Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Успамінамі пра сваіх бабулю і дзядулю дзеліцца Валерый Дзенісевіч, слухач курса “Наш радавод” у 2016-2017 гг.

Мой прадзед Рыгор з Сухінічаў прыйшоў у прымакі да маёй прабабкі Пелагеі Міхайлаўны ў в. Сарочыцы. У прабабкі была добрая гаспадарка, бацькі памёрлі, і яна жыла з братам. Брат быў нежанаты, з якой нагоды не жаніўся, не ведаю. Таму гаспадаркай кіравала Пелагея. Па аповедам аднавяскоўцаў, яна і была паўнапраўнай гаспадыняй і пры мужы. Акрамя працоўных каней, у гаспадарцы былі і выязны конь, і зімовыя і летнія брычкі, на якіх ездзілі на ярмаркі і кірмашы. У іх нарадзіўся сын Аляксандр, адзінае дзіця, таму ён і атрымаў усю пяшчоту і ласку. Яму далі адукацыю, якую яны маглі даць у той час. Ён навучаўся ў гродзенскай гімназіі, потым служыў у Войску Польскім, дзе ён атрымаў вайсковы чын, які, я пакуль не ведаю. Праз гэты факт яго лёс склаўся трагічна. Але аб гэтым потым. А пакуль жіццё працягвалася як бы шчасліва.

Недзе пасля 1920 гадоў у вёску часта наведваўся ляснічы пана Сапегі і сваяк аднавяскоўцаў Серокаў. У яго было дзве дачкі, Маня і Ганна. Дзяўчаты былі як на той час прыгожыя, дзябёлыя ды статныя. Маня не мела добрай адукацыі, у адрозненні ад Ганны, якая атрымала адукацыю ў Пецярбурзе. Я не ведаю, ці была там любоў, ці проста вырашыўся лёс маладых людзей па воле бацькоў (што болей верагодна), але так здарылася, што Аляксандр і Ганна пабраліся шлюбам. Гаспадарка была вялікая, працы шмат. Пайшлі дзеці. Мой бацька Мікалай нарадзіўся ў верасні 1929 года, затым цётка Зоя ў 1932 годзе, а апошнім дзядзька Аляксей 1.01.39г. Недзе ў сярдзіне 30-х гадоў бабуля Ганна, якая працавала з коньмі з механічным манежам (механізм, які дзейнічаў ад каня, які хадзіў па коле), была зацягнута ў механізм і атрымала пераломы дзвюх ног. Мой дзед адвёз яе ў Гродна, дзе на той час доктар Нічыпарук ёй управіў косці ног, і яна змагла да сваёй смерці хадзіць на сваіх нагах без кастылёў і без палачкі. Толькі нанач яна мазала ногі скіпідарам, і гэты пах я помню з дзяцінства.

Надпіс на фотаздымку: “Сябру Івану ад Мані на доўгую і вечную памяць. Гродна, 8 верасня 1940 г.”

Жыццё бабулі і дзядулі склалася вельмі драматычна. У 1940 годзе дзеда Аляксандра арыштавалі. Паводле адных аповедаў, у сувязі з тым, што савецкая ўлада, якая з’явілася ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе загадала падаць колькасць зямлі, якой валодалі людзі. На сходзе вяскоўцы вырашылі падаць тую колькасць, якую падавалі за польскім часам. Але прадстаўнікі савецкай улады ўзялі мернік і перамерылі. Тыя, у каго апынулася больш зямлі, чым было падана, адтрымалі ад трох да пяці гадоў лагероў. Па іншай версіі, ён быў арыштаваны як былы падафіцэр ці афіцер Войска Польскага. Бо, як гавораць сведкі, яго вялі пад наглядам вайскоўцаў з вінтоўкамі з прымкнутымі штыкамі.

Як бы там ні было, але дзеда забралі і адправілі пілаваць лес лобзікам у Архангельскую вобласць. З лагера яго забралі ізноў у Войска Польскае, ужо ў дывізію імя Тадэвуша Касцюшкі. Там ён быў ад’ютантам камандзіра палка. Камандзір палка быў жыхаром Кіева. Пасля вайны яны сустракаліся, перапісваліся. У складзе Войска Польскага дзед дайшоў да Берліна, але на гэтым яго вайна не скончылася. Ён апынуўся ў Польшчы для дапамогі адрадження войска Рэспублікі Польскай, і толькі ў 1949 годзе вернуўся дамоў. Доўгія 9 гадоў цягнулася дарога дадому. У лясах яшчэ знаходзіліся «лясныя браты», а ў вёсках людзей зганялі ў калгасы.

Аднойчы ў вёску прыехаў упаўнаважаны з Скідзеля для арганізацыі калгаса. Сход праходзіў у вясковай школе, дзеда назначылі сакратаром схода. У прэзідыуме на стале гарэла лямпа. У час сходу праз вакно прагучаў стрэл, быў паранены ўпаўнаважаны. Дзед скінуў лямпу са стала, чым прадухіліў далейшыя стрэльбы, але пасля гэтага некалькі начэй баяўся начаваць дома. У калгасе быў брыгадзірам, а пасля старшынёй рэвізійнай камісіі, сакратаром сялянскай рады. Калі арганізоўваўся Мастоўскі раён, яму прапанавалі пасаду старшыні райвыканкама, але адбыўшы срок у лагерах ГУЛАГа, дзед ад пасады адмовіўся, чым потым папракала яго мая маці. Будучы пісьменным чалавекам, пасля вайны дзед дапамагаў людзям з усёй акругі адшукваць родных, якія ў часы Польшчы з’ехалі ў Амерыку, шмат каму дапамог.

Пакуль дзед вандраваў па свеце, бабуля заставалася са свёкрам і свякрухай і з децьмі, вяла гаспадарку. Старыя, сама з хворымі нагамі, малыя дзеці і вялікая гаспадарка — усё патрабуе дагляда. Дзе браць сілы? Тады на дапамогу ў вёску да бабулі  прадзед Павал прыслаў сына Валодзьку, бабінага брата. Бо цяжкае становішча было ў горадзе і ў яго. Бабін брат Уладзімір скончыў гродзенскую гімназію і добра валодаў нямецкай мовай.

Калі пачалася вайна, да немцаў дайшлі чуткі, што ён валодае нямецкай мовай, і яго забралі перакладчыкам у нямецкую камендатуру ў вёске Дубна. Малады чалавек закахаўся ў дзяўчыну з вёскі Княжаводцы. Гетыя вёскі знаходзіліся непадалёк адна ад адной. У Княжаводцах да вайны знаходзіўся вайсковы запасны аэрадром. Пасля пачатку вайны ён быў хутка пакінуты, і шмат зброі засталося безгаспадарчай. Гаспадары хутка знайшліся. Частка зброі была перададзена партызанам патызанскага атрада “Булака” ў Ліпічанскую пушчу, а частка засталася ў жыхароў вёскі. Па сведках людзей, на святы ці на вяселле падпітыя гаспадары зброі стралялі ў паветра, што нервавала гарнізон немцаў у Лунна, а пасля падрыву дзвух цягнікоў насупраць вёскі немцы абкружылі на досвітку 1943 года вёску Княжаводцы, і жыхароў сагналі на бераг Нёмана, дзе прымусілі мужчын выкапаць брацкую магілу. Частка людзей у гэты час кінулася ў раку, спрабуючы пераплыць на другі бераг. Мала ў каго гэта атрымалася. Большасць была забіта ці паранена ў вадзе і патанула. У ліку сагнаных на казнь была і каханая Валодзі, бабінага брата. Калі ён даведаўся аб тым, што Княжаводцы і яго каханая асуджаны на смерць, ён кінуўся на паратунак, але ні яго, ні каго-небудзь іншага (бо шмат родзічаў дубенскіх і з бліжэйшых вёсак было ў асуджанай вёсцы) немцы не пусцілі. Так было загублена першае каханне. Дзед Уладзімір, будучы перакладчыкам у камендатуры, папярэджваў людзей , якім было наканавана быць арыштаванымі за сувязь з партызанамі і за іншадумства. Я знаў тых людзей, якіх выратаваў брат маёй бабулі, і я з імі размаўляў.

Потым яго перавялі ў Каменку, гэта дзесьці 6 км праз лес і балота ад нашай вёскі. Гэта быў канец 1943 —  пачатак 1944 года, у гэты час у нашых лясах з’явіліся партызаны з Усходу. Яны прыйшлі да бабулі з ультыматумам: «Ідзі ў Каменку да брата, каб ён стаў супрацоўнічаць з партызанамі». У выпадку адмовы з яе боку ці з боку яе брата паграджалі смерцю сям’і, дзяцей, яе і свёкра са свякрухай. Дзед Валодзя даў згоду і да вызвалення ад нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з партызанамі. У час яго працы ў Каменцы прыбіральшчыцай працавала адна дзяўчына, якая закахалася ў дзеда Уладзіміра, але якой ён не адказваў узаемнасцю. Пасля вызвалення Уладзіміра забралі ў Савецкую (Радзецкую) армію. Вайну ён скончыў у Кёнігзбергу. Але пасля дэмабілізацыі прыехаўшы на радзіму ён сустрэў былую прыбіральшчыцу, якая ўжо была працаўніком выканкама. Яна як і раней патрабавала ад яго ўзаемнасці, інакш яна данясе на яго ў КДБ. Ён адмовіўся і быў арыштаваны і асуджаны на 20 гадоў лагероў. Сувязны і камандзір разведкі, з якімі ён кантактаваў падчас вайны, загінулі, іншых сведкаў не засталося, і ён да 1956 года быў у Казахстане ў лагеры. Тут былі сабраны вязні, якія добра валодалі нямецкай мовай і займаліся перакладам трафейных нямецкіх дакументаў.

Пра перадваенны і ваенны час ні бабуля, ні дзядуля ніколі не апавядалі. Аб тым, што дзед быў арыштаваны і асуджаны, я даведаўся даволі позна, у канцы 80-х ці пачатку 90-х гадоў ад аднавяскоўца Паўла Мухі (вясковае прозвішча Кошка). Ён мяне заўсёды пры сустрэчы называў не інакш як пан Дзенісевіч, ад чаго я крыўдзіўся, а ён смяяўся. Я быў здіўлены, што аб арышце свайго бацькі даведаўся ад мяне мой дзядька Алёша.

Узгадваючы бабулю і дзядулю, я памятаю іх чалавечнымі, добразычлівымі, негледзячы на тое, што жыццё іх было нялёгкім.

Яшчэ запісы