі я прыехаў і зайшоў да бабулі ў хату, Ілюша сядзеў за сталом і перапісваў Святыя кнігі. А з Азёр да Стральцоў, як ніяк, 9 км. Мяне гэты выпадак вельмі ўразіў. Як скончылася яго жыццё, на жаль не ведаю.

Аляксандр з бацькамі, 1957 г.

Пасля арміі я працаваў, канікул, вядома, не было. У выходныя часцей былі танцы-гулянцы. Як кажуць, справа маладая, не без гэтага. Зразумела, што ў вёску я стал прыязжаць значна радзей. Пра Ілюшу зусім забыўся. Але праз некалькі год спытаў у бабулі з дзедам: «А дзе Ілюша? Даўно яго не бачыў. Ці заходзіць калі да вас?» Яны мне казалі наступнае: «Ілюшу ніхто не бачыў ужо можа гады 3-4, як ні больш. Адныя гавораць, што яго забралі ў псіхушку, другія — што ў дом састарэлых, трэці нешта выдумлялі.» Але ніхто дакладна не ведаў, таму і хадзілі самыя неверагодныя чуткі. Але дзед мне казаў, што Ілюша пару разоў скардзіўся яму, што бальшавікі хочуць яго забраць і што яго ловяць. Што адзін раз яго затрымалі на дарозе, але ён у іх надта прасіўся, каб не забіралі, і яны злітаваліся. Вось і ўсё.

P.S. З вышыні гэтага часу мне здаенцца, што у Ілюшы Залесянскага была нейкая царкоўна-духоўная адукацыя, а можа што-небудзь і больш. Але гэта ўжо назаўжды застанецца таямніцай.

Яшчэ запісы