Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Падчас сустрэчы з Рычардам Бялячыцам, якая адбылася ў аўторак, 10 красавіка, у Гарадзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Макаёнка, паэт прачытаў два вершы, адзін з якіх прысвечаны Універсітэту Залатога Веку, другі – слухачцы УЗВ Беаце Барась.

Абодва вершы былі напісаныя паэтам пасля сустрэчы са студэнтамі УЗВ, якая прайшла ў студзені 2018 у межах курса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах”, які вядзе Ала Петрушкевіч.

Паэт адзначыў, што падчас сустрэчы вельмі натхніўся слухачамі УЗВ – іх адносінамі да жыцця, энергіяй, цяплом, што і натхніла яго да напісання верша.

Век залаты

Гараднічанка манашкай,

Твар затуліўшы, цякла.

Вочы ваколіцы нашай

З неба чакалі святла.

Век залаты.

І ніякай

Драмы ў прыгожым жыцці.

Людзі з усмешкаю мяккай

Меліся вось-вось прыйсці.

Ціха ў чаканні паселі

Добрых са свету навін.

Нібы ў высокім  касцеле

Светлыя ўсе

Як адзін.

Іх каля Замка чакалі

І па-за Нёмнам ужо,

Каля Нясвіжа

І каля

Ясных святых вітражоў.

Век залаты…

Ён калоссем

Пах,

І ты побач ішла.

Зведаць і мне давялося

Час той

Узмахам крыла.

Мілы, шляхетны і годны –

Цешся, дзівіся, смакуй –

Век залаты

Па Гародні

З сонцам ідзе пад руку.

Верш, які прысвечаны Беаце Барась,  паэт напісаў як падзяку за пераклад ягонага верша “Студзень” на польскую мову, які зрабіла спадарыня Беата, слухачка УЗВ, ураджэнка Польчшы і выкладчыца польскай мовы. Пераклад слухачка прадставіла падчас студзеньскай сустрэчы.

 

Мой грэх

                 Беаце Барась

Яшчэ не пахнулі вясной

Пад снегам стомленыя далі,

А Вы, напісанае мной,

Па-польску хораша чыталі.

Пагляд туманіла сляза

Адна на ўсіх,

Адначасова.

Як позна, позна я сказаў

Для маці ўслых жывое слова.

Далонь у крыжа на плячы,

Яе ён скінуць быццам хоча.

Гады, як школьнік, палічыў,

А хто палічыць дні і ночы?

Ужо вятры па-за сцяной

Зямлі наводзілі прычоску.

А Вы, напісанае мной,

Чыталі хораша па-польску.

Апошні раз бялюткі снег

Усё павыправіў нібыта.

Аднак нявызнаны мой грэх

Як быццам Богам не забыты.

 

Падчас спаткання ў бібліятэцы пераклад верша на польскую мову прачытала выкладчыца польскай мовы ва УЗВ Вольга Галецка.

Рычард Бялячыц – паэт, з нядаўніх гадоў піша таксама прозу, краязнаўца. Нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Стаўбуры  Астравецкага раёна. З 1987 г. жыве ў Шчышынскім раёне.

Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады, друкавацца з 1979 г. Аўтар зборнікаў: “Сакавіцкае крыло”, “Прасветлінка”, “Міг выратавання”, “Вочы малітвы”, “Святлом і ценем”, паэмы “Бераг маўчання”, тапанімічнага аповеду «На радзіме Котры».

Яшчэ запісы