Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Валанцёры Цэнтру міжпакаленчага паразумення разам з кінаклубам “Універсітэту Залатога Веку” зладзілі першы міжпакаленчы паказ фільма “Human” з абмеркаваннем.

Дакументальны фільм французскага рэжысёра Яна Арцю-Бертранда “Human” (Чалавек) быў нездарма абраны для паказа 13 снежня. Героі фільма – простыя людзі з розных краінаў свету адказваюць на адвечныя філасофскія пытанні: “Што такое шчасце?”, “Як выжыць на зямлі?”, “Што рабіць з дзецьмі-інвалідамі?”, “Навошта людзі эмігруюць?”, “У чым сэнс жыцця?”. Іх глыбокія і кранальныя адказы перамяжаюцца з неверагоднай прыгажосці сцэнамі нашай Зямлі, і дазваляюць нам задумацца пра сэнс свайго існавання і будучыню Сусвету, зразумець, што многія нашы праблемы – надуманыя і неістотныя ў параўнанні з тым, што мы бачым на экране.

Моладзь і сталыя людзі, якія засталіся на амберкаванне фільма, разам заўважылі, што вельмі шмат залежыць ад тых абставінаў, у якіх мы нарадзіліся, і яны змяняюцца з часам. Ва ўсіх нас, незалежна ад нацыянальнасці, полу ці ўзросту, ёсць агульнае, чалавечае, і таксама тое, што робіць нас унікальнымі.

Адзін з гледачоў прыгожа назваў фільм “малітвай усяго чалавецтва”, якое просіць аб лепшым жыцці і паразуменні.

Human2

Выдатная цытата з фільма, якая сімвалічна падкрэсліла сэнс паказу, прагучала ад хлопца з Бразіліі:

“Сэнс нашага жыцця ў тым, каб захаваць пасланне ад сябе-дзіцяці і данесці яго да сябе-сталага”.

Арганізатары паказалі толькі трэцюю, апошнюю частку фільма, але натхнёныя і ўражаныя гледачы прапанавалі прагледзець і абмеркаваць таксама першыя дзве часткі. Навіны пра наступныя паказы чытайце на сайце “Універсітэту Залатога Веку” і ў сацыяльных сетках.