Якім чынам праз адукацыю можна палепшыць якасць жыцця сталых людзей, а таксама павысіць іх удзел у жыцці грамадства? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі Летняй Школы “Універсітэту Залатога Веку”, якая працавала з 6 да 10 жніўня.

Удзел у працы Школы бралі 29 чалавек з розных рэгіёнаў краіны, а таксама госці з Літвы і Германіі.

Летняя школа УЗВ

Гэта арганізатары ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту і іншых адукацыйных пляцовак для сталых людзей, сябры самакіраванняў такіх пляцовак, выкладчыкі, якія праводзяць заняткі для сталых, а таксама людзі, якія толькі плануюць арганізаваць навучанне для тых, хто выйшаў на пенсію.

Летняя школа

У першай частцы Школы ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй руху ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту, рознымі мадэлямі (брытанскай, французкай, кітайскай, амерыканскай і інш.) функцыянавання такіх універсітэтаў, прыкладамі іх працы ў Польшчы, Літве, Украіне, Беларусі.

Асаблівая ўвага надавалася дыскусіі пра мэты заснавання ўніверсітэтаў, пра тое, што павінна быць першасным: інтэлектуальнае развіццё і самарэалізацыя сталых людзей, іх рэсацыялізацыя, павышэнне іх удзелу ў жыцці грамадства, пра тое, ці можна адначасова дасягаць усе гэтыя мэты.

kireeu vystupaem

Вялікі інтарэс у ўдзельнікаў Школы выклікалі практычныя прыклады, звязаныя з арганізацыяй дзейнасці першага ў Беларусі гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”: прынцыпы, на якіх базуецца праца УЗВ, як набіраюцца слухачы, як арганізаваная праца з выкладчыкамі, як працуе самакіраванне, якім чынам забяспечваецца сацыяльная актывізацыя навучэнцаў УЗВ, дыялог паміж пакаленнямі і г.д.

pracujem

Затым удзельнікі Школы ў некалькіх групах распрацоўвалі канцэпцыі стварэння альбо развіцця ўласных адукацыйных пляцовак для сталых людзей.

utu-asacyjacyji

Увечары першага і другога дня працы Школы адбываліся прэзентацыі дзейнасці яе ўдзельнікаў.

guliajem

Дзякуючы гэтаму блоку ў праграме Школе можна было пазнаёміцца з працай  Клуба ЮНЭСКА «50+Драйв» і Мінскага гарадскога Універсітэту трэцяга ўзросту, тым, як працуюць з былымі малагадовымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў сябры грамадскага аб’яднання «Магілёўскі гарадскі дабрачынны фонд «Медыцына і Чарнобыль», як арганізуе працу з валанцёрамі грамадскае аб’яднанне “Хэсэд-Рахамім”.

pasvedchanni

Другая частка Школы была прысвечана метадам і ацэнцы эфектыўнасці навучання ў межах адукацыйных пляцовак для сталых людзей.

Пасля знаёмства, у час якога кожны ўдзельнік меў магчымасць размаляваць і прэзентаваць каменьчык, распавесці пра сябе і свой досвед працы са сталымі людзьмі, была арганізаваная дыскусія пра прынцыпы навучання сталых людзей.

kamiani

Гаворка пайшла пра такія прынцыпы, як дабраахвотнасць навучання, улік матывацыі навучэнцаў, тэмпу навучання, індывідуальных асаблівасцяў навучэнцаў і г.д.

Наступная частка працы Школы была прысвечаная планаванню адукацыйных праграм для сталых людзей. У прыватнасці, удзельнікам Школы была прадстаўлена схема педагагічнага ўзаемадзеяння Вольфа Дзітрыха Вэблера, паводле якой плануецца і ацэньваецца навучанне ў межах “Універсітэту Залатога Веку”.

Прыгожым фінішам працы трэцяга дня Школы стала вандроўка да муроў Сынкавіцкай царквы.

na ekskursii

Удзельнікі Школы пазнаёміліся тут не толькі з адным з самых адметных помнікаў гісторыі і архітэктуры ў Беларусі, але і з тым, у якой форме могуць адбывацца заняткі для сталых людзей па вывучэнні гісторыі свайго краю.

kalia carkvy use

Здарылася гэта дзякуючы майстар-класу у выкананні Віктара Кірэева, вядучага секцыі “Падарожжы ў часе і прасторы”, якая працуе пры УЗВ.

kalia carkvy

Чацьвёрты дзень працы Школы амаль цалкам быў прысвечаны абмену досведам працы. У гэты дзень удзельнікі мелі магчымасць наведаць шэсць розных майстар-класаў.

Так, Марына Мацулевіч падзялілася сваім досведам арганізацыі інтэлектуальна-творчых гульняў для дарослых.

m-k maryny maculevich

Святлана Маршак захапіла ўвагу аўдыторыі знаёмствам з працэсам старэння, заснаваным на перыядызацыі Балтэнка, прыкладамі працы “Хэсэд-Рахамім” са сталымі валанцёрамі і іх падапечнымі.

majstar klas sviatlany marshak

Ірына Новік (вядучая секцыі гарадзенскага УЗВ “Мода, стыль і прыгажосць”) за паўтары гадзіны працы паказала цэлы шэраг метадаў, якія працуюць на павышэнне самаацэнкі і развіццё патэнцыялу сталых людзей, развіццё эстэтычнага густу.

m-k iryny

Наталля Кавалёва з Віцебску падзялілася досведам арганізацыі псіхалагічнай гасцёўні для сталых людзей.

m-k natasha

Пра тое, што вывучаць замежную мову можна цікава і весела, прадэманстравала Ганка Барадзіна (на здымку ніжэй злева), вядучая секцыі ангельскай мовы ў гарадзенскім УЗВ.

Ганка Барадзіна

Сапраўдны фурор зрабіў майстар-клас “Вячоркі альбо спяваем па-нашаму”.

tancujem

Вера Кунцэвіч за кароткі час прадэманстравала багаццё песеннай культуры на Гарадзеншчыне, навучыла спяваць некалькі песень, гуляць у “Падушачку”.

tauchem piachem

Не дзіва, што пасля такіх змястоўных майстар-класаў удзельнікі некалькі гадзін абмяркоўвалі іх з выкарыстаннем прапанаванай ім схемы рэфлексіі, дзяліліся сваімі высновамі і прапановамі адносна таго, як можна было б зрабіць кожны з майстар-класаў яшчэ больш эфектыўным.

pazhadanni

Заключны дзень працы Летняй Школы быў прысвечаны ацэнцы эфектыўнасці навучання.

razmova

Удзельнікі пазнаёміліся з таксаноміяй Блума, якую можна выкарыстоўваць як для вызначэння мэтаў навучання, так і для ацэнкі эфектыўнасці навучальнага працэсу.

Кіраўнікі гарадзенскага УЗВ прадставілі таксама мадэль Кіркпатрыка, якую яны выкарыстоўваюць пры ацэнцы эфектыўнасці навучання ў межах “Універсітэту Залатога Веку”.

prezentacyja

Карысным, з пункту гледжання ўдзельнікаў Школы, быў блок, у час якога кожны з удзельнікаў меў магчымасць распрацаваць модуль працы секцыі для сталых людзей (мэта, удзельнікі, вынікі, план, рэсурсы і г.д.) і атрымаць зваротную сувязь на сваю працу.

praca u grupah

Такім чынам былі напісаныя і абмеркаваныя каля 20 модуляў, многія з якіх ужо праз некалькі месяцаў пачнуць выкарыстоўвацца на практыцы.

praca u gr.

Такога кшталту Летняя Школа была арганізаваная ў Беларусі ўпершыню.

Кажа Лана Руднік, кіраўніца праграмы “Універсітэт Залатога Веку”:

Лана Руднік, кіраўніца УЗВ

— «Гэта былі 5 дзён пазітыву, ведаў і адкрыцця новых гарызонтаў. Калі ў адным месцы, адначасова збіраюцца спецыялісты, якія працуюць у адной сферы – адукацыі сталых людзей, паверце, ім ёсць пра што паразмаўляць і ёсць што абмеркаваць. Кожная хвіліна гэтых дзён была занятая змястоўнымі размовамі.

lialki-abmerkavanne

Праяўлены інтарэс да ўдзелу ў школе (нягледзячы на летні сезон адпачынкаў было вельмі шмат заявак) паказаў вялікую патрэбу ў прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія працуюць са сталымі людзьмі, у павышэнні кваліфікацыі, у абмене досведам. Мне вельмі шкада, што мы змаглі задаволіць патрэбы толькі невялікай колькасці ахвотных людзей.

Хацелася б у будучым праводзіць такія мерапрыемствы для большай колькасці людзей. Яны павінны мець міжнародны фармат, каб была магчымасць запрасіць яшчэ большую колькасць  яркіх выкладчыкаў, экспертаў, якія маглі б падзяліцца сваімі ведамі, правесці свае майстар-класы.

У маёй галаве ўжо спее ідэя вялікага  міжнароднага Фэсту па адукацыі сталых людзей, на які можна сабраць спецыялістаў з Украіны, Польшчы, Літвы, Беларусі, Малдовы. Гэтае мерапрыемства можа стаць сапраўдным святам майстэрства і абмене досведам…»

agulnaja

Арганізатары Летняй Школы плануюць ладзіць падобныя мерапрыемствы па абмене досведам і надалей. Ужо вясной у Гродне мае адбыцца другая міжнароднай канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей.

agulnaja kalia forte

У лістападзе альбо снежні бягучага года тры чалавекі з іншых гарадоў Беларусі будуць запрошаныя на тыднёвую стажыроўку ў межах праграмы “Універсітэт Залатога Веку”.

У наступным годзе таксама павінен убачыць свет дапаможнік “Універсітэт Залатога Веку: як гэта робім мы”, у якім будзе апісаны пяцігадовы досвед рэалізацыі праграмы УЗВ ў Гродне.

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі Таццяны Баленда, Ірыны Новік, Вітаўта Рудніка, Наталлі Святкінай, Ланы Руднік

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.