Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

8 лістапада студэнты УЗВ мелі магчымасць удзелу ў вечарыне “О Беларусь мая, праз боль пякучы граць табе…”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння Наталлі Арсенневай.

Імпрэза была падрыхтавана і праведзена Алай Петрушкевіч – вядомай паэткай і літаратуразнаўцам, аўтаркай кнігі “Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі”.

Паэзія Наталлі Арсенневай не толькі слухаецца, але і спяваецца: бард Алесь Закрэўскі напісаў песню “Вечар неба хварбуе ў гарачыя тоны…” на словы паэткі.

Дзмітрый Даўгаполік са сваімі сябрамі адмыслова прадставіў духоўную паэзію праз верш “І была там вясна…”, а таксама спеў а капэлла “Радуйся, Марыя”.

 

Прафесар Аляксей Пяткевіч выступіў са словам пра паэтку і прачытаў верш “Калі на захадзе знікае чырвонае полымя…”.

 

У праграме прагучалі таксама песні з рэпертуару Данчыка (Багдана Андрусішына), маці якога была блізкай сяброўкай Наталлі Арсенневай: “Хатка па-над рэчкаю” і “Толькі ўчора” у выкананні трыа УЗВ і спявачкі Ірыны Мамуль.

Наталля Арсеннева таксама вядомая як перакладчыца на беларускую, яна валодала польскай, нямецкай і ангельскай мовамі. Мы пачулі ўступ да паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на польскай і беларускай мовах, а таксама знакамітую калядку “Ціхая ноч” на беларускай.

Апафеозам праграмы стаў самы знакаміты твор Наталлі Арсенневай – гімн “Магутны Божа” у выкананні хора “УЗВышша”.

Болей фотаздымкаў з вечарыны можна паглядзець па спасылцы.

 

Яшчэ запісы