Падтрымаць насКронікаСувязь з намі55+ News

Штогод ва “Універсітэце Залатога Веку” у якасці валанцёраў працуе некалькі выкладчыкаў з-за мяжы. Але, бадай, самым незвычайным з іх з’яўляецца Гі Салаэн.

Гі з’явіўся ва УЗВ дзякуючы адной з першых нашых слухачак, а цяпер – выкладчыцы курса “Адкрыты паказ” Ларысе Гірас.

Спачатку проста наведваў некаторыя заняткі і інтэграцыйныя сустрэчы, а з нядаўняга часу стаў сам праводзіць заняткі клуба французскай мовы.

На інтэграцыйных імпрэзах УЗВ Гі часта апынаецца ў цэнтры ўвагі

Студэнты Гі ў захапленні – дзе яшчэ надарыцца магчымасць павучыцца ў носьбіта мовы, а тым больш – у былога афіцэра-падводніка!

Сам Гі ставіцца да вынікаў сваёй працы больш стрымана:

– Назва “Французскі клуб” гучыць крыху  прэтэнцыёзна – кажа ён.

Гэта не курс французскай мовы. Мы чытаем і абмяркоўваем асобныя тэксты, у тым ліку –  вершы, казкі, кароткія гісторыі, гутаркі. Часам гэта ўсё суправаджаецца музыкай і спевамі.

Нягледзячы на тое, што мае студэнты дагэтуль ужо два гады займаліся французскай мовай, толькі некаторыя з іх у стане добра зразумець сэнс невялікіх тэкстаў.

Гэта не здзіўляе, бо гаворка ідзе пра людзей ва ўзросце, якія не ходзяць сюды як у школу, каб атрымліваць адзнакі і здаваць іспыты.

… Я думаю, што ім неабходны такі педагагічны рытм: рэгулярна вяртацца да папярэдніх заняткаў, каб захоўваць у памяці словы і выразы.

Таму замест 30 новых заняткаў лепш правесці 15, на якіх будзе шмат паўтораў пройдзенага.

У нашым клубе мы вывучаем геаграфію Францыі, яе правінцыі і галоўныя гарады, кулінарыю, размаўляем пра эканоміку, гісторыю, вялікіх пісьменнікаў і вялікіх людзей.

Гэта найбольш карысна тым, хто едзе ў Францыю, каб убачыць сваіх дзяцей і унукаў, наладзіць з імі кантакт”.

Гі Салаэн разам са сваімі студэнткамі

Французскі клуб працягне сваю працу і ў другім семестры гэтага навучальнага года.

Яшчэ запісы