Як палепшыць жыццё сталых людзей праз інавацыі: вэбінар з амерыканскім экспертам

Як палепшыць жыццё сталых людзей праз інавацыі: вэбінар з амерыканскім экспертам

8 жніўня прадстаўніца «Універсітэта Залатога Веку» прыняла ўдзел у вэбінары «Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз сетку тэхналогій ды інавацый».

Стывен Джонстан, сузаснавальнік і дырэктар ініцыятывы Aging2.0, падчас вэбінара адказаў на чатыры пытанні:

  1. Што азначае Сталенне2.0 для сталых людзей?
  2. Як ініцыятыва Aging2.0 дапамагае пераўтвараць ідэі ва ўплыў?
  3. Якія існуюць прыклады стартапаў, створаных для сталых людзей?
  4. Як тэхналагічныя інавацыі могуць паўплываць на працяглы рост асяроддзяў, прыязных да сталых людзей?

Місія ініцыятывы Aging2.0 заключаецца ў падтрымцы інаватараў, якія бяруцца за найбольшыя выклікі і магчымасці ў сталым узросце. Яна працуе па мадэлі сацыяльнага прадтрымальніцтва, то бок зарабляе грошы, якія выдаткуе на карысць грамадства. На сённяшні дзень арганізацыя мае больш за 60 офісаў па ўсім свеце, супрацоўнічае з вялікімі кампаніямі (напрыклад, Google, P&G), ладзіць Глабальны конкурс стартапаў-праектаў для сталых людзей, а таксама нядаўна запусціла праект Aging2.0 Grand Challenges (Вялікія Выклікі Сталення2.0).

Каб вызначыць гэткія выклікі, прадстаўнікі ініцыятывы абралі самыя цікавыя тэмы з перспектывы сталых людзей і абралі сферы, ў якіх можна зрабіць змены пры дапамозе інавацый ды тэхналогій. У вызначэнні тэмаў ды сфераў уплыву паўдзельнічалі партнёры, офісы арганізацыі па ўсім свеце і, вядома, самі сталыя людзі.

Такім чынам, выйшла тры асноўныя тэматычныя раздзелы:

  • Сэрвіс і апека (каардынацыя апекі, персанал і аперацыі, кіраванне медыкаментамі, дастаўка сэрвісаў у аддаленыя рэгіёны)
  • Дастойнае жыццё (удзел у жыцці грамадства і пачуццё мэты, лад жыцця і штодзённае жыццё, мабільнасць і рух, жытло і супольнасць)
  • Новы погляд (фінансавая пісьменнасць і бяспека, догляд сталых сваякоў, ментальнае здароўе і дэменцыя, канец жыцця)

У прэзентацыі Сцівен таксама падзяліўся цікавымі прыкладамі інавацыйных тэхналогій, якія паляпшаюць жыццё сталых людзей: асобацэнтрычны дызайн, штучны інтэлект і кіраванне голасам, больш разумныя робаты, аплікацыі на планшэтах, новыя спосабы транспартацыі, аб’яднанне правайдараў сацыяльных паслугаў, caring sharing economy – новыя мадэлі жыцця, як напрыклад міжпакаленчае сацыяльнае жытло (калі студэнты жывуць па больш танных коштах у інтэрнатах разам са сталымі людзьмі), больш прызнання для тых, хто даглядае за сталымі сваякамі.

Як можна далучыцца да гэтай прагрэсіўнай ініцыятывы?

  • Стварыць мясцовы офіс у сваёй супольнасці
  • Пратэставаць адзін са стартапаў сярод сталых людзей у сваёй супольнасці
  • Абраць Мясцовага Старэйшыну (Chief Elder Officer) сярод сталых людзей (або некалькіх)
  • Прыдумаць інавацыю для сталых людзей!

Паглядзець прэзентацыю Сцівена Джонстана можна ніжэй:

Вэбінар быў зарганізаваны Міжнароднай федэрацыяй па сталенні (IFA) у рамках серыі сустрэч, прысвечаных Гарадам і супольнасцям, прыязным да сталых людзей. На папярэдніх вэбінарах прадстаўніца Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO) распавяла пра актуальны стан і планы на будучыню Глабальнай сеткі такіх гарадоў і супольнасцяў, затым японская экспертка патлумачыла асноўныя індыкатары прыязнасці да сталых людзей, а брытанскія калегі распавялі пра гарады і супольнасці, прыязня да людзей, што жывуць з дэменцыяй (Dementia-friendly cities and communities). Сачыце за навінамі і запісвайцеся на вэбінар (па-ангельску) на сайце Міжнароднай федэрацыі па сталенні.

Пакінуць каментар

Ваш эмэйл не будзе паказаны.